Организация работ Ушачским участком водоканала всегда на должном уровне

Общество

Арганізацыя работ Ушацкім участкам водаканала заўсёды ўражвала. Яго начальнік Р.В.Селязень на сувязі, нават калі і ў адпачынку, як зараз, і абавязкова ў курсе спраў прадпрыемства. Ды і любы радавы работнік можа дэталёва расказаць пра ўсе выкананыя аб’екты. Сакрэт жа зладжанасці арганізацыі адкрыўся, калі напярэдадні прафесійнага свята пагутарыла з Русланам Васільевічам і слесарам аварыйна-аднаўленчых работ М.В.Маковічам, якія сёлета атрымалі ўзнагароды.

“Мы ж нават Новы год разам сустракаем, прычым на прыродзе і без шампанскага”, – усміхаецца Міхаіл Васільевіч, і не жартуе. З 31 снежня на 1 студзеня работнікі водаканала ліквідоўвалі парыў трасы на Школьнай, паведамленне аб якім паступіла вечарам. І каб не азмрачаць свята іншым, не рабілі перапынку нават “пад бой курантаў”. Толькі каля 2 гадзін ночы завяршылі рамонт, і побач з аварыйнай брыгадай быў і начальнік участка. І зусім не з-за недаверу падначаленым, проста не можа інакш.

“Аварыйнай брыгады ў нас у штаце не існуе, але калі экстранны начны выклік, яна імгненна збіраецца, бо ўсе на сувязі, – тлумачыць Р.Селязень. Вось Міхаілу Васільевічу першаму тэлефаную, ведаю, што ніколі не адмовіць. Слесар з вялікім вопытам і хоць сёлета можа ісці на заслужаны адпачынак, просім застацца, як жа мы без яго. Таксама ўнушальны стаж у арганізацыі ў электрыка Леаніда Шаўчэнкі і вадзіцеля Васіля Апёнка. Ды і наогул калектыў, у сладзе якога 21 работнік, у нас стабільны і зладжаны. Калі выязджаюць на планавую замену труб, якая зараз вядзецца ў Салонцы, ці на ўхіленне парыву, не дзеляць абавязкі па пасадах, а ўсе разам выпраўляюць няспраўнасць”.

Датычыцца, дарэчы, гэта і самога начальніка, якога не раз заставала з рыдлёўкай ці граблямі на разраўноўванні глебы пасля завяршэння аб’екта, за пошукам месца парыву, ды і электрыка пры неабходнасці заменіць. Складанасці ў рабоце водаканальшчыкаў дадае тая акалічнасць, што не існуе схем пракладкі, і арыентуюцца па памяць старэйшых работнікаў і логіку – ад калодзежа да калодзежа. На Ленінскай,16 нядаўна давялося спускацца пад зямлю на 4 метры – так нізка ляжалі трубы, ну а ля “Беларусбанка” некалькі год таму не хапіла стралы вялікага экскаватара, бо заляглі яны на сямі. Абрэзалі і паклалі новую.

Пошук месца парыву М.Маковіч называе самым складаным у рабоце. А як выправіць, абавязкова разбяруцца. Пры выездзе ў кожнай брыгадзе і генератар, і помпа, і зварка – увесь неабходны інструмент на замену. Работнікі – таксама ўніверсалы. Незаменным Міхаіл Васільевіч называе толькі зваршчыка Віталя Маісеенку.

Ільюшына – Школьная, Ушачы – Ленінская, 6, Глыбачка – Школьная, 7 – на старонцы “Полацкводаканала” ў вайберы папярэджваюць людзей пра аварыйныя выклікі. Аднак усё ж не ўсе перамяшчэнні нашага ўчастка можна па ім прасачыць. Не ўбачыш там работ, якія не замінаюць кліентам, ды і часта, як на закальцоўцы Градзянца, імкнуцца падключаць падачу па іншай лініі.

На добрым рахунку Ушацкі ўчастак і ў “Полацкводаканале”. Факт – не галаслоўны. Паколькі ў кожнай брыгадзе ёсць экскаватар, якімі кіруюць Генадзь Чарняўскас і Аляксандр Селязень, і наогул няма праблем з абсталяваннем і прафесійнымі кадрамі, вышэйстаячая арганізацыя практычна не дапамагае ўшачанам у планавых работах. Больш таго – даверыла з нуля і пад ключ узводзіць міні-станцыі абезжалезвання. Толькі першую, у Лутаве Сяльцы, падключалі спецыялісты з Полацка і сумесна манціравалі ў Мосары, усе астатнія – самастойна, прычым распачалі сёлета работы ў студзені. “Гэта на паверхні мароз, ды вада заўсёды халодная, а ў самой траншэі цёпла, – усміхаецца Міхаіл Васільевіч і дадае: – Голоўнае, што ў нас вельмі цёпла ў калектыве, мы ўсе – сябры, а сяброў не падводзяць”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *