По улицам памяти. Рассказываем о деятельности Ивана Кореневского в годы Великой Отечественной войны

Общество По улицам памяти

Праект пад такой назвай ужо праходзіў на старонках “Патрыёта”, у ім мы расказвалі пра людзей, у гонар якіх названы вуліцы Ушаччыны. Аднак з таго часу мінула шмат часу і да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы вырашылі яшчэ раз нагадаць землякам пра герояў Вялікай Айчыннай – прозвішчы пераважна партызан і франтавікоў Аляксея Данукалава, Фёдара Дуброўскага, Івана Каранеўскага, Надзеі Касцючэнкі, Аніса Клопава, Уладзіміра Лабанка, Аляксандра Мамкіна, Уладзіміра Радзіёнава ўвекавечаны ў назвах нашых вуліц.

Кадравы ваенны

Іван Фёдаравіч Каранеўскі – наш, ушацкі, нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Усвея ў беднай сялянскай сям’і. Служыў у Чырвонай Арміі, а пасля заканчэння Ваеннай акадэміі – у кавалерыйскіх часцях на Далёкім Усходзе, у Кіеве, Петразаводску, у Беларусі. На вучэннях зваліўся з каня і быў дэмабілізаваны з войска па стане здароўя. З грамадзянскіх спецыяльнасцяў яму спадабалася праца настаўніка. Івана Фёдаравіча прызначылі дырэктарам школы, але хутка абралі другім сакратаром Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) райкама партыі. Прайшло крыху часу, і Каранеўскі ўжо першы сакратар Гарадоцкага райкама. Там яго і пакінулі ў пачатку вайны для падпольнай работы, а потым перавялі ў родны Ушацкі, дзе з 6 чэрвеня І.Каранеўскі прызначаецца першым сакратаром падпольнага райкама партыі.

У партызанах быў і яго брат Пётр з жонкай Надзеяй. Сям’я Івана Фёдаравіча была эвакуіравана пад Казань.

Нягледзячы на тое, што вуліца Каранеўскага прамая, яна самая заблытаная па нумарацыі. Адшукаць патрэбны адрас у мінулым стагоддзі было праблематычна, паколькі нават суседнія дамы адносіліся да розных адміністрацыйных адзінак. Пад нумарамі 1, як і 100 жылі гараджане – мяжа гарадскога пасёлка Ушачы, а вось у сярэдзіне правага боку ішла вёска Пралетарый. Ды і зараз, калі яна ўвайшла ў склад Ушач, разабрацца складана, паколькі нумарацыя дамоў захавалася і побач з №1 адразу 57.

Адстаялі хлеб

Лета 1942 года. Ва Ушачах яшчэ стаяць немцы – гарпасёлак быў вызвалены толькі восенню гэтага года. Але партызаны брыгады імя Чапаева, камісарам якой таксама быў І.Каранеўскі, не толькі збіраюць зброю, праводзяць аперацыі на чыгунках, мастах і дарогах. Летам гэтага года праз Суражскія вароты праз лінію фронту ў Чырвоную Армію былі накіраваны маладыя юнакі-добраахвотнікі. Не менш важнай аказалася для мясцовых жыхароў аперацыя па сабатажы здачы акупантам вырашчанага ўраджаю. Вельмі галодным выдаўся гэты год, паколькі ў 1941-м немцы забралі ўвесь пасеяны хлеб, пакінуўшы пад аховай толькі насенне. І дзякуючы падпольнай рабоце ў вёсках Ушацкага і Ветрынскага раёнаў, якія кантраляваліся партызанамі, удалося захаваць усё вырашчанае збожжа. Не адчулі недахопу ежы і атрады, якія прыйшлі ў раён вясной 1943 года.

Газеты, лістоўкі, зводкі Савецкага інфармбюро, вечары самадзейнасці, проста гутаркі – разнастайную форму работы з людзьмі выкарыстоўваў падпольны райкам партыі. І.Ф.Каранеўскі як кадравы ваенны падрыхтаваў шмат камандзіраў партызанскага руху. Ён быў адным з першых, хто ўдастоены ордэна Чырвонага Сцяга. Як прыгадваў пазней у сваёй кнізе “Партызаны прымаюць бой” У.Е.Лабанок, калі Івана Фёдаравіча віншавалі з узнагародай і пачалі “качаць”, ён спыніў таварышаў словамі: “Не час. Вы ж разумееце, што самае складанае яшчэ наперадзе”. Так, наперадзе была блакада і падпалкоўнік І.Каранеўскі знаходзіўся на пярэднім краі ўсе дні красавіцка-майскай аперацыі. Загінуў ён у гістарычны для Ушаччыны дзень – 4 мая, калі і пачаўся прарыў.

Вуліца Каранеўскага – самая працяглая з усіх пералічаных – даўжынёй у 1 кіламетр 400 метраў – і адна з самых старажытных. Менавіта за рэчкай раней знаходзіўся цэнтр Ушач з вежай, рынкам, царквой. Па Каранеўскага, як і па Школьнай, пралягала брукаванка, якая вяла да млына.

Адна са славутасцяў вуліцы, ды і гарпасёлка – гістарычны млын з чырвонай цэглы.

Дарэчы, летась сацсеткі пярэсцілі інфармацыяй аб тым, што яго ўзарвалі. Як бачыце, гэта няпраўда. Фэйк спецыяльна запусцілі, каб паказаць, што мясцовыя ўлады не клапоцяцца, а знішчаюць гістарычныя мясціны.

Надзея Губко:

“Зараз жыву па Каранеўскага, раней – па Данукалава. На ўроках пачатковай школы пэўны час выкладаўся прадмет “Ушачызнаўства”, матэрыял па ім быў сабраны самімі настаўнікамі. Знаёмілі дзяцей з гісторыяй развіцця прамысловасці, вуліцамі, расказвалі, дзе што знаходзілася, прычым наглядна. Напрыклад, калі ішлі на ААТ “Ушачы”, у народзе – мехустаноўка, па шляху расказвала і пра камісара брыгады Каранеўскага і камбрыга Данукалава. І зараз, зразумела, гэты матэрыял выкарыстоўваецца падчас інфармацыйных гадзін і напярэдадні знакавых дат.”

Уладзімір Зелянік:

“Ведаю не толькі камісара, у гонар якога названа мая вуліца, але і крыху яе гісторыю. Наш апошні дом пад нумарам 104 бацьку далі як работніку прамкамбіната, паколькі млын, на якім выпускалі муку і крупы, таксама адносіўся да гэтага прадпрыемства. Ён не толькі даваенны, а хутчэй за ўсё і дарэвалюцыйны, але выдатна захаваўся, паколькі належаў заможнаму памешчыку і зроблены з вялікіх моцных бярвенняў. На маёй памяці яшчэ стаялі стайні пана, якога рэпрэсіравалі ў пачатку мінулага стагоддзя. Вельмі добрая, выпрацаваная тут і зямля.”

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *