На судебном заседании

Закон - один для всех

Гарэлка – за метал

Раней судзімы Ю.Карэйша, прагульваючыся ўвечары па вуліцы М.Горкага ў райцэнтры, заўважыў у двары аднаго з дамоў два дзюралюміневыя катлы і каструлю. Прайсці міма такога “дабра” мужчына не змог – залез у двор і, разбіўшы катлы на асколкі, прыбраў у сумку. Украдзенае здаў, а на грошы набыў спіртное. І на гэтым не спыніўся: успомніў пра каструлю, якая засталася ў двары. А праз некалькі дзён пранік яшчэ і ў адрыну па вуліцы Кірава, і адтуль выкраў два пралёты агароджы. На выручаныя грошы таксама набыў спіртныя напіткі.
Суд прызнаў Ю.Карэйшу вінаватым у крадзяжы і, улічваючы яшчэ не адбытую частку пакарання, па сукупнасці прыгавораў назначыў новае – 8 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а таксама яму прыйдзецца выплаціць пацярпеламу ўрон у суме 600 тысяч рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 500 тысяч.

Работа – не воўк?

А.Волах быў асуджаны да аднаго года папраўчых работ з утрыманнем 10 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Мужчына ўладкаваўся на працу ва Ушацкае райспажыўтаварыства, аднак пасля заканчэння тэрміну дагавора падраду не пайшоў шукаць новае месца працы і ў крымінальна-выканальніцкую інспекцыю не з’явіўся. Пасля папярэджання аб крымінальнай адказнасці А.Волах працаўладкаваўся на прыватнае прадпрыемства “ПрамБудЛід” цесляром, дзе за адзін месяц дапусціў 17 прагулаў. Зноў атрымаў папярэджанне. І зноў прапусціў 15 рабочых дзён, а потым увогуле звольніўся…
Суд прызнаў А.Волаха вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе папраўчых работ і, улічваючы яшчэ не адбытую частку пакарання, па сукупнасці прыгавораў назначыў новае – 5 месяцаў арышту, а таксама прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання.

З чужой карткай

У зімовы дзень два таварышы сумесна распівалі спіртныя напіткі. Пасля чарговай выпітай чаркі А.Калінін, злоўжываючы даверам сябра, завалодаў яго пластыкавай карткай і ў той жа дзень разлічыўся ёй за прадукты, набытыя ў магазіне “Раніца”, а потым даведаўся код і зняў у банкамаце паўмільёна рублёў.
Суд прызнаў А.Калініна вінаватым у крадзяжы і назначыў яму пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў папраўчых работ па месцы работы з утрыманнем 20 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы (але не менш адной базавай велічыні), а таксама прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Мясцовы шумахер

Аднойчы В.Лявоненка прыйшоў на работу ў ДЭУ-37 і ўбачыў у дыспетчарскай на стале ключы ад аўтамабіля “ГАЗ”. Малады чалавек вырашыў праехаць на машыне па дарозе, якую абслугоўвае арганізацыя, праверыць дарожнае пакрыццё. І ўсё б нічога, аднак на сваім шляху каля Сарочына сустрэў двух незнаёмых дагэтуль яму хлопцаў, з якімі знайшоў “агульную мову” за чарачкай. Пасля п’янкі дабрацца да работы В.Лявоненка ўжо не змог – з’ехаў у кювет, дзе знаходзіўся да прыезду супрацоўнікаў міліцыі. Штраф, відаць, не надта напужаў маладога чалавека, бо праз нейкі час ён зноў захацеў экстрыму. Падчас начнога дзяжурства ў ДЭУ-37 ён выпіў бутэльку гарэлкі і вырашыў з’ездзіць у магазін за “дабаўкай”. Транспарт доўга шукаць не прыйшлося: аўтамабіль “ГАЗ” якраз стаяў у незамкнёным гаражы, а ключы ад машыны былі ў замку запальвання. Вадзіцельскага пасведчання на права кіраваннем В.Лявоненка не меў, дазволу на выезд таксама ніхто не даваў, але гэта не спыніла маладога “шумахера”. Доўга ездзіў ён па вуліцах райцэнтра, пакуль яго не спынілі супрацоўнікі ДАІ.
Суд прызнаў В.Лявоненка вінаватым у неправамерным заўладанні транспартным сродкам і паездцы на ім без мэты выкрадання, здзейсненым паўторна, і кіраванні транспартам у стане алкагольнага ап’янення на працягу года пасля аналагічнага правапарушэння. Па сукупнасці злачынстваў яму назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады 8 месяцаў з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *