В рамках акции «Мы – граждане Беларуси!» в Ушачах самые активные и талантливые учащиеся школ района в торжественной обстановке получили паспорта

Общество

15 сакавіка краіна адзначыла Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Да гэтай знакавай даты ва ўсіх куточках нашай дзяржавы праведзена патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!” з урачыстым уручэннем пашпартоў. У асаблівую атмасферу свята акунуліся і нашы юныя землякі.

Напярэдадні Дня Канстытуцыі, пераможцу прадметных алімпіяд, даследчых, гісторыка-краязнаўчых конкурсаў, актывістку піянерскай арганізацыі Глыбачанскай СШ Ксенію Церашкавец запрасілі ў Савет Рэспублікі: пашпарт дзяўчына атрымала з рук спікера верхняй палаты Наталлі Качанавай. У віншаваннях, уручэнні памятных сувеніраў прыняў удзел таксама першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. Гэты дзень Ксенія, канечне, запомніць надоўга, уразіла яе і экскурсія па Савеце Рэспублікі – з аповедам пра работу сенатараў, наведаннем музея і залы, дзе разглядаюцца законапраекты.

 

Эмоцыі дагэтуль перапаўняюць васьмікласніцу Вольгу Цімафееву з Ушацкай СШ. Актыўная ўдзельніца розных мерапрыемстваў, член атрада юных інспектараў дарожнага руху ў ліку 20 лепшых навучэнцаў Віцебшчыны атрымала пашпарт у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з рук яе старшыні Уладзіміра Андрэйчанкі. “Нават падумаць не магла, што ў такі знакавы дзень пабываю ў Авальнай зале Дома ўрада, дзе 30 гадоў таму была прынята Канстытуцыя”, – прызналася дзяўчына.

Амаль двум дзясяткам школьнікаў Прыдзвіння, у ліку якіх – пераможца прадметных алімпіяд, удзельнік інтэлектуальных гульняў Аляксей Кірпічонак з Арэхаўскай СШ, 15 сакавіка пашпарты ўручыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Пасля ўрачыстай цырымоніі і адкрытага дыялогу з моладдзю кіраўнік паўночнага рэгіёну запрасіў усіх у свой рабочы кабінет, падкрэсліў, што перад юнакамі і дзяўчатамі адкрыты ўсе дарогі. Галоўнае – стаць дастойнымі грамадзянамі роднай Беларусі.

Узнёслае мерапрыемства прайшло ў пятніцу і ў нашым раёне – пашпарты атрымалі сямёра 14-гадовых юнакоў і дзяўчат. Поспехі на прадметных алімпіядах, фестывалі міжкультурных камунікацый дэманструе Аліна Дубоўская з Глыбачанскай школы. У спорце і турызме праяўляюць сябе Мацвей Азарэвіч і Віялета Міхейка з Ільюшынскай СШ. Нямала творчых дасягненняў у актывістак Ульяны Храпавіцкай і Дар’і Жахоўскай, раўняецца моладзь на Яфіма Ігнатовіча і Паліну Сабіну з Ушацкай школы.

З Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь удзельнікаў урачыстасці, што ладзілася ў раённым цэнтры культуры, павіншавала намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова. “Мы жывём у маладой суверэннай дзяржаве, дзе Канстытуцыя вызначае правы і абавязкі кожнага з нас. А вашы трывалыя веды, разнастайныя таленты закладуць падмурак паспяховай будучыні”, – зазначыла Анжаліка Анатольеўна і разам са старшым інспектарам групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС Таццянай Бандарэнка ўручыла падлеткам пашпарты і сувенірнае выданне Канстытуцыі нашай краіны.

У гэты ж дзень некалькі школьнікаў раёна папоўнілі рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Першы сакратар райкама Рыта Хрыпель уручыла ім членскія білеты.
Святочнага настрою мерапрыемству дадаў канцэрт ад работнікаў цэнтра культуры, выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, а таксама гасцей – духавога аркестра вайсковай часці 5530 горада Полацка.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *