Да радаснай і ўрачыстай падзеі – першага званка – засталося зусім мала часу. І традыцыйна фінішам летняй рамонтнай пары стала жнівеньская прыёмка школ, дзіцячых садоў, пазашкольных устаноў з выдачай пашпартоў гатоўнасці. Пра тое, як праходзіла падрыхтоўка школ да новага навучальнага года, нам расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Рыгораўна КАРАБАНЬ.
Калектывамі ўстаноў адукацыі завершаны бягучы рамонт школ, дзіцячых дашкольных устаноў, цэнтра пазашкольнай работы. Выкананы работы па афарбоўцы падлог, сцен, спартыўнага і гульнявога абсталявання, пабелцы столяў, замене шпалер у класах і кабінетах. На ўсё гэта выдаткавана 52,8 мільёна рублёў пазабюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі.
Была арганізавана часовая працоўная занятасць 126 навучэнцаў старэйшых класаў на добраўпарадкаванні Вялікадолецкай, Вяркудскай, Глыбачанскай, Касарской, Ільюшынскай, Мосарскай, Плінскай, Арэхаўскай і Ушацкай агульнаадукацыйных школ. Школьнікі фарбавалі памяшканні, азелянялі тэрыторыі ўстаноў адукацыі, і выканалі работы на 31 мільён рублёў.
Належная ўвага была нададзена падрыхтоўцы да новага вучэбнага года пунктаў харчавання. Праведзены бягучы рамонт харчаблокаў і абедзенных залаў, адрамантавана тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, абноўлены кухонны і сталовы посуд. У рамках Праграмы развіцця дашкольнай адукацыі для ясляў-сада №4 закуплена новае тэхналагічнае абсталяванне на суму 15,5 мільёна рублёў.
Для ўсіх устаноў адукацыі набыты спецвопратка, мыйныя і дэзінфіцыруючыя сродкі, выканана перазарадка вогнетушыцеляў. У Арэхаўскі яслі-сад закуплена новае сантэхнічнае абсталяванне. Выкананы частковы рамонт даху ў яслях-садзе №26 г.п.Ушачы.
Новая кацельня ўстаноўлена ў Кубліцкай школе-дзіцячым садзе, на што выдаткавана 780 мільёнаў рублёў. Заменены ацяпляльны кацёл у Плінскім яслях-садзе, набыты энергазахавальныя помпы для Арэхаўскай, Касарской, Старасельскай школ. У адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў і правіл аб забяспечанасці аб’ектаў харчавання гарачай праточнай вадой на харчаблоках у чатырох дзіцячых дашкольных установах устаноўлены электраводанагравальнікі. На правядзенне гэтых работ пайшло 8,4 мільёна рублёў.
Усе ўстановы адукацыі правялі значную работу па эстэтычным афармленні класаў і кабінетаў. Выканана шторнае афармленне вокнаў у Мосарскай, Ільюшынскай, Кубліцкай, Арэхаўскай школах.
Ва ўсіх школах зроблены бягучы рамонт спартыўных залаў, добраўпарадкаваны спартыўныя пляцоўкі.
Праведзены работы па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, абноўлены дызайн кветнікаў. У дашкольных установах аформлены новыя дэкаратыўныя кампазіцыі “Беларускі падворак”, “Сельскі панадворак”, выраблены малыя архітэктурныя формы, казачная паляна “У гасцях у лясных жыхароў”. У Глыбачанскай школе-дзіцячым садзе аформлена і абсталявана дзіцячая пляцоўка.
Усе ўстановы адукацыі Ушаччыны вытрымалі экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года і атрымалі пашпарты гатоўнасці. Чакаем першага верасня, калі адзнаку школам паставяць вучні.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.