Богатство Ушачского района — водные ресурсы

Общество Экология

Водныя рэсурсы – бадай, галоўнае багацце нашага раёна. 187 азёр, два дзесяткі рэк, мноства ручаёў – большая частка гэтых вадаёмаў звязана між сабой пратокамі і ўтварае ўнікальную водную сістэму. Акрамя таго Ушаччына – край рэдкага спалучэння мінеральных вод. Славутыя Баркоўшчынскія крыніцы былі вядомы ў Еўропе яшчэ пяць стагоддзяў таму. Усё гэта багацце можа даваць нам добры прыбытак, калі будзе талкова выкарыстоўвацца для арганізацыі аздараўленчага адпачынку, турызму, палявання. Ад нас жа патрабуецца галоўнае – захаваць нашу водную спадчыну, не сапсаваць яе ўздзеяннем “пладоў цывілізацыі”. Аб тым, што для гэтага робіцца, расказвае выконваючы абавязкі начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сяргеевіч ДРОЗД. 

Нагляд за станам водных рэсурсаў вядзецца па трох напрамках – кантроль паверхневых, грунтовых і сцёкавых вод. Ажыццяўляць яго нам дапамагае Глыбоцкая міжраённая лабараторыя аналітычнага кантролю. Яе прадстаўнікі прыязджаюць у наш раён згодна распрацаванага графіка або па нашым выкліку (у экстранных выпадках).
Самая вялікая частка работы – кантроль паверхневых вод, гэта значыць – усіх вадаёмаў Ушаччыны. Найбольшая ўвага надаецца азёрам, дзе існуе высокая рызыка забруджвання – побач знаходзяцца аб’екты жывёлагадоўлі. Рэгулярна кантралююцца вадаёмы ў зонах адпачынку, тыя, што з’яўляюцца аб’ектамі турызму і рыбалоўства. Так, у апошні час быў праведзены хімічны аналіз вады ў азёрах Оталава, Вечалле, Чарсцвядскае, Усвея.
Спіс вадаёмаў, якія пажадана праверыць, складае наша інспекцыя, пры гэтым улічваюцца сігналы грамадзян. Так, напрыклад, 18 ліпеня мы атрымалі трывожнае паведамленне аб тым, што на беразе возера Мена мясцовыя жыхары бачылі мёртвую рыбу. Мы неадкладна выклікалі спецыялістаў лабараторыі, якія правялі неабходныя замеры, зрабілі хімічны аналіз вады і паведамілі, што “чалавечы фактар” да ўзнікнення замору дачынення не мае – таксічных скідаў у возера не было. Меў месца натуральны працэс. Пад уплывам спякоты і з прычыны таго, што возера мае невялікую глыбіню (у сярэднім – 1,7 м., а месцамі – толькі паўметра), пачалося моцнае цвіценне вады. Жабры малькоў і невялікай рыбы забіваліся дробнымі часцінкамі водарасцяў – рыба пачала задыхацца.
Дарэчы, перадзаморныя сітуацыі на нашых вадаёмах часцей назіраюцца ўзімку, і звязаны яны з недахопам кіслароду (каб рыба сябе адчувала нармальна, яго павінна быць у вадзе больш за 4 працэнты). Мінулай зімой праводзіўся аналіз вады ў азёрах Усвея, Саланец, Матырына, Чарсцвяды, прычым, у трох апошніх – па просьбах арандатараў. Напэўна, у тым ліку і дзякуючы іх пільнасці, а таксама намаганням прыродаахоўнікаў перадзаморныя сітуацыі не ператварыліся ў крытычныя.
Пастаянны кантроль хімічнага складу сцёкавых вод – неад’емная частка жыцця любога больш-менш вялікага населенага пункта. Вядзецца ён па шэразе кампанентаў, асноўныя з якіх – працэнтнае ўтрыманне ў сцёках нафтапрадуктаў, хларыдаў, сульфатаў, азотанітратаў. Усяго кантралюецца 15 кампанентаў, кожны з якіх не павінен перавышаць устаноўленую норму. У адваротным выпадку прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння і выстаўляецца іск у памеры нанесенага навакольнаму асяроддзю ўрону. Прычым, гэта датычыцца не толькі ачышчальных збудаванняў, якія належаць УП ЖКГ, але і прыватных асоб. Калі хтосьці надумаецца зліць у вадаём нейкія таксічныя рэчывы – ён парушыць закон і будзе несці за гэта адказнасць.
Для вядзення кантролю грунтовых вод ва ўстаноўленых месцах робяцца спецыяльныя свідравіны. У нашым раёне такая свідравіна прабурана побач з цэнтральным палігонам цвёрдых бытавых адыходаў. Камунальнікі павінны весці кантроль прыёму адыходаў, сачыць, каб хто-небудзь не прывёз на палігон небяспечныя рэчывы, якія праз грунтовыя воды могуць трапіць у вадаёмы і нанесці шкоду і навакольнаму асяроддзю, і насельніцтву.
Трэба сказаць, што ў нас шмат чаго робіцца, каб захаваць чысціню вадаёмаў. Распрацаваны план-графік вынясення да 2015 года аб’ектаў жывёлагадоўлі за прыбярэжную паласу рэк і азёр. За фермамі, што пакуль яшчэ размяшчаюцца паблізу ад вадаёмаў, вядзецца пастаянны кантроль. Сочым, напрыклад, каб побач з берагам не складзіравалася арганіка. Рэгулярна праводзяцца сумесныя рэйды з супрацоўнікамі пракуратуры, прадпрыемствы-парушальнікі нясуць адміністрацыйную адказнасць.
Але намаганні нашай інспекцыі не дадуць значнага плёну, калі не будуць падмацаваны жаданнем кожнага жыхара Ушаччыны захаваць яе воднае багацце. Давайце дзейнічаць разам – толькі тады нашы ўнукі і праўнукі змогуць атрымаць асалоду, купаючыся ў ласкавых водах Вечалля, або седзячы з вудай на беразе павольнай Дзівы.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *