Сёлета ў будаўнічай кампаніі “Ніксілбуд” – юбілей. Хацелася сказаць невялікі, толькі гэта не так. Для фірмы 20 год – істотны тэрмін праверкі на дзеяздольнасць.
Многія, а рэгістравалася прыватных кампаній за гэты час шмат, і за карацейшы час не змаглі ўтрымацца на плыву. А М.М.Бабаедаў угадваў патрэбы рынку і паступова адкрылася яшчэ дзве кампаніі: “Прамбудлід” і “УнГандальРэфлекс”, якія займаюцца вытворчасцю і рэалізацыяй тавараў. Напрацаваны ўстойлівы аўтарытэт, бо задавальняліся інтарэсы як буйных заказчыкаў, так і прыватнікаў. Прычым, сваіх, ушацкіх, а значыць у прыярытэце заўсёды заставалася якасць.
Залогам паспяховасці лічу тую акалічнасць, што Мікалай Мікалаевіч заўсёды займаўся тым, што добра ведае. Прычым, інжынер-будаўнік не толькі ў тэорыі падкаваны. Дом можа пабудаваць без прыцягнення муляраў, цесляроў і стропальшчыкаў. Пацвярджэннем таму і ўласная дагледжаная сядзіба, і кансультацыі падначаленым, якія некалькі разоў даваў нават падчас нашай непрацяглай размовы. А крыху пазней і накіраваўся ў Ліпавец, дзе ў “лялечку” ператваралася старая хаціна.
“Здаём дамы “пад ключ” ці гэта заказ па новабудоўлі, ці рэканструкцыя. Выконваем абсалютна ўсё ад перакрыцця дахаў да электра- і водазабеспячэння. Звяртаюцца часцей за ўсё мнагадзетныя сем’і, якія атрымалі субсідыю ці сямейны капітал. Ды і прыватнікі, што самастойна робяць рамонты, часта прыходзяць не толькі за будаўнічымі матэрыяламі. У нас ёсць станок, на якім з бляхі выгінаем канькі, ветравыя планкі, гэта дае магчымасць без адходаў да сантыметра заказаць патрэбны памер, калі ўжо на месцы дакладна бачна, якім ён павінен быць, і зразумела, зэканоміць, у тым ліку і час – заказ выканаем за 15 хвілін. Да таго ж у продажы ўсе металічныя элементы для даху даўжынёй па два метры, у нас жа станок трохметровы, у наяўнасці пастаянна чатыры самыя хадавыя колеры”, – тлумачыць Мікалай Мікалаевіч, паказваючы, як рэжацца метал.
Дэманструе гэта Максім Гардзіёнак, якога праз некалькі хвілін сустракаю ўжо ў цэху па вырабе вокнаў. У трох кампаніях зараз працуе каля 20 чалавек, і кожны са спецыялістаў – прафесіянал-універсал.
Сяргей Судак кіруе бадай самай дэфіцытнай машынай – кранам, які часта заказваюць для разавых работ. Дык адзін з арандатараў не паверыў, што прыземістаму “здаравяку” ў пары са стройнай стралой ужо 12 гадоў – так узорна выглядае. Такі ж стаж працы на прадпрыемстве ў механізатара Леаніда Кладніцкага. Мог бы быць на пенсіі, ды застаўся, паколькі запатрабаваны.
Аднойчы “Віцебскнафтапрадукт” папрасіў выручыць з расчысткай аўтазаправачнай станцыі. Якасць работы Мікалая Балотніка задаволіла настолькі, што ўжо 5 гадоў з “Ніксілбудам” заключаецца дагавор на абслугоўванне. Фёдар Пугачоў, Сяргей Дуброўскі, Алег Петухоў, – працуюць сапраўды правераныя і запатрабаваныя майстры на ўсе рукі, якія і бетон “звараць”, і шоў па любым метале. Сёння на будоўлі – заўтра на вырабе вокнаў, ці нават у адзін дзень вулічныя работы мяняюць на цэхавыя. Усё залежыць ад заказаў і тэрмінаў іх выканання. Вялікая нагрузка і на адміністрацыі, дзе шмат год працуюць Валянціна Дзярбасава, Наталля Басак і Таццяна Кудраўцава.
Неабходную для насельніцтва нішу закрывае магазін “Будматэрыялы”. У ім у наяўнасці 2500 найменняў тавару: ёсць літаральна ўсё ад цвікоў да цэглы, шыферу, шклаваты і розных сучасных навінак.
У кожным вытворчым памяшканні па тры, чатыры, а то і пяць станкоў. Нават калі і задзейнічаны не ўсе, гэта не азначае, што не патрэбны. Тут не прыбягаюць да метаду народнага ўмельства, калі нешта прыстасоўваецца падручнымі матэрыяламі, а выкарыстоўваюць выключна дакладнае абсталяванне. Пластыкавы профіль пад вокны ці алюмініевы на балконы – патрэбны розныя агрэгаты толькі для абрэзкі профілю, а яшчэ шкла, па сушцы, герметызацыі шклопакетаў. Заказчык ва ўсе гэтыя тонкасці і не ўнікае: ад замеру да ўстаноўкі з аддзелкай – усё традыцыйна здаецца пад ключ. А паколькі робяць на месцы і для сваіх, ушацкіх, то і крытэрый адзін – каб спажывец застаўся задаволены. Ведаю гэта і на ўласным прыкладзе. Для аддзелкі вокнаў першапачаткова заказала пластык. Паставілі на адно, паглядзелі, што не пасуецца на шырокіх бярвенчатых сценах, узгаднілі новы, гіпсакардонавы варыянт. Ці магчымы такія перамовы з кліентам, калі вытворца не мясцовы?
Магазін “Будматэрыялы”, які належыць кампаніі, добра вядомы і запатрабаваны ва ўшачан (у тым ліку і з-за дэмакратычнага цэнніка). Профільная кропка працуе і па заказах, а разнастаіць асартымент дапамагаюць шматлікія каталогі. Прывязуць у любую вёску раёна патрэбны памер і афарбоўку лінолеуму, сайдзінгу, металапрофілю, прычым, непасрэдна да дому, калі буйнагабарытны тавар няма на чым даставіць. Па гарпасёлку такса на транспартныя паслугі – 10 рублёў, на раёне – 1 рубель за кіламетр. Ну а пры вялікай суме заказу дастаўка наогул будзе бясплатнай незалежна ад кіламетражу. Кожны канкрэтны выпадак варта абгаварыць на месцы, ну а агульную мову з заказчыкам тут абавязкова знойдуць.
Вольга Караленка.