Поинтересовались у цветоводов, чем в этом году будут привлекать ушачские клумбы

Общество

Пачатак вясны – самы час завесці размову пра кветкі. Прынамсі, пра прыгажосць райцэнтра ў цёплы сезон камунгасаўцы пачалі клапаціцца яшчэ ў разгар зімы – святло фіталямпаў на трэцім паверсе КБА гарыць не першы тыдзень. Ну а мы па традыцыі напрасіліся ў госці да кветкаводаў і пацікавіліся, чым сёлета будуць прывабліваць ушацкія клумбы.

Штамп “зялёнае царства” да аранжарэі пакуль не прыменіш: парасткі ў шматлікіх слоіках яшчэ невялікія. Але ў адным, напрыклад, ужо расцвіла фіялетавая кветка, падобная на петунію. Азеляніцель Аксана Бародзіч тлумачыць, што гэта калібрахаа – экзатычная расліна, якую называюць “мільёнам званочкаў”, бо ў час цвіцення яна нагадвае кветкавы шар ці вадаспад. Сёлета мы ўпершыню ўбачым яе на клумбах, а ў ліку іншых навінак будуць кабея, лабелія, кустовая настурцыя, карлікавыя аксаміткі з вялікімі шапкамі кветак, дэкаратыўны сланечнік “Медзведзяня”, які сваю назву атрымаў з-за вялікіх махнатых бутонаў.

Прыжыліся і мінулагоднія навінкі. З сабранага восенню насення высадзяць астэаспермум, ацанілі ўшачане алісум – многія распытвалі пра гэтую кветку. Дарэчы, яе назва даслоўна перакладаецца “без сабачага шаленства” – існуе меркаванне, што некалі настой з алісуму давалі людзям, якіх укусіла дзікая жывёла. Спадабаліся людзям і фіялетавыя бардзюрныя вяргіні – яны больш нізкарослыя, чым звычайныя, і выдатна абрамляюць кветнікі. Як заўсёды на клумбах будуць гацаніі, геліятропы, петуніі – іх расада ўжо набірае моц у парніку з ацяпленнем. Апошнія ўпрыгожаць дэкаратыўную арку на Віцебскай і “карэту” ля загса. Вельмі спадзяецца Аксана, што годна перанясуць халодны час высаджаныя восенню на цэнтральнай плошчы махровыя цюльпаны. Увогуле тутэйшыя кветнікі прыкметна пераўтворацца: на іх з’явілася некалькі соцень кустоў лаванды і бардовай гейхеры, 200 хостаў, новыя ружы, самшыт, барбарыс.

Даглядаць усю гэтую гаспадарку няпроста, і з мінулага жніўня А.Бародзіч дапамагае малады спецыяліст Карына Давыдава. Мужная дзяўчына, якая мае ІІІ групу інваліднасці і навучалася ў школе па спецыяльнай праграме, скончыла Ульскі аграрна-тэхнічны каледж і атрымала прафесію азеляніцеля. У час нашага візіту Аксана займалася пікіраваннем расады, а яе памочніца падносіла ваду для паліву. “Па меры сваіх магчымасцяў стараюся быць карыснай, – тлумачыць Карына. – Падсыпаю грунт, перабіраю насенне, зграбаю скошаную траву. Увогуле работа мне падабаецца, а Аксана Уладзіміраўна вельмі добразычлівая, цярпліва ўсё тлумачыць і паказвае. Важна і тое, што магу матэрыяльна дапамагаць маме, якая працуе ў хлебапякарным цэху”.

Трэба сказаць, што пытанні добраўпарадкавання, азелянення ў камунальным прадпрыемстве заўсёды пад увагай. Да гэтага сезона службу своечасова забяспечылі грунтам, насеннем, набылі яшчэ дзве фіталямпы, спецыяльную бочку для паліву. Мінулае лета для кветкаводаў выдалася экстрэмальным: каб выратаваць расліны, шчыравалі дацямна, падключалі іншых работнікаў. Прафесія ў гераінь нашага аповеду няпростая, затое яе плён навідавоку і заўсёды ўзнімае людзям настрой.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *