В КУСХП «Великодолецкое» посеяно 38 гектаров овса

Сельское хозяйство

Сей у гразь – і будзеш князь. Хто не ведае гэтага народнага выслоўя, заснаванага на шматгадовых назіраннях нашых продкаў.

Адносіцца яно да аўсу, які не баіцца халадоў. І менавіта гэтую культуру першым у раёне закладаў на полі за Царкавішчам механізатар Васіль Алексяёнак з КУСГП “Вялікадолецкае” 16 сакавіка. На месяц раней, чым летась. “Было гэта 14 красавіка, а сёлета ў першы дзень вясны ўжо араў. Самы лепшы авёс вырас у мінулым годзе на вымачках – дзе далей затрымалася вільгаць”, – зазначыў механізатар, тым самым на прыкладзе пацвердзіў лейтматыў раённага семінару, які ў гэты ж дзень праходзіў на базе гаспадаркі.

Так, раніцай яшчэ трымаецца марозік і не паўсюдна могуць заехаць трактары, аднак у кожнай гаспадарцы ёсць лёгкія пясчаныя ўчасткі. Падбіраць іх і сеяць авёс, а таксама рыхтаваць глебу прыспешваў кіраўнікоў, галоўных аграномаў і інжынераў гаспадарак старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі: “У лясах дзясяткаў раёнаў краіны, у тым ліку і на Віцебшчыне ўжо аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі, калі ў Пастаўскім, Верхнядзвінскім раёне вільгаць на палях яшчэ затрымаецца, то ў нас на зломе кліматычных зон яе ўжо не будзе і паўторыцца мінулагодні малюнак, калі нават плугі немагчыма было загнаць у глебу. А 2024-ы прагназуецца яшчэ больш гарачым. Трэба ўлічыць леташнія памылкі і не марудзіць”.

Прааналізаваўшы эканоміку гаспадарак за папярэднія гады, Сяргей Сяргеевіч акрэсліў і прыярытэты сёлетняй пасяўной: “Пазалетасць атрымалі 24 тысячы тон збожжа, летась толькі 6, але павелічэнне надояў адбывалася ў 2023-м. А менавіта жывёлагадоўля застаецца асноўнай фінансавай крыніцай гаспадарак, і зніжэнне малака зараз – толькі ад недастатковасці ці нізкай якасці кармоў. Каб пратрымацца да пашавага сезона, на іх набыццё за межамі раёна “Сафійскімі дарамі” і “ Ільюшынскім” накіравана 500 тысяч рублёў, якія так спатрэбіліся б на закупку насення, запчастак, паліва. Калі б не адсутнасць з-за анамальнай спёкі травастою з першага ўкосу, гаспадаркі самі б прадавалі кармы, як і ў папярэднія гады, а сянаж і сілас моцна падняліся ў цане. Таму акцэнт павінен быць зроблены на кармавой базе”.

Сёлета ў Беларусі плануюць сабраць не менш 10 мільёнаў тон зерня.

На прывядзенне пасяўной кампаніі гаспадаркам ужо выдзелена 972 тысячы з абласнога бюджэту і 460 – з раённага. З іх 413 – на набыццё насення траў, у прыватнасці 253 – люцэрны.

Разнастаіць кармавыя культуры, каб сілас і сянаж быў збалансаваным па пратэіне, звярнуць асаблівую ўвагу на якасную закладку кукурузы. Існуе і не вельмі складаная тэхналогія закладкі плюшчанага зерня “царыцы палёў” непасрэдна ў траншэі. Таму ў структуры 5447 гектараў сёлетніх яравых зерневых і зернебабовых яна займае 1050, а яшчэ 2100 будзе пасеяна для ўборкі на сілас.

У “Вялікадолецкім” пасеяна 38 гектараў аўсу. Мы трэція ў Прыдзвінні па вельмі раннім старце, адкрыў які, дарэчы, самы паўночны – Гарадоцкі раён.

Намеснік начальніка райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў падрабязна спыніўся на тэхналогіі ўзворвання, закладцы насення, папярэдніках, спецыялістамі інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін былі агавораны асаблівасці своечасовай падкормкі палеткаў, пратручвання, а таксама характэрных хвароб раслін. Абмяркоўвалі і аптымальнае суседства зерневых з травамі, якія будуць падсявацца, бо напрыклад, люцэрна вельмі патрабавальная ў першы год жыцця. Выратавальнай летась для раёна аказалася і алейная рэдзька, якая сёлета таксама зойме тысячу гектараў.

На 19 красавіка ў раёне ўзарана 948 гектараў, падкормлена 664 азімых палеткаў, 867 – пашаў і 70 – шматгадовых траў, вывезена 77944 тоны арганікі.

Зараз вядзецца падсеў траў, падкормка, баранаванне пашаў, а таксама вывазка арганікі, якая патрэбна не толькі кукурузе. “Імкніцеся ўнесці яе пад усе культуры, бо яна паляпшае структуру глебы і дапамагае захоўваць вільгаць”, – зазначыў начальнік упраўлення земляробства і раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Віталь Мікалаевіч Вараб’ёў. Ён спыніў увагу на тым, што зараз дакладна трэба ведаць, для якіх мэт засяваюцца палеткі, на корм ці на зерне, бо зусім іншыя падыходы догляду. І акцэнтаваў увагу прысутных на культуры земляробства, як якасці ўзворвання, без зрэзаных вуглоў, так і ўсіх астатніх працэсаў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *