Шмат добрых прымавак пра ўсімі любімае свята стварыў беларускі народ. Ёсць у іх ліку і такое павер’е: “Уволю не пацешыцца на Масленіцу – жыць у горкай бядзе. Так што без масавых гулянняў ніяк не абысціся, таму ў нядзелю на цэнтральнай плошчы гарпасёлка ладзілася вясёлае развітанне з зімой і сустрэча
вясны.
Людзей, што прыйшлі на святкаванне, чакала шмат цікавага. Культработнікі падрыхтавалі адмысловую праграму з масленічнымі песнямі і танцамі, народнымі гульнямі. Ушачане вялі баі мяхамі на бервяне, падкідвалі бліны на патэльні, практыкаваліся ў іншых спрадвечных беларускіх забавах. Цікавыя конкурсы ладзілі работнікі раённай бібліятэкі і цэнтра дзяцей і моладзі. Прычым, удзельнічалі ў іх і дзеці, і дарослыя. Набыць прыгожыя сувеніры, выпрабаваць фартуну ў латэрэі прапаноўвалі прадстаўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Ушацкага дома рамёстваў і народнага клуба “Адраджэнне”.
Але найперш Масленіца – блінны тыдзень. І ў суботу літаральна кожны, хто пабываў на плошчы, ацаніў іх смак. Начынка была самай рознай – ад варэння і мёду да ікры. Пры гэтым усім гасцям свята прапаноўвалася аддаць свой голас за арганізацыю, якая найбольш смачна прыгатавала і арыгінальна аформіла галоўную страву мерапрыемства. Чэмпіёнам у конкурсе бліноў стала Ушацкая школа.
Нельга было не заўважыць на вуліцах пасёлка людзей у незвычайных касцюмах – удзельнікаў конкурсу на лепшы масленічны вобраз. Сваім выглядам яны не толькі ўздымалі настрой, а і давалі магчымасць яшчэ больш адчуць каларыт традыцыйнага святкавання Масленіцы. Пераможцам конкурсу стаў дзіцячы сад №3, прадстаўнікі якого насамрэч уразілі крэатывам і артыстычнасцю.
“Масленіца – адно з маіх любімых святаў. Падабаецца атмасфера, а яшчэ тое, што дзеці могуць убачыць традыцыі продкаў”, – падзялілася з намі ўшачанка Таццяна Пахолак.
Вядома ж, не абышлося без традыцыйнай масленічнай кульмінацыі: пад радасныя воклічы людзей запалала чучала зімы. Нават у эпоху штучнага інтэлекту і касмічных тэхналогій старажытны рытуал працягвае жыць і ўвасабляць у сабе жаданне людзей развітацца з усімі праблемамі і нягодамі.
Улада МАІСЕЕВА,
студэнтка ВДУ імя П.М.Машэрава.