«Семья без насилия»

Общество

Нядаўна мы разам з прадстаўнікамі райвыканкама, аддзела ўнутраных спраў і аддзела па надзвычайных сітуацыях адправіліся ў рэйд, які праводзіўся ў рамках прафілактычнай акцыі “Сям’я без насілля”. На гэты раз – у Жарскі сельсавет. Гэтая “зона” была выбрана невыпадкова: па статыстыцы, менавіта Жарскі сельсавет займае другое месца (пасля Сарочынскага) па ўзроўні крымінагеннай абстаноўкі.

Мы былі прыемна здзіўлены таму, наколькі змянілася за апошні час абстаноўка ў Ільюшыне, дзе яшчэ нядаўна колькасць нядобранадзейных сем’яў зашкальвала. Калі раней многія з жыхароў вёскі злоўжывалі спіртнымі напіткамі, нідзе не працавалі, вялі разгульны лад жыцця, то зараз сітуацыя карэнным чынам змянілася. Людзі, якія некалі спатыкнуліся, знайшлі ў сабе сілы, праявілі характар і сталі на шлях выпраўлення: закадзіраваліся, уладкаваліся на працу. І ўсё гэта – вынік мэтанакіраванай работы з названай катэгорыяй грамадзян мясцовай улады.
На жаль, іншыя вёскі Жарскага сельсавета пахваліцца такімі станоўчымі зрухамі пакуль не могуць. У кожным наведаным доме – свая гісторыя, свая бяда. У адной сям’і вось ужо працяглы час не працуе дарослы сын, “гуляе” на пенсію пажылых бацькоў, якія, пабойваючыся агрэсіўнага нашчадка, дабравольна аддаюць усе свае грошы. Мужчына гаворыць, што спрабаваў уладкавацца, але не атрымліваецца: з падмочанай алкаголем рэпутацыяй на работу не бяруць. З грамадзянінам праведзена гутарка аб неабходнасці “завязаць” з алкаголем і ўладкавацца на працу. Для гэтага былі вызначаны канкрэтныя тэрміны. Калі ж мужчына не адумаецца, будзе вырашацца пытанне аб яго прымусовым лячэнні ад алкагалізму.
У вёсцы Старынка нашых “падапечных” доўга шукаць не прыйшлося: размясціўшыся каля хаты аднаго з вяскоўцаў, яны чакалі “ганца” з магазіна. У аднаго з іх сям’я распалася, жонка пераехала ва Ушачы. Мужчына пасля смерці маці застаўся жыць у бацькоўскім доме. На працу не ўладкоўваецца, будні часта праводзіць за бутэлькай. Але, нягледзячы на частыя п’янкі, парадак у доме, на двары і агародзе ў мужчыны наведзены. Яго сябар, малады чалавек 1979 года нараджэння, таксама ўжо шэсць гадоў не працуе, жыве за грошы сваёй маці. Падчас нашага візіту моцна нерваваўся, спяшаўся хутчэй пакінуць хату. Вядома ж: таварышы, у якіх ужо куплена віно, чакаць доўга не будуць!.. Абодва мужчыны папярэджаны, што за такія паводзіны яны могуць быць накіраваны ў ЛПП.
Падобныя рэйды праводзяцца рэгулярна, падчас іх даводзілася бачыць рознае. Таму нам, яго ўдзельнікам, здавалася, што здзівіць нас ужо немагчыма. Аднак памыліліся. У вёсцы Гута завіталі да 92-гадовай жанчыны. Наш візіт быў незапланаваны, проста вырашылі спытаць у грамадзянкі, ці патрэбна ёй якая-небудзь дапамога. Аднак менавіта ў гэтай хаце прыйшлося затрымацца надоўга. На бачным месцы ў хаце бабулі – на цвіку каля печы – вісела… стрэльба. Жанчына патлумачыла, што зброя, а таксама некалькі патронаў захаваліся ў яе з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Як бы мовіць, для самаабароны. Некалькі разоў нават брала стрэльбу ў рукі і думала “адпугнуць” аўтамабілістаў, якія ездзілі ўначы каля хаты. Аднак браць грэх на душу не стала. Нашы словы аб неабходнасці здаць зброю ў раённы аддзел міліцыі жанчына ігнаравала, доўга не згаджалася развітвацца са сваім “арсеналам”.
Наведалі і іншыя дамы, жыхары якіх зрабілі адпаведныя высновы. А калі людзі імкнуцца самастойна змяніць жыццё да лепшага, то гэта пахвальна. Такім хочацца дапамагаць, іх трэба падтрымліваць.
Бытавыя ўмовы ў наведаных сем’ях, канечне, далёка не ідэальныя (пра што сведчыць здымак, зроблены ў адной з хат), але не гэта самае страшнае. Намнога страшней, здаецца, цяжкая атмасфера чалавечай няўдачлівасці, жыццёвай беспрасветнасці, у якой, заліваючы нягоды алкаголем, жывуць некаторыя грамадзяне.
Членамі рабочых груп у гэты дзень было праведзена 89 прафілактычных гутарак з грамадзянамі, якія знаходзяцца на ўсіх відах уліку ў РАУС, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, грамадскім пункце аховы правапарадку пры Жарскім сельвыканкаме. Былі абследаваны ўмовы пражывання, санітарна-тэхнічны і супрацьпажарны стан домаўладанняў вышэйназванай катэгорыі грамадзян, а таксама ўмовы пражывання непаўналетніх дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях па выніках абследавання вынесена 44 прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, па замене электраправодкі, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, канфіскаваны так званы “жучок”. У ходзе акцыі былі выяўлены два выпадкі насілля ў сям’і.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *