В районном центре культуры прошёл смотр-конкурс «Танцевальная весна-2024»

Культура

У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці было сапраўды ярка, эмацыянальна, музычна – агляд-конкурс “Танцавальная вясна-2024” сабраў харэаграфічныя калектывы з усёй Ушаччыны.

Творчае спаборніцтва традыцыйна праходзіла па трох намінацыях: народна-сцэнічны, бытавы і эстрадны танец. Прычым, колькасць нумароў у кожнай з іх не абмяжоўвалася – удзельнікі мелі магчымасць праявіць усе грані свайго харэаграфічнага майстэрства.

Не раз выступаў на вялікай сцэне ўзорны фальклорны калектыў “Спадчына” Матырынскага клуба-бібліятэкі (кіраўнік – Галіна Рудзёнак). У яго скарбонцы нямала творчых дасягненняў. І сёлетняя “Танцавальная вясна” не стала выключэннем – нягледзячы на канкурэнцыю, якую хлопчыкам і дзяўчынкам склалі прадстаўнікі калектыву побытавага танца “Нарэчаньку” з гэтай жа ўстановы (Валерыя Лягчыліна), яны ўпэўнена атрымалі чарговую перамогу ў “быце”.

Студыя “Карнавал” з раённага цэнтра культуры (Дзіна Пенкальская), а таксама выхаванцы харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў (Наталля Корнева) аднолькава добра выступілі як з народна-сцэнічнымі танцамі, так і з сучаснымі эстраднымі. Найбольш жа ўдалымі ў малодшых прадстаўнікоў ДШМ атрымаліся першыя, пацвярджэнне таму – перамога ў адпаведнай намінацыі.

 

Асаблівы азарт кіпеў у “эстрадзе”, дзе была прадстаўлена найбольшая колькасць нумароў. Пад дынамічныя рытмы сучасных хітоў, са светлавымі ручнымі элементамі двойчы выходзілі на сцэну ўдзельніцы калектыву “Месячык” (Марыя Павукова). І ўсё ж набраных балаў дзяўчатам з Глыбачкі не хапіла, каб паўтарыць поспех старэйшых прадстаўніц “Карнавала” – іх экспрэсіўнае фламенка ўразіла ўсіх гледачоў.

Ніхто з канкурсантаў не застаўся ў гэты дзень без гучных апладысментаў, дыпломаў і салодкіх падарункаў ад сектара культуры. Мілымі нумарамі парадавалі таксама юныя вакалісты Ушаччыны. Для ўсіх іх, выказала ўпэўненасць старшыня журы, дырэктар раённага цэнтра культуры Валянціна Грыневіч, важнейшыя творчыя перамогі яшчэ наперадзе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *