В КУСХП «Глыбочаны» сельхозтехника активно работает на полях

Сельское хозяйство

Калі ўхабістай дарогай прабіраліся да палёў за былой дубраўскай фермай, на адным з вузкіх участкаў у лабавое шкло рэдакцыйнай машыны гучна пастукалася махнатымі коцікамі вярба.

Быццам сама вясна нас прывітала на палетках! Зрэшты, гэта журналісты паўсюдна вышукваюць нейкія сімвалы, хлебаробы ж пра падобную лірыку наўрад ці думаюць, бо штодня заняты практычнымі зямнымі справамі. Палявы ж сезон сёлета часу на “раскачку” не прадугледзеў. І нават у “Глыбачанах”, дзе пераважаюць вільготныя нізінныя ўчасткі і старт работ звычайна больш позні, тэхніка ўжо ва ўсю шчыруе на палетках.

“Вядома ж, пад сяўбу аўсоў выбіраем толькі самыя прасохлыя месцы, – патлумачыла нам галоўны аграном гаспадаркі Святлана Пячура, якая кіравала працэсам на дубраўскім полі. – Канечне, гэта нязручна, даводзіцца часта пераганяць тэхніку: наша сеялка, напрыклад, дагэтуль працавала ля Усвіцы. Плячо немалое, але ж разумеем, што марнаваць спрыяльны час недаравальна, калі вясна будзе засушлівай, падобны суглінак увогуле потым не ўздымеш”.

Дарэчы, поле, дзе адбылася наша сустрэча, далучаюць у севазварот пасля некалькіх гадоў “прастою”. Засяваюць яго аўсом і травой – мінулы сезон паказаў, як важна акцэнтаваць увагу на кармы.

Да слова, няпростыя выпрабаванні сёлетняга стойлавага перыяду гаспадарка перанесла дастойна: пытанне, чым накарміць жывёлу, рубам не стаяла. Але, канечне, праблем і складанасцяў хапае.

У іх ліку характэрны для апошніх гадоў кадравы дэфіцыт, а літаральна кожны з мясцовых работнікаў становіцца сапраўдным універсалам. Спецыялізацыю сейбіта асвойвае сёлета Павел Павукоў: калі тры гады таму вярнуўся ў родную Глыбачку з Лепеля, дзе працаваў у меліярацыі, уладкаваўся на месца шафёра, зараз жа пры патрэбе выконвае і механізатарскую работу. А вось Уладзімір Паўлавіч Була, які загружаў сеялку, адлічвае працоўны стаж у “Глыбачанах” з 1991-га – і трактарыстам быў, і слесарам, апошнія ж некалькі год шчыруе ў паляводчай брыгадзе. А веркужанін Аляксандр Баратынскі, які быў заняты на падрыхтоўцы глебы, штат сельгасарганізацыі папоўніў нядаўна, але ў аграрнай сферы не навічок – працаваў у фермерскіх гаспадарках.

І канечне, вельмі цэняць у “Глыбачанах” шэфаў, а многія памагатыя ўжо і самі зрадніліся з прадпрыемствам. Да такіх належыць прадстаўнік ДРБУ-105 Валерый Мікалаевіч Магерка, для якога гэта ўжо 11-ты аграрны сезон. Пакуль ён заняты на падвозцы насення, але з пачаткам пашавага перыяду пяройдзе на абслугоўванне статкаў. “Работу сабе не выбіраю – дзе больш патрэбны, туды і накіроўваюць. Мяне хлопцы нават жартам “падсобнікам” клічуць, – дабрадушна зазначае мужчына”.

Практычна штатнай адзінкай лічаць тут і камунгасаўца Васіля Камовіча – каб з ім пабачыцца, нам давялося пераехаць да прыгаданай вышэй Усвіцы. Механізатар рыхтаваў глебу на палях, якія напярэдадні ўзараў Аляксандр Малахаў. Зачэплены за энерганасычаны МТЗ-3022 дыскатар ззяў свежымі фарбамі, бо ў міжсезонні пабываў на маторарамонтным заводзе.

А вось шасціметровы пасяўны агрэгат з віцебскага прадпрыемства пакуль яшчэ не вярнуўся, глыбачанцы ж яго вельмі чакаюць і нават накіравалі ў дапамогу абласным рамонтнікам свайго работніка Генадзя Верацейку. Вядома ж, гэта тэхніка дазволіць больш маштабна разгарнуць кампанію, бо на ўчарашнюю раніцу ў гаспадарцы было засеяна 11 працэнтаў запланаваных плошчаў – што адпавядае сярэднераённаму паказчыку. А вось тэмпы на ўзворванні тут вышэйшыя: ужо ўзнята 307 га ці 42 працэнты глебы (па раёне – 37).

Што датычыцца лідараў, то большую колькасць палеткаў запрацавалі ільюшынцы і вялікадальчане, прычым першыя сеюць ужо і ячмень. Далучыліся да пасяўной і работнікі “Віцебскаграпрадукта”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “В КУСХП «Глыбочаны» сельхозтехника активно работает на полях

  1. Посевная — время массового сева, к нему надо быть готовым на 100%, чтобы не нарушились планы по обеспечению продовольственной безопасности страны.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *