Твоя жизнь в твоих руках. Скажи «НЕТ» наркотикам

Здравоохранение

На сённяшні дзень наркотыкі спажываюць звыш 200 мільёнаў чалавек, яшчэ каля 275 мільёнаў хаця б раз іх спрабавалі. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, такая звычка штогод забірае каля 450 тысяч жыццяў.

Праблема наркаманіі – актуальная і для Віцебшчыны: захваральнасць на яе пастаянна расце – летась выяўлена 54 новыя выпадкі. Залежнасць ад таксічных рэчываў у 2023-м займелі 14 жыхароў вобласці, 122 пачалі спажываць наркатычныя і таксічныя рэчывы са шкоднымі наступствамі. Што асабліва непакоіць, колькасць непаўналетніх у гэтых групах – 17 (у 2022-м было 8).

На пачатак 2024-га на дыспансерным уліку ў наркалагічных кабінетах Віцебшчыны знаходзілася 510 наркаспажыўцоў, на прафілактычным назіранні – 490. У пераважнай большасці гэта “несямейныя”, ужо судзімыя мужчыны да 40 гадоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Выбіралі ж яны часцей за ўсё канабіноіды і псіхастымулятары, наркотыкі опіумнай групы ці адразу некалькі псіхаактыўных рэчываў.

Спажыванне наркотыкаў па-ранейшаму часцей адзначаецца ў буйных гарадах вобласці: Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку, а таксама ў Аршанскім і Віцебскім раёнах. Ва Ушачах на ўліку наркаспажыўцоў няма.

У Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі, Полацкай абласной псіхіятрычнай бальніцы, Аршанскім псіханеўралагічным дыспансеры працуюць кабінеты замяшчальнай тэрапіі метадонам (ці бупрэнарфінам). На пачатак 2024-га тут знаходзілася 46 чалавек. На базе падлеткавага наркалагічнага аддзялення першай медустановы (г.Віцебск, пр-т Маскоўскі, 64, тэлефон 68-94-38) адкрыта “антынаркатычная пляцоўка” – з выкарыстаннем планшэтаў, акуляраў віртуальнай рэальнасці, магчымасцю прасканіраваць арганізм з дэманстрацыяй у рэальным часе ўплыву на яго згубных звычак… Яе работа нацэлена на фарміраванне ў непаўналетніх вопыту жыцця без наркотыкаў, навыкаў супраціўлення ўплыву асяроддзя, павышэння ўзроўню медыцынскіх і прававых ведаў.

Летась на Віцебшчыне з 844 да 1030 павялічылася колькасць праводзімых медаглядаў для вызначэння факту ўжывання наркотыкаў.

Па пытаннях лячэння наркатычнай залежнасці можна звярнуцца ў стацыянар прыгаданага вышэй цэнтра па адрасе: пас. Віцьба, вул. Цэнтральная, 1-а, тэл. (8-0212) 69-29-85 або ў дыспансер: г. Віцебск, вул. Камуністычная, 1\3, тэл. (8-0212) 61-45-80. Ананімная дапамога аказваецца па адрасе: г. Віцебск, вул. Н.Церашковай, 30 (паліклініка №1, 4-ы паверх), тэл. (8-0212) 61-45-76. У Полацку нарказалежных пацыентаў чакаюць па вул. 23-х гвардзейцаў, 4а, тэлефон рэгістратуры: (8-02144) 43-57-37, наркалагічнага аддзялення стацыянара: (8-02144) 43-41-84.

Па пытаннях прафілактыкі, барацьбы з нарказалежнасцю можна звярнуцца на кругласутачны “тэлефон даверу” (8-0212) 61-60-60.

Паліна ПУГАЧ,
урач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *