В Ушачском райисполкоме состоялось заседание Совета Ушачского районного объединения профсоюзов

Общество

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне савета Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, на ім былі падведзены вынікі работы за мінулы і акрэслены задачы на 2024-ы год. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Міхайлавіч Лугаўцоў.

З падрабязнай справаздачай выступіла старшыня аб’яднання Марыя Аляксееўна Шаўчэнка. Асаблівую ўвагу яна звярнула на аздараўленне і ахову працы работнікаў, павелічэнне членства ў арганізацыях і нормы калектыўных дагавораў. У прыватнасці ініцыіравала, каб у Год якасці ў іх былі замацаваны палажэнні, якія матывуюць работнікаў на дасягненне высокіх якасных паказчыкаў. Паколькі ўсе прапісаныя ў калектыўных дагаворах ільготы датычацца толькі членаў прафсаюзаў, важна, каб іх колькасць супадала са штатам калектыву. Прывяла яна і станоўчы прыклад: летась была створана адна прафсаюзная пярвічка – у ТАА “Сарочына-Агра”, і ў ёй адначасова запрацаваў і асноўны дакумент калектыву.

На гэтым жа акцэнтаваў увагу і В.М.Лугаўцоў. Назваў ён і актуальную для Віцебшчыны праблему – унушальная колькасць звольненых па прычыне п’янства, дастаткова і фактаў няправільных налічэнняў па выплатах працоўным. У выніку прафсаюзных праверак высветлілася, што толькі недаплаты прэмій работнікам склалі 1,5 мільёна рублёў. Для лепшага ж мікраклімату ў калектывах ён прапанаваў больш актыўна заключаць кантракты з добрасумленнымі работнікамі на максімальны – пяцігадовы тэрмін. В.М.Лугаўцоў падзякаваў кіраўніцтву раёна, у прыватнасці старшыні райвыканкама С.С.Садоўскаму за дапамогу прафсаюзам у вырашэнні ўсіх сацыяльных пытанняў.

На пасяджэнні абраны новы склад савета Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, а таксама названы пераможцы аглядаў-конкурсаў на лепшую пярвічку і лепшы інфармацыйны стэнд. У першай намінацыі першае месца прысуджана прафарганізацыі ДРБУ-105 (старшыня Аляксандра Коцур), другое – раённага фізкультурна-спартыўнага клуба (Лізавета Больц), трэцяе – ААТ “Лес” (Людміла Аўдошка). За перамогу ў другім конкурсе ўзнагароды атрымалі старшыні пярвічак дзіцячага сада №3 Надзея Федарэнка (1 месца), ПМК-66 Раіса Косых (другое) і сектара культуры Таццяна Рабіза (трэцяе).

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *