У невялікай хаце Анатоля Паўлавіча Чужова ў Калках – амаль усё, як было пры мамцы Гашы Літвін: трысцен – у ім кухня, падзеленыя мэбляй зал і спальня. Дача гэта адрозніваецца ад асабнякоў, што абступілі вясковы дом з двух бакоў. Ды і сам гаспадар – з СССР, шырокая, адкрытая душа, якая вельмі любіць вёсачку з возерам у канцы агарода, рыбалку, лес. Гэта і сям’я – яго асноўныя каштоўнасці.
Карэнны мінчанін “абвянчаўся” з Ушаччынай у васьмідзясятых. Прыехаў аднойчы парыбачыць да сяброў… і закахаўся. Шукаў спачатку домік у Малінаўцы, дзе раней пусціў карані брат, а прадавалася хатка тут, дзе побач не адно, а два возеры. Адзінокая жанчына Глафіра Сямёнаўна Літвін, якую на вёсцы ўсе клікалі Гашай, меркавала пайсці ў дом састарэлых, ды так і засталася ў роднай хаце да апошніх дзён, Анатоль Паўлавіч і пахаваў яе як родную.
Насамрэч ніякая яна яму не мамка. Толькі выкупіўшы хату, новы гаспадар прапанаваў жанчыне застацца. Самі прыязджалі спачатку на выхадныя на рыбалку, ды зрэдку ўлетку на адпачынак. “І ёй добра – гаспадарыла як і раней, толькі ўжо з рамонтам і газам замест газніцы, і нам – дом пад наглядам, калі ні прыедзеш – цёпла. Яна стала членам сям’і, ды і мяне сынам клікаць пачала. Сваіх дзяцей не было – жаніх не вярнуўся з фронту, а яна ўсё жыццё свайго Ваню чакала. Фотаздымак, дзе ён малады, з гармонікам, прыціскала да сябе параненай рукой – сама партызанскай сувязной была і тройчы – на валаску ад смерці. Малы пляменнік выручаў, калі затрымлівалі немцы, чапляўся за спадніцу і крычаў: “мама”, – Анатоль Паўлавіч расказвае пра жанчыну з вялікай павагай. Пераважна з яе вобразу, ды сваёй жонкі Жанны Іванаўны ў яго сфарміравалася глыбока паважлівае стаўленне да ўсіх моцных прадстаўніц слабага полу.
“Мая спадарожніца сардэчніцай была. Як толькі выйшла на пенсію, адразу на пастаяннае месца жыхарства ў Калкі пераехала. Апошнія гады часта хуткую дапамогу выклікалі. Я ёй прапаноўваў у Мінск вярнуцца, маўляў, медыцына лепей. Яна катэгарычна адмаўлялася: “Я толькі тут ажываю”. Паляжыць дні два ў бальніцы, і дамоў. Ці праз гадзіну пасля прыступу ўжо ў градках і спявае. Гаючая тут прырода, ды і Ганна Аляксееўна Аскерка – наш выдатны доктар – выручала”.
Прырода тут сапраўды шыкоўная. Хаця Анатоля Паўлавіча складана нечым здзівіць. Вадзіцель завода “Крыніца”, які аднак не любіць піва, кожнае лета перасаджваўся за штурвал аўтобуса і калясіў па Крымскім перашыйку, дзе знаходзіўся іх пансіянат, падвозіў калег да пляжа. Штогод на моры, толькі тут яму лепей. Выдатна асвоіўся не толькі ў насельніках азёр, але і ў лясах. Аднойчы ў Полацку на рынку за дзень за баравікі 750 тысяч рублёў выручыў (старымі грашыма), ці варта казаць, што падвал – таксама поўная чаша. Сам рыхтуе саленні і мачэнні па розных рэцэптах – дзеці дэгустуюць і заказваюць. А з лёгкай рукі мінчаніна на выпрацаванай зямлі родзіць на агародзе ўсё выдатна. Заўважыла, што збіраюцца і бутэлькі з-пад малака – падкормкай з’яўляецца нават вада пасля мыцця посуду.
Тэрыторыя Вяркудскага сельсавета – самая прывабная для дачнікаў. З 37 вёсак толькі адзінкі не размешчаны на берагах азёр. І самымі запатрабаванымі старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак называе Косаўшчыну, Горы-2, Гарадок, Зарэчча, Карачына і Калкі – у дзвюх апошніх, дарэчы, не засталося нічыйных надзелаў. У Калках праз аўкцыён быў прададзены і самы дарагі ўчастак, за які змагаліся тры прэтэндэнты.
Праўда зараз, калі прыхварэлі ногі, не адмаўляецца ад дапамогі сацработніка Віктара Леанідавіча Рабышава. За мотаблокам, лябёдкай пахадзіць, абкасіць, прадукты з аўтакрамы прынесці – многія вяскоўцы цэняць менавіта мужчынскую справу, якая самім не па сілах. Яны з Анатолем Паўлавічам сталі добрымі сябрамі, тым больш што жыве Віктар зараз пастаянна ў Калках. Безадказны памочнік са спакойным пакладзістым характарам у Беларусь з Рыгі вярнуўся ў 1992-м – дэпартавалі за тое, што ён, былы ліквідатар трагедыі на Чарнобыльскай АЭС разам з хлопцамі, што прайшлі Афган, абаранялі франтавікоў падчас іх удзелу ў святкаванні Перамогі.
Анатоль Іванавіч да франтавікоў таксама ставіцца з асаблівай павагай. Бацька вызваляў Берлін, сфатаграфаваўся нават у чорным ад копаці крэсле Гітлера ў рэйхстагу. Наогул кадравы ваенны – яго вялікасць пяхота – не расказваў пра вайну, толькі пра адзін эпізод, як выратаваў у рацэ Буг кантужанага падчас бамбёжкі сябра. Ад бацькі пайшло іх маладое прозвішча. Падчас Грамадзянскай вайны немаўля, загорнутае ў дабротную коўдру, знайшлі на Омскім вакзале і перадалі ў дзіцячы дом. Так і назвалі – “чужы”, калі падрос, казаў: “які ж я чужы, я свой у дошку” – “й” замянілі на “в”. Падлеткам ён збег з дзетдома і стаў сынам палка. Пакалясіўшы па Еўропе, Саюзе, палкоўнік Чужоў застаўся ў Мінску.
Ну а Анатоль Паўлавіч ужо лічыць сябе ўшачанінам. У Калках жыве пастаянна, на мясцовых могілках і жонку пахаваў. Чакае прыезду дзяцей і ўнукаў. І цяпла, каб зноў на лодцы выйсці на возера Турасы.
Вольга Караленка.