В Ушачах прошла традиционная спартакиада среди трудовых коллективов

Cпорт

Нягледзячы на вельмі насычаны на падзеі дзень, раённая спартакіяда працоўных калектываў, што ладзілася ў суботу на спарткомплексе, традыцыйна стала масавай і эмацыянальнай. Свае сілы ў дзевяці відах спорту дэманстравалі прадстаўнікі васьмі каманд з адзінаццаці прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Забягаючы наперад, скажам, што ў агульнакамандным заліку на пераможным п’едэстале аказалася рэкордная колькасць калектываў – адразу шэсць.

Толькі ў адным відзе – настольным тэнісе – была прадстаўлена Арэхаўская школа. Тым не менш, порцыю апладысментаў здолела сабраць: Уладзімір Гардзіёнак і Аляксандра Шаўчэнка не пакінулі шансаў сапернікам, абышоўшы ў фінальных падыходах і вопытных лясгасаўцаў (у іх другое месца), і аб’яднаную каманду Ушацкай школы, райаддзела міліцыі (трэцяе). “Я хоць у водпуску, але спартакіяду прапусціць проста не мог! – не хаваў радасці ад перамогі Уладзімір. – Цікава было згуляць з галоўным урачом райбальніцы Юрыем Пацёмкіным, які ўласным прыкладам рэкламаваў актыўны лад жыцця, ды і з іншымі землякамі”.

У гіравым спорце ўдзельнікаў у гэты раз было не так шмат (відаць, асілкі шчыравалі на раённым суботніку). Ну а ў лідарах традыцыйна аказаліся гіравікі з РАНС і спажыўкааперацыі, райвыканкама, раёна электрычных сетак).

У шашках прадказальна першынстваваў Ігар Шышко з райвыканкама. “Да ліку моцных ігракоў сябе не адношу, таму задачу, якую ставіў перад сабой, нават перавыканаў”, – з усмешкай адзначыў, атрымліваючы “срэбра”, Дзмітрый Дрозд з Ушацкай школы. Кампанію ж прадстаўнікам моцнай паловы на п’едэстале склала Алеся Пясецкая з райбальніцы.
Азартна праходзіла гімнастыка. Сярод прадстаўніц прыгожай паловы як заўжды не было роўных Ірыне Цітовай з Ушацкай СШ – на яе “рахунку” 70 адцісканняў ад лаўкі! Годна выступіў на перакладзіне і Аляксандр Лісоўскі з РАУС, што забяспечыла аб’яднанай камандзе першае месца. Лепшым жа ў падцягванні (30 разоў) стаў Тарас Шаўчэнка з аддзялення Дэпартамента аховы, што з улікам нядрэннага жаночага выніку дазволіла камандзе стаць трэцяй. На другім месцы аказаліся выратавальнікі з кааператарамі.

У кулявой стральбе лепшыя балы паказаў прадстаўнік аховы Дзмітрый Салавей, крыху саступіў яму Дзмітрый Зелянко з РЭС, замкнула ж тройку лідараў Ірына Шчукіна з райвыканкама.

Разгарнулася барацьба і ў дартсе. “Золата” заваяваў работнік лясгаса Андрэй Лодзіс, “срэбра” – Ігар Шышко з райвыканкама, “бронзу” – Наталля Кляпец з райбальніцы. Дарэчы, у гэтым відзе выступаў і самы ўзроставы ўдзельнік спаборніцтваў Аляксандр Тарасеня з Ушацкай школы, які атрымаў ад раённага аб’яднання прафсаюзаў спецыяльны прыз. Яшчэ адзін уручаны самаму юнаму – Захару Арцішэўскаму з лясгаса.

Непрадказальна разгортваліся падзеі ў джэнга. Калі Вадзім Казак з РЭС ужо з першай спробы асіліў “залатыя” для яго 17 блокаў, Святлана Коршун з райбальніцы двойчы ўтрымлівала срэбраны вынік, то прадстаўніца лясгаса Анастасія Клундук з апошняга месца ў першым падыходзе (яе вежа рухнула ўжо на першых секундах) феерычна вырвала “бронзу” ў другім.

Лёгкаатлетычная ж эстафета сёлета ладзілася на футбольнай пляцоўцы ля комплексу. Ні вецер, ні крутыя віражы не перашкодзілі прадстаўнікам Ушацкай школы і РАУС Святлане Красновай, Уладзіміру Хамёнку, Станіславу Коршуну імкліва пераадолець дыстанцыю і заваяваць першае месца. Зусім крыху адсталі ад іх аб’яднаныя зборныя РАНС і спажыўкааперацыі, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і Дэпартамента аховы.

Гэтак жа ў лідарах аказаліся ўсе тры прыгаданыя каманды на спаборніцтвах па плаванні. І “золата” – зноў у школы і праваахоўнікаў. Гэта, зрэшты, нікога не здзівіла, бо ў іх складзе быў кандыдат у майстры спорту, начальнік РАУС Віталь Карэнскі.

…Пакуль судзейская брыгада падводзіла вынікі, а канкурсанты з хваляваннем чакалі ўзнагароджання, гледачы актыўна апрабоўвалі спартыўныя снарады, трэнажоры. Зацікавілася імі і Маша Лісіца, якой вось-вось споўніцца годзік. На спартакіядзе дзяўчынка “хварэла”, канечне ж, за каманду РЭС, за якую выступалі яе бацькі. Праўда, па выніках усіх відаў ад тройкі лідараў работнікаў арганізацыі аддзяліў усяго адзін бал – было вырашана адзначыць іх спецыяльным прызам ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Медалі і дыпломы сектара спорту і турызму райвыканкама атрымалі ў гэты дзень усе ўладальнікі лепшых вынікаў у асабістым заліку. Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя і галоўных пераможцаў: першай стала аб’яднаная каманда РАНС і філіяла аблспажыўтаварыства (з сумай месцаў у 33), “срэбра” – ва Ушацкай школы і РАУС (34), “бронза” – у Цэнтра і аховы (36). Трэба было бачыць, як радаваліся яны выніку – не было сумненняў, што і ў наступны раз абавязкова выйдуць на старт. Зрэшты, і астатнія разыходзіліся па дамах з цвёрдым перакананнем, што да будучай спартакіяды патрэніруюцца і трапяць у прызы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *