Туберкулез: пути передачи и меры профилактики

Здравоохранение

Туберкулёз – хранічнае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца адпаведнымі мікабактэрыямі і ў 95-97 працэнтах выпадкаў лакалізуецца ў органах дыхання. Летась на Ушаччыне такая паталогія ўпершыню выяўлена ў аднаго пацыента, яшчэ ў аднаго здарыўся рэцыдыў. У студзені-сакавіку 2024-га дыягназ “туберкулёз лёгкіх” пастаўлены яшчэ дваім ушачанам.

Сімптомы туберкулёзу – павышаная тэмпература, начная патлівасць, слабасць, галавакружэнне, зніжэнне працаздольнасці і апетыту, пахудзенне, кашаль, кровахарканне. Асноўны шлях перадачы – аэрагенны, калі мікабактэрыі ад хворага пры кашлі трапляюць да іншага чалавека. У першыя два-тры месяцы захворванне можа ніяк не праяўляцца. У асобных выпадках бываюць нязначная стамляльнасць і кашаль, які курыльшчыкі спісваюць на сваю звычку, а іншыя – на прастуду, таму да медыкаў часта не звяртаюцца. Але ўжо ў гэты час яны ўяўляюць небяспеку для акружаючых!

Заразіцца на туберкулёз можа кожны. Аднак калі імунная сістэма працуе добра (яе зніжаюць ВІЧ-інфекцыя, цукровы дыябет, цяжкія захворванні нырак, анкалогія, недаяданне, злоўжыванне алкаголем), яна здольна паспяхова супрацьстаяць інфекцыі.

Лячэнне туберкулёзу – працяглае: ад 6 да 18 месяцаў. Пры выяўленні захворвання ў запушчанай стадыі, вядзенні чалавекам асацыяльнага ладу жыцця вылечванне наступае не заўсёды – з’яўляюцца ўскладненні з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак і іншыя, і пацыенты выходзяць на інваліднасць.

Каб своечасова выявіць паталогію, абавязкова праходзьце дыспансерызацыю і рэнтгеналагічнае даследаванне органаў грудной клеткі. Пры наяўнасці кашлю, павышанай тэмпературы, слабасці на працягу больш чым трох тыдняў звярніцеся да ўрача.

Надзея КАРАБАНЬ,
урач-фцізіятр Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *