На традиционной конференции педагогов

Общество

Ужо заўтра, у першы восеньскі дзень, 1501 хлопчык і дзяўчынка, прыгожыя і ўзрушаныя, пераступяць школьны парог у навучальных установах раёна, званок пакліча іх на ўрок. А напярэдадні гэтай хвалюючай падзеі трымалі экзамен перад новым 2011-2012 навучальным годам кіраўнікі навучальных устаноў раёна і іх намеснікі, работнікі сацыяльна-педагагічнай службы, кіраўнікі педагагічных фарміраванняў, работнікі раённага цэнтра пазашкольнай работы, дзіцячага сацыяльнага прытулка, творча працуючыя педагогі, якія ў апошнюю пятніцу жніўня сабраліся на традыцыйную педагагічную канферэнцыю. 

У пленарным пасяджэнні работнікаў адукацыі ў якасці гасцей прынялі ўдзел прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі і грамадскасці раёна, начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый, устаноў. Такое прадстаўніцтва чарговы раз падкрэсліла, што жнівеньская канферэнцыя – мерапрыемства не радавое. Тым больш, што сёлетняя тэма “Аб выніках работы аддзела адукацыі і навучальных устаноў раёна ў 2010/2011 навучальным годзе і задачах па павышэнні якасці і прэстыжу адукацыі ў 2011/2012 навучальным годзе” – надзвычай важная і актуальная.
Пасля гукаў урачыстых мелодый галоўная ўвага прысутных сканцэнтравалася на тых, хто сёлета ўпершыню ўвойдзе ў клас у якасці настаўніка. У гэтым навучальным годзе сеяць разумнае, добрае, вечнае пачнуць восем маладых спецыялістаў, якія папоўнілі педагагічныя калектывы Ушацкай, Арэхаўскай, Касарской, Кубліцкай, Мосарскай, Дубраўскай школ. Для маладых настаўнікаў гучалі словы віншаванняў, наказы і шчырае запрашэнне ў дружную педагагічную сям’ю. Пад апладысменты калег ім былі ўручаны сувеніры і кветкі.
Да ўсіх педагогаў з прывітаннем з нагоды новага навучальнага года звярнулася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Рыгораўна Карабань. У справаздачным дакладзе яна падвяла вынікі, дасягнутыя ў развіцці адукацыі летась, і акрэсліла задачы на новы навучальны год. Дакладчык прааналізавала дасягненні і перспектывы ўсіх этапаў дашкольнага і школьнага жыцця, звярнула ўвагу на асаблівасці работы сістэмы адукацыі ва ўмовах новай нарматыўнай прававой базы, распрацаванай на аснове артыкулаў Кодэкса аб адукацыі. Сярод асноўных творчых дасягненняў і здабыткаў начальнік аддзела адукацыі прыгадала высокі працэнт паступлення сёлетніх выпускнікоў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы (66,4 працэнта ад агульнай колькасці). Як заканамерны вынік зацікаўленасці педагогаў, выкарыстання імі ў навучанні новых метадычных распрацовак і аўтарскіх праграм – перамогі нашых школьнікаў на разнастайных абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных прадметных алімпіядах і конкурсах. Укладзеныя дзяржаўныя сродкі павінны даваць аддачу – у першую чаргу праз высокую ступень якасці адукацыі, падрыхтаванасць дзяцей да рэальнага жыцця, пераканана Людміла Рыгораўна. Яна адзначыла, што педагагічны калектыў раёна працуе мэтанакіравана і мае нядрэнныя вынікі. Але наперадзе шмат задач: па павышэнні адукацыйнага ўзроўню, прафарыентацыйнай рабоце, выхаванні дзяцей, рабоце з сем’ямі і іншых накірунках. Перад пачаткам навучальнага года Л.Р.Карабань пажадала педагагічнаму калектыву раёна поспехаў і плёну ў рабоце.
Віншаванні ад раённага выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста даслаў педагогам старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. Ён расказаў аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, што склалася ў раёне, паведаміў аб узроўні фінансавання сферы адукацыі, падзякаваў за адданую працу, пажадаў настаўнікам здароўя, цярпення і мудрасці ў нялёгкай і адказнай справе – выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В. Пашковіч пажадала педагогам творчых поспехаў, асабістага шчасця, здзяйснення ўсіх мар. Яна падвяла вынікі конкурсу па падрыхтоўцы дашкольных устаноў да новага навучальнага года, які традыцыйна праводзіць раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
На канферэнцыі былі агучаны перспектывы развіцця як у цэлым сістэмы адукацыі раёна, так і асобных навучальных устаноў. Сваімі напрацоўкамі і сучасным бачаннем справы падзяліліся прадстаўнікі педагагічных калектываў.
Прыемны і пачэсны момант – узнагароджванне. Шэрагу педагогаў уручаны граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі райвыканкама. На жнівеньскім педсавеце былі падведзены таксама вынікі раённага спаборніцтва па падрыхтоўцы агульнаадукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Пераможцамі сталі Ільюшынская (дырэктар А.М.Азевіч), Арэхаўская (І.Ф.Сыроўчанка) і Кубліцкая (Г.К.Кухта) школы. Названыя ўстановы атрымаюць падарункі – новыя сучасныя персанальныя камп’ютары.
Разыходзіліся ўсе з добрым настроем, цікавымі планамі і спадзяваннямі на новы навучальны год.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: маладыя настаўнікі раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *