Мемарыяльны комплекс “Прарыў” – наша святыня, і прыемна, што год ад году гэтае месца становіцца ўсё больш прыгожым і добраўпарадкаваным. Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут закладзена яшчэ адна зялёная зона: вакол штучнага вадаёма побач з мемарыялам будуць укараняцца 80 бярозак. Маладыя дрэўцы пусцяцца ў рост і ў іншых месцах Ушаччыны. Новыя насаджэнні з’явіліся ў рамках рэспубліканскіх акцый “Адзіны дзень азелянення” і “Аднавім лясы разам”, якія кожнай вясной праводзяць Мінпрыроды і Міністэрства лясной гаспадаркі.
Закладка парку ля мемарыяльнага комплексу – адзін з пунктаў шырокай праграмы мерапрыемстваў, распрацаванай Ушацкім райвыканкамам да сёлетніх знакавых дат. Нагадаем, што хутка мы адзначым 80-годдзе легендарнага партызанскага прарыву, паўвекавую гадавіну з дня адкрыцця мемарыяла, і нядзіўна, што жадаючых далучыцца да працоўнага дэсанта на памятным месцы аказалася шмат. Падрыхтавалі ладныя саджанцы работнікі Сарочынскага лясніцтва на чале з ляснічым Сяргеем Ільюшэвічам, а ў іх пасадцы ўдзельнічалі прадстаўнікі райвыканкама, раённай прыродаахоўнай інспекцыі, грамадскія эколагі, супрацоўнікі іншых арганізацый і, канечне, лясгасаўцы.
“Нават і не ведаю, колькі дрэў за сваё жыццё пасадзіў. Заўсёды далучаўся да падобных акцый у час працы ў прамкамбінаце, ніколі не прапускаю іх і зараз, калі ўвайшоў у склад будаўнічай брыгады лясгаса. Ад такой справы не стамляешся, бо яна – высакародная!”, – падзяліўся з намі Васіль Аўдошка. Упэўнена распавядаў, на якой адлегласці варта садзіць дрэвы, інжынер па ахове і абароне лесу Данііл Пазняк – што, зрэшты, нядзіўна: лясны каледж малады спецыяліст скончыў у мінулым годзе з адзнакай. Добрыя навыкі па пасадцы раслін мае і яго цёзка Данік Апёнак: хоць сыну кіраўніка лясгаса толькі 8 год, на падобнай акцыі ён ужо не ўпершыню.
Працавалі ўсе зладжана, і даволі вялікі парк быў закладзены за некалькі гадзін. У параўнанні з іншымі дрэвамі, бярозкі растуць хутка: і ўжо да наступнага юбілею ў наваколлі мемарыяла будзе шамацець лістотай маладзенькі зялёны гай.
За ўвесь веснавы лесакультурны сезон 2024 года лясгасамі Віцебшчыны плануецца стварыць новыя лясы на плошчы каля 2500 гектараў, высадзіўшы больш за 12,5 мільёна дрэўцаў. Вялікія планы і ва Ушацкім лясгасе – больш за 100 гектараў новага лесу.
* * *
Вятры і ўраганы штогод прыносяць шмат клопатаў лесаводам. Больш тысячы гектараў лесу пацярпела летась у краіне падчас непагадзі. Міністэрства лясной гаспадаркі аб’явіла спецыяльную акцыю, каб накіраваць сілы на пасадку новых культур і сумесна з прадпрыемствамі, арганізацыямі і валанцёрамі папрацаваць пад дэвізам “Аднавім лясы разам!” Прыемна, што на Ушаччыне многія падтрымалі такую добрую ініцыятыву.
Наш дэпутат у абласным Савеце дэпутатаў, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін завітаў менавіта на Ушаччыну і актыўна папрацаваў на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва разам з кіраўніком лясгаса Аляксеем Апёнкам і сваімі калегамі. Дарэчы, выратавальнікі ніколі не прапускаюць акцый па пасадцы і ачыстцы лесу і ў ліку першых адгукаюцца аказаць дапамогу. Што не навічкі на лясных дзялянках, было бачна па тым, як хутка яны спраўляліся з пасадачным матэрыялам і інструментамі.
А вось медыкі, якія ў папярэднія гады не трапілі на лясныя кварталы, сёлета вырашылі ліквідаваць гэты прабел і шчыра папрацавалі на лясных дзялянках.
Унеслі свой пасільны ўклад і калектывы ТЦСАН, аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Белдзяржстраха, а таксама ўшацкія школьнікі разам з райкамам БРСМ. Далучыліся да акцыі і актывісты вёсак Двор Пліна і Угрынкі, якіх арганізаваў старшыня Ушацкага сельвыканкама Міхаіл Хоміч (на здымку). Пад кіраўніцтвам ляснічага Плінскага лясніцтва Аляксандра Баратынскага на месцы былога палігона для збору бытавых адходаў пасаджана 80 хваёвых дрэў.
Ну і, канечне, старанна працавалі на пасадцы і самі работнікі лясгаса, у мінулыя выхадныя вялікі працоўны дэсант у складзе кіраўніцтва прадпрыемства, работнікаў інжынерна-тэхнічнай, механічнай службы, лесапункта садзілі дрэўцы ва Ушацкім лясніцтве.
– Выказваем шчырую ўдзячнасць усім калектывам і ўшачанам, хто далучыўся да акцыі, унёс свой уклад у памнажэнне і захаванне ляснога багацця краіны, ваша дапамога для нас вельмі каштоўная, – падводзячы вынікі акцыі, адзначае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка.
Наталля БАГДАНОВІЧ,
Вольга КАМАРКОВА.