Сегодня прошла первая сессия Ушачского районного Совета депутатов 29-го созыва

Общество

Прайшло першае пасяджэнне Ушацкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Нагадаем, што ў гэты орган дзяржаўнага кіравання па выніках галасавання 25 лютага 2024 года абрана 26 дэпутатаў. Адным з асноўных пытанняў павесткі першай сесіі стаў выбар старшыні, які будзе займацца дэпутацкай дзейнасцю на прафесійнай аснове і ўзначаліць раённы Савет. Удзел у пасяджэнні і тайным галасаванні прынялі 25 дэпутатаў. Па яго выніках на названую пасаду аднагалосна абраны дэпутат ад Цэнтральнай выбарчай акругі №5 Наталля Мікалаеўна Марковіч.

У падтрымку кандыдатуры Н.М.Марковіч, якая ўзначальвала райсавет 28 склікання, выступілі дэпутаты Святлана Пятроўна Васілеўская, Валянціна Леанідаўна Хамёнак, Ганна Уладзіміраўна Хамёнак, якія адзначылі, што за гады працы Наталля Мікалаеўна зарэкамендавала сябе толькі са станоў­чага боку, карыстаецца аўтарытэтам у актыва і насельніцтва раёна. Вопытны і ўдумлівы кіраўнік, заўсёды ў курсе спраў у калектывах і населеных пунктах, умее граматна арганізаваць работу, шмат увагі ўдзяляе пытанням добраўпарадкавання, працаўладкавання, патрыятычнага выхавання, уважліва адносіцца да кожнага звароту грамадзян.

Старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі павіншаваў дэпутатаў з пачаткам работы, а Н.М.Марковіч з абраннем на высокую пасаду і выказаў спадзяванне на плённае супрацоўніцтва. “Нам дзейнічаць разам і вырашаць агульныя задачы па развіцці нашага рэгіёну, павышэнні дабрабыту людзей”. Таксама кіраўнік раёна выказаў словы падзякі ўсім прысутным за годнае правядзенне выбарчай кампаніі – на пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі ўсіх працоўных калектываў і актыў раёна. І сапраўды, у выбарах прынялі ўдзел многія з прысутных у зале – працавалі ў камісіях, збіралі подпісы, адказвалі за падрыхтоўку памяшканняў участкаў для галасавання ці забяспечвалі законнасць і правапарадак.

Наталля Мікалаеўна падзякавала ўсім за аказаны давер і падкрэсліла, што дэпутацкі корпус стане надзейным плячом для выканаўчай улады, будзе прыкладаць усе намаганні для вырашэння праблем людзей. Дарэчы, яго склад значна абнавіўся і памаладзеў, але захавалася пераемнасць – частка дэпутатаў маюць вопыт дзейнасці ў раённым Савеце 28 склікання.

На сесіі абраны і рабочыя органы раённага Савета дэпутатаў новага склікання. Намеснікам старшыні на грамадскіх пачатках стаў дэпутат ад Арэхаўскай выбарчай акругі №23 Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. Сфарміраваны чатыры пастаянныя камісіі. У іх складзе дэпутаты будуць працаваць над вывучэннем пытанняў і падрыхтоўкай праектаў па розных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця. За дзейнасць камісіі па пытаннях законнасці і мясцовага самакіравання цяпер адказвае першы намеснік начальніка Ушацкага РАНС Мікалай Паўлавіч Шустроў, па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця – начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Валер’еўна Раманоўская. Пытаннямі развіцця аграпрамысловага комплексу і экалогіі зоймецца камісія, якую ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак, а старшынёй камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і па справах моладзі абрана начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская. У склад прэзідыума райсавета ўвайшлі старшыня, яго намеснік, старшыні пастаянных камісій і раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская.

Першыя арганізацыйныя сесіі прайшлі і ў сельскіх Саветах дэпутатаў. Старшынёй Вялікадолецкага абраны Алег Леанідавіч Сыс, Глыбачанскага – Віктар Віктаравіч Шаршнёў, Кубліцкага – Марыя Васільеўна Ярмош, Жарскага – Святлана Цімафееўна Міхейка, Сарочынскага – Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, Вяркудскага – Вера Міхайлаўна Маслак, Ушацкага – Міхаіл Пятровіч Хоміч.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *