«Ассортимент более 2,5 тысячи товаров». Продавец магазина стройматериалов «УнТоргРефлекс» Евгения Журко без записей помнит каждый товар

Общество

“Электроды РЦ, двойку, калі ласка, самарэзы “topx”, жоўтыя, 16-ку і ПБПП-кабель, 2,5”, – мужчына пытаецца пра тавар, назва якога больш падобная на іспыт у політэхнічным інстытуце. Аднак Яўгенія Журко і вокам не маргнула – хуткімі рухамі дастала з розных паліц і адно, і другое, і трэцяе, назвала кошт і пачала падбіраць пену пад агучаныя, аднак неканкрэтныя характарыстыкі наступнага пакупніка.

“Як гэта магчыма? Напэўна, запісваеце, дзе што ляжыць, што азначае, і штурмуеце спецыяльную літаратуру, каб не выглядаць прафанам?” – стаўлю сябе на месца прадаўца магазіна “Будматэрыялы” “УнГандальРэфлекса” і чую нечаканае. “Нічога не запісваю, я ж вельмі разумная, – Яўгенія Міхайлаўна гарэзліва смяецца і ўжо сур’ёзна тлумачыць. – Дзесяць гадоў тут працую, а да гэтага 20 – у ПМК-66, спачатку бухгалтарам менавіта па будаўнічых матэрыялах, а потым галоўным. Так што віды цэглы, грунтовак, шпаклёўкі ці фарбаў для мяне не ў навіну. Хаця матэрыял значна абнаўляецца, і калі паступае нешта прынцыпова новае, нам паведамляюць, тады, канечне, чытаю. Мая напарніца Наталля Ляхоўская таксама раней працавала ў магазіне “Дамавёнак” і са спецыфікай, пагаджуся, зусім няпростай, знаёма. Калі прымаем тавар, наклейваем цэннікі і ставім абавязкова на сваё месца – гэта спрашчае работу. Бо адных і тых жа самарэзаў толькі па памеры пяць відаў, а яшчэ па матэрыяле, колеры і самая вялікая разнастайнасць па галоўках – “topx”– гэта ўтопленая шасціпромневая зорачка. Увогуле, у нас асартымент больш за 2,5 тысячы тавараў. Раней, калі цэны не мяняліся, на памяць ведала кожную, зараз страхуюся, гляджу па прэйскуранце”.

Яўгенія Міхайлаўна і шурупавёртам, і пэндзлем сама лёгка валодае. Аднак не толькі з мулярамі, прарабамі, зваршчыкамі размаўляе “на ты”. Любімае яе хобі – гэта кветкі, якіх у палісадзе безліч, ад любімых флёксаў да штамбавых руж. Таму лепшую марку секатара, кустарэза параіць, ды яшчэ і пра догляд раскажа. Зараз непаўторны перыяд чакання першацветаў, і хутка па некалькі разоў на дні будзе вітацца з бутонамі цюльпанаў, ірысаў, пышнымі кустамі клямацісаў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *