Хор народного клуба ”Ветеран» Ушачского центра культуры достойно выступил на областном смотре-конкурсе творчества ветеранских коллективов ”Не стареют душой ветераны»

Культура

Хор народнага клуба “Ветэран” Ушацкага раённага цэнтра культуры годна выступіў на абласным аглядзе-конкурсе творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, які прысвячаўся 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калектыву ўручаны дыплом лаўрэата ІІІ ступені ў намінацыі “Харавыя спевы”.

Як адзначыла кіраўнік клуба Іна Клімава, конкурс быў вельмі прадстаўнічы, у ім прынялі ўдзел 74 калектывы і 62 індывідуальныя выканаўцы, таму складана было наогул вытрымаць гэты марафон. Ды і канкурыравалі на роўных як невялікія сельскія раёны, як наш, так і Полацкі, Аршанскі, таму званне лаўрэатаў безумоўна грэе душу.

Падводзячы вынікі, журы адзначыла наш калектыў як адзін з самых актыўных. Мяркуйце самі, з 9 намінацый ушачане ўдзельнічалі ў трох і літаральна ва ўсіх аказаліся ў ліку пераможцаў. Самае высокае месца – дыплом лаўрэата ІІ ступені за чытацкае выкананне гумарэскі “Жонка-маёр” атрымаў Рыгор Уладзіслававіч Іваноўскі. Дыпламантамі І ступені ў гэтай жа намінацыі сталі нашы вядомыя майстры слова Людміла Міхайлаўна Мядзведзева і Тамара Паўлаўна Залатухіна. З такім жа званнем толькі ў намінацыі “Сольныя спевы” вярнулася Лілія Міхайлаўна Мураўская.

Што датычыцца хору, то ў яго рэпертуары шмат твораў ваеннай тэматыкі, аднак да выступлення яго абнавілі, далучыўшы, напрыклад, песню “Героі нашы – ветэраны” на словы і музыку ўшачаніна Уладзіміра Нікіценкі. А творам “Хлеб усяму галава” ўшанавалі памяць аб пасляваенным подзвігу беларусаў па аднаўленні народнай гаспадаркі.

Нашы ветэраны вельмі ўдзячны за дапамогу, якую аказаў запрошаны ў якасці акампаніятара ветэран працы Сяргей Васільевіч Парашкін. За вельмі кароткі час усе нумары перабудавалі пад музыку, што паспрыяла ўдаламу выступленню нашага калектыву.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *