Многодетная мама Валентина Лютько рассказывает секрет успешного баланса между семейной жизнью, увлечениями и работой

Общество

Выраз многім падасца спрэчным. Да маладой прыгожай і паспяховай дзяўчыны, якая прызнана адным з лепшых рэгістратараў нерухомасці Віцебскай вобласці, ён пасуе. Да мнагадзетнай маці, якая канечне, марыла хоць пра адну памочніцу – не надта. І зусім цяжка ўявіць, як спалучаюцца такія розныя “пасады” ў адной асобе. Аднак Валянціна Люцько спраўляецца, пры гэтым маючы сядзібу на вёсцы з агародам і жыўнасцю і пакідаючы час на манікюр, велападарожжы, рыбалку.

Выкраіць час на размову аказалася складана. Рабочы дзень да 20 гадзін, у суботу таксама, у нядзелю – мыццё, гатоўка і ўборка, у тым ліку вакол прыкметнага дома ля дарогі ў Ваўчы – летам яго абрамляюць высокія сланечнікі. У панядзелак адмянілася паездка ў Мінск, дзе пад наркозам лечаць зубы малым, і мы сядзім за гарбатай ва ўтульнай кватэры. “Апельсінавы ўлонг, чорны з манга ці мабыць чабор?” – пытаецца Валянціна, у якой адна з паліц на кухні застаўлена прыгожымі слоікамі з рознымі гатункамі. Дзецям пры гэтым заварыла каркадэ – па ўсім бачна, што ў сям’і культ прыгожай сервіроўкі, разнастайных страў і ў прыватнасці чая – заварнога, а не ў пакетах, і травянога, што збіраюць падчас вылазак на прыроду.

Самым лепшым адпачынкам Валянціна называе рыбалку, накіроўваюцца на Оталава ўсёй сям’ёй з начоўкай. Для камфорту набылі новую шматпакаёвую палатку. А веласіпедаў нават больш, чым членаў сям’і. Для Уладзіслава, які перарос ужо тату і маму, хуткасны горнік, для матулі – з крэслам для малодшага Расціслава, а ў Святаслава – на выбар. “А тата ў нас аддае перавагу чатырохколаваму”, – расказваюць вельмі кантактныя хлопцы, паказваючы караблі з лега, медалі са спаборніцтваў па самба і дзюдо, бібліятэку з любімымі кнігамі, гітару і балалайку, па якіх займаюцца ў музыкалцы старэйшыя.

“Каб не заставалася часу на свавольствы, яны ў нас заняты па максімуме. Догляд за катом, сабакам, хамяком – таксама на іх. А яшчэ прыбраць па доме, прапыласосіць, закінуць пасартаваную бялізну ў пральную машыну. Вельмі самастойнымі растуць”, – расказвае пра сыноў Валянціна. Пры гэтым высвятляецца, што ў халадзільніку заўсёды прыгатаваны мамай абед, прасаванне адзення – тры разы на тыдні. Штодзённая праверка ўрокаў, зносіны з настаўнікамі, а на падаконніку ўжо падымаецца расада. Кухня маецца і на “вытворчай базе” ў Ваўчы, так называюць будынак з гаражамі і падсобнымі памяшканнямі. На хуткую руку абед згатаваць ці вялізны торт спячы – Валянціна ўмее літаральна ўсё. Стыльныя рэчы вязала, у тым ліку на продаж. Нават роды ў свінаматак прымала разам са свекрывёй – з бацькамі мужа жывуць побач і ў поўнай згодзе. Бабулі выручаюць і калі хварэюць дзеці, на бальнічным Валянціна Міхайлаўна была летась толькі тры дні, калі ў самой прыхапіла спіну. Замены на рабоце не бывае, таму, каб пайсці з малымі, нават і не думае.

Ва Ушацкім бюро рэгістрацыі нерухомасці супрацоўнікі апошнімі гадамі падоўгу не затрымліваліся. Даводзілася чуць пра вельмі вялікую нагрузку і пастаяннае ахвяраванне сваім часам. Мнагадзетных матуль, тым больш з малымі дзецьмі, наогул неахвотна прымаюць на работу са здзельнай нормай. А тут і трэці законны выхадны, і першае месца! Значыць аформлена пабудоў нават больш чым у калег, прычым без памылак. “Па гэтых крытэрыях ацэньваецца ваша работа?” – пытаюся ў абаяльнай субяседніцы. “Абсалютна верна, прычым усе дакументы зараз захоўваюцца ў электронным відзе, і нас пастаянна правярае і Лепель, і Віцебск, і Мінск. А адказ просты: я вельмі хацела гэтую работу, якая адпавядае маёй спецыялізацыі юрыста – грамадзянскае права. Поўная канцэнтрацыя, сабранасць, ніякіх пабочных размоў, дзеці за ключамі заходзяць, нават пра ацэнкі не пытаюся. Бывае, што і па выхадных прыходжу, хаця нячаста, я вельмі хуткая ва ўсім. Удзячна Тамары Аркадзьеўне Карэйшы, якая была і тэхнікам, і рэгістратарам і многаму навучыла яшчэ падчас практыкі: сістэматызацыі дакументаў, запамінанню акалічнасцяў, людзей. Я таксама памятаю кліентаў. Часта прыгадваю пажылых ужо мінчан. Расказвалі, як цяжка было гадаваць двайнят – пад’ёмы па начах, хваробы – і як сумна зараз без іх”, – Валянціна з цеплынёй зірнула на 14-гадовага Улада… Няхай і любіць пабыць адна ў цішыні, аднак не ўяўляе жыцця без сваёй гаманкой мужчынскай чацвёркі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *