Работа нелёгкая, но важная. Рассказываем о буднях долецких животноводов

Сельское хозяйство

Да вячэрняй дойкі на ферме Міхалкаўшчына заставалася крыху часу, і ў чаканні прыезду даярак мы прайшліся па агароджанай тэрыторыі – дарэчы, гумовыя боты тут аказаліся неабавязковымі: чыста, ніякіх брудных лужын ды гор гною…

А неўзабаве і УАЗік з будучымі героямі артыкула пад’ехаў. Звяно аператараў машыннага даення было крыху нечаканым: у дапамогу Таццяне Карабань і Марыне Спірыдовіч замест іх захварэўшай калегі Раісы Лабэцкай часова накіравалі Яўгена Аўдзеенку.

Прыветлівыя і простыя ў зносінах жанчыны расказалі пра сябе з уласцівай ім сціпласцю. Таццяна Міхайлаўна родам з Замошша, пасля школы атрымала прафесію повара, але 19 год таму ўладкавалася на ферму – думала: часова, ды лёс склаўся так, што засталася ў гэтай галіне. Марына Пятроўна таксама тутэйшая, з Царкавішча, яе стаж на Міхалкаўшчыне ўдвая меншы, але прафесійнае майстэрства такое ж высокае. Летась напарніцы сталі лепшымі ў гаспадарцы, надаіўшы адпаведна 3272 і 3235 кілаграмаў ад каровы.

“Чытаем газету і пастаянна бачым у спісе раённых вакансій аператараў машыннага даення і жывёлаводаў: прывабіць у нашу сферу людзей няпроста, бо не ўтоіш, што і ўмовы працы нялёгкія, і заробкі не надта вялікія. Ладна – мы: прывыклі ўжо, ды і прапаноў на вёсцы асабліва няма, а як пойдзем на пенсію, хто не ферме застанецца? Відавочна, што трэба нешта кардынальна мяняць…”, – разважаюць даяркі, рыхтуючыся да пачатку работы.

З Яўгенам жа мы добра знаёмыя: летам бачыліся ля “Цыганка”, дзе мужчына апырскваў баршчэўнік, сустракалі яго і на зернетоку – Жэня з тых работнікаў, што пры патрэбе закрыюць любы ўчастак. На наша пытанне, ці доўга асвойваў працэдуру даення, ён усміхнуўся: “Дык я ж у тэме! У свой час тут слесарам працаваў, а гады тры таму гэту справу свайму пераемніку перадаў”. Сяргей Рагіня, якога мае на ўвазе Яўген, у “Вялікадолецкім” лічы ўсё жыццё: спачатку быў механізатарам, але сур’ёзная хвароба на некалькі год перарвала кар’еру, і пасля вяртання ўладкаваўся слесарам – зімой шчыруе на ферме, летам – на мехдвары. Зрэшты, шмат расказаць пра сябе ён не паспеў: высветлілася, што ў сістэме малакаправода знік ціск, і абодва мужчыны пачалі экстранна шукаць прычыну паломкі. Мы ж тым часам паназіралі, як механізатар Ра Вутх раздае на трактары сянаж. Дарэчы, каб тэхніка магла праехаць па не надта шырокім праходзе, тут устаноўлены кампактныя ёмістасці для паення. Што датычыцца рацыёну, то яго, па словах жывёлаводаў, дапаўняе камбікорм, шрот, патака.

У народзе кажуць, няма ліха без дабра – паколькі пачатак дойкі затрымліваўся, даяркі змаглі больш грунтоўна з намі пагутарыць і нават пазнаёміць са сваімі гадаванцамі: прадставілі каларытны дуэт чарнявай Багіры і курносай Нюшы. Першая не так даўно ацялілася і дае каля 12 літраў за дойку, амаль не адстае і яе сімпатычная сяброўка. Але, канечне, такія прадукцыйныя не ўсе…

“Доім зараз па 30-35 кароў, нездаровых і тых, што ацяліліся – у асобныя бачкі, а яшчэ і цялят даглядаем. Сочым за чысцінёй памяшкання і абсталявання: кожны чацвер – санітарны дзень. Свайго лабаранта няма, але наша малако вязуць на “Цыганок”, дзе яго правярае Валянціна Бугай. У плане якасці асабліва ўдала спрацавалі летам, калі больш паловы прадукцыі ішло “экстрай”, – распавядае Т.Карабань. – Калектыў у нас добры. Загадчыца Людміла Салавей вельмі адказная, неабыякавая, ніякай работы не цураецца: калі трэба, і даярку падменіць”.

Па выніках мінулага года на “Міхалкаўшчыне” атрымалі сярэдні надой 3103 кілаграмы, саступіўшы па гэтым паказчыку толькі комплексу “Завячэлле” УП “Сафійскія дары”.

Нібыта ілюструючы гэтыя словы, у кароўніку з’явілася Людміла Мікалаеўна – прымчалася з канторы, дзе складала справаздачу, каб ацаніць сітуацыю з паломкай. Мужчыны паспрабавалі памяняць датчык – не дапамагло… Мае ж субяседніцы працягнулі пералічаць тых, хто робіць свой унёсак у агульны вынік. Прыгадалі спецыялістаў гаспадаркі: ветурача Наталлю Клачок, ветфельчара Кацярыну Маісеенка, галоўнага заатэхніка Тамару Генадзьеўну Карчэўскую. А яшчэ выказалі добрыя словы ў адрас групы ўзнаўлення, якой кіруе Васіль Леанідавіч Зелянік: у канцы года на ферме былі адчувальныя праблемы з пакрыццём, і іх дапамога прыкметна палепшыла сітуацыю.

Не забыліся жанчыны згадаць і жывёлаводаў Аляксандра Пугача, Анатоля Буку, якія вельмі дапамагалі на палявых дойках. А з апошнім давялося пазнаёміцца ў гэты ж вечар: мужчына загадзя прыбыў на начную змену. “Я ўсё жыццё на сваім падворку ў Замошшы жывёлу трымаў, ведаю, як з ёй абыходзіцца. Гэтай зімой аднаго разу за ноч аж тры ацёлы прыняў! – падзяліўся з намі жывёлавод. – Увогуле рады, што ёсць магчымасць тут працаваць, атрымліваць заробак у дадатак да пенсіі па інваліднасці. А яшчэ лічу правільным, што наш дырэктар Антон Уладзіміравіч Сафонаў абсталяваў ферму сістэмай відэаназірання: гэта – дадатковы стымул да захавання дысцыпліны”.

…Тым часам высветлілася, што ўхіліць паломку хутка не атрымаецца, таму даіць у гэты вечар давядзецца “трактарам” – такі спосаб выкарыстоўваюць на летніх пашах, далучаючы сістэму да рухавіка. Абсталяванне няновае і відавочна, што пазаштатных сітуацый не пазбегнуць, але вопытны калектыў заўсёды знойдзе выйсце і нядоеным статак не застанецца. “Нешта прыдумаем! Заўтра ўсё будзе ў парадку!” – не гублялі аптымізму жывёлаводы.

Зрэшты, мы ў гэтым абсалютна не сумняваліся… Як і ў тым, што з цягам часу з’явяцца ў тутэйшых мясцінах сучасныя комплексы, а прэстыж жывёлагадоўчай прафесіі будзе адпавядаць запатрабаванасці прадукцыі, якая ёсць у кожным халадзільніку.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *