Две ученицы Ушачской средней школы завоевали высокие награды на заключительном этапе республиканской олимпиады по учебным предметам

Образование и молодежь

Пасля вясенніх канікул школьнікі селі за парты. Для дзесяцікласніцы ж Ушацкай сярэдняй школы К.Барысёнак чаканыя дні адпачынку толькі пачаліся – увесь мінулы тыдзень у складзе абласной каманды з 16 навучэнцаў дзяўчына выпрабоўвала веды на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Дарэчы, рабіла гэта не ў першы раз – і зноў заваявала “золата”!

– Крыху здзівіла, што заданні аказаліся больш простымі, чым летась. Але менавіта ў гэтым была галоўная цяжкасць! – мудра зазначае Ксенія. – Балы – ва ўсіх вельмі высокія, з розніцай нават не ў дзясятыя, а ў сотыя. У такіх умовах любая недакладнасць магла стаць фатальнай.

Так, са шкадаваннем прыгадвае дзяўчына, з 65 тэарэтычных заданняў два яна “праваліла”, хаця ведала правільныя адказы – не заўважыла ў словах часціцу “не”, якая прадугледжвала адваротнае рашэнне. У практыцы ж крыху падвялі архідэі – лацінскія назвы ўсіх іх частак бачыла ўсяго раз, прычым два гады таму. Вядома, узнавіць іх у памяці было праблематычна. Але ж дзесяцікласніца, маючы немалы вопыт удзелу ў падобных спаборніцтвах (выпрабоўвае сябе па біялогіі з восьмага класа), не разгубілася і назвала ўсе пялёсткі, атожылкі ад іх правільна, але па-руску – тым самым зарабіла пэўныя балы.

Давялося праявіць ёй і настойлівасць падчас разбору заданняў, падаць апеляцыю адразу па двух чамусьці незалічаных. Казусы з боку журы, сапраўды, бываюць – і пасля разгляду ўсіх зваротаў навучэнцаў у выніковым пратаколе лічбы мяняюцца.

– Канчатковых вынікаў мы з Вольгай Анатольеўнай не ведалі да апошняга, – расказвае К.Барысёнак. – Калі ж падчас цырымоніі ў ліку ўладальнікаў дыпломаў ІІІ і ІІ ступені мяне не назвалі, абедзве “нос павесілі”. Паверыць у чарговае “золата” ва ўмовах такой канкурэнцыі (пераважная колькасць удзельнікаў – навучэнцы ліцэяў, гімназій буйных гарадоў) было складана.

Тандэм Ксеніі, Паліны і іх педагога прынёс плён на XXX Усерасійскіх юнацкіх Чытаннях імя У.Вернадскага. За даследчую работу “Вызначэнне наяўнасці папуляцый малюска рачной дрэйсены ў вадаёмах басейна ракі Ушача” нашы зямлячкі адзначаны ў намінацыі “Лепшае палявое даследаванне”, узнагароджаны дыпломам І ступені, а іх работа апублікавана ў навуковым зборніку.

Калі на бягучым тыдні мы прыйшлі на пераможную фотасесію да Ксюшы і В.А.Жыткай, яны папрасілі абавязкова ўзяць у кадр і расказаць пра Паліну Юркевіч, аднакласніцу дзяўчыны. Сёлета яна гэтак жа паспяхова пераадолела школьны і раённы этапы алімпіяды па біялогіі, а таксама заваявала дыплом ІІІ ступені на вобласці.

– Трапіць у Віцебск не надта спадзявалася, – усміхаецца П.Юркевіч. – Для асноўнага складу мне не хапіла ўсяго 0,7 бала – аднак была ўключана ў рэзерв. Канечне, падрыхтоўку не спыняла – працавала і дома, і ў лабаранцкай. Кожны дзень з хваляваннем сачылі з Вольгай Анатольеўнай, Ксюшай за зменамі на сайце – і 8 снежня ўрэшце ўбачылі ля майго прозвішча запаветную “зорачку”. Такім чынам пропуск на вобласць далі тым, хто летась заваяваў на гэтым этапе дыплом.

– Вялікая заслуга Паліны ў тым, што яна здолела сабрацца, “адключыць” характэрны многім “сіндром алімпіядніка” – калі ў самых простых заданнях са школьнай праграмы шукаеш падвох, пачынаеш мудрыць, – кажа В.А.Жыткая. – І хоць пачынала на вобласці не як фаварыт, здолела вырвацца ў першую палову турнірнай табліцы і заваяваць “бронзу”.
Выдатна справілася дзяўчына з тэарэтычнымі заданнямі, асабліва па тэме заалогіі – гэта яе любімы раздзел. Доўга “варажыла” над суаднясеннем выяў водарасцяў, грыбоў з іх лацінскімі назвамі. Перажывала, што распазнаць рыбу па прапанаваных на малюнку ўнутранасцях змагла толькі пасля здачы сваёй работы.

Прымалі ўдзел К.Барысёнак, П.Юркевіч і ў сёлетняй рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіядзе па біялогіі – у першай дыплом ІІ ступені, другая аказалася ў кроку ад прызоў. Годна праявіла сябе Ксенія таксама ў Сечанаўскай алімпіядзе, стаўшы пераможцай. Цяпер па выніках “рэспублікі” яна ўключана ў зборную каманду для адбору на міжнародную алімпіяду па прадмеце.

Вядома, што на занятках для Ксеніі і Паліны цяжка “адкрыць Амерыку”, аднак вопытны настаўнік-метадыст з гэтай задачай спраўляецца. Дапамагае ў гэтым матэрыял узроўню вышэйшых (!) навучальных устаноў. Нядаўна, напрыклад, пачалі вывучэнне біяхіміі, на падыходзе – малекулярная біялогія. Дарэчы, літаратуру для гэтых мэт з апошнімі навуковымі распрацоўкамі, а таксама планшэты, якія выкарыстоўваюцца на ўроках біялогіі, хіміі ў профільных класах, школа набыла за сродкі, выдзеленыя профільным міністэрствам за мінулагоднія поспехі навучэнцаў.

Выдатная навіна з Пінска, дзе праходзіў сёлета заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, прыляцела ў наш раён, калі фотаздымак дыплома вышэйшай “пробы” К.Барысёнак адправіла бацькам, іншым родным, сябрам. Дасягненню Ксеніі і Вольгі Анатольеўны, упэўнены, радуюцца зараз не толькі ў школе, аддзеле па адукацыі – ганарацца імі ўсе землякі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *