Камера, рашоткі, спецыфічны кантынгент… Службу ў ізалятары для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, рамантычнай не назавеш. Тым не менш, для Д.А.Шарыпенкі яна стала звыклай – міліцыянерам-канваірам наш зямляк працуе ўжо 18 гадоў.
Пра службу ў органах унутраных спраў ушачанін задумаўся, калі ўжо меў спецыяльнасць меліяратара і праходзіў тэрміновую ў зенітна-ракетным палку ў Бароўцы – натхнілі характэрныя для армейскіх будняў дысцыпліна, дакладнасць. Праблем з уладкаваннем не ўзнікла: у райаддзеле міліцыі якраз была прыгаданая вышэй вакансія.
– Вучэбка, інструктаж – і вось я ўжо знаёмлюся з работай ізалятара, – прыгадвае пачатак сваёй кар’еры Дзмітрый Шарыпенка. – Нічога не здзіўляла, не пужала: побач былі вопытныя калегі, якія падказвалі, дапамагалі. Сярод іх – тагачасны начальнік РАУС Алег Томавіч Пугачоў, які стаў для мяне прыкладам справядлівасці, а таксама міліцыянер-вадзіцель Аляксандр Качан. Як чалавеку памяркоўнаму па характары, мне падабаліся “прадказальныя” – без асаблівай мітусні і нечаканых выклікаў – дзяжурствы. Хаця простымі яны ніколі не былі.
Служба ў ізалятары, сапраўды, патрабуе ад праваахоўнікаў асаблівай псіхалагічнай вытрымкі. Здараецца, затрыманы правакуе, спрабуе ўчыніць скандал – трэба гэтага не дапусціць, стрымацца. Працверазее – падзякуе, што не дазволілі пагоршыць сваё і без таго незайздроснае становішча.
– Часта бываюць у нас не толькі мужчыны, але і прадстаўніцы слабага полу (найперш абавязаныя асобы), як “маргіналы”, так і цалкам рэспектабельныя грамадзяне, – уводзіць у курс спраў прапаршчык міліцыі. – Кантынгент, сапраўды, розны, а вось прычына траплення ў ізалятар звычайна адна: алкаголь. Як следства – сямейныя скандалы, адміністрацыйныя правапарушэнні ці нават крымінал. Але ж я для сябе рашыў: якія б ні былі абставіны, трэба заставацца чалавекам і ў затрыманых бачыць людзей.
Заўсёды пад рукой міліцыянера-канваіра – аптэчка і тэлефон для выкліку “хуткай”. За час службы Дзмітрый навучыўся адразу распазнаваць першыя прыкметы эпілептычных прыпадкаў, алкагольнага псіхозу і рабіць усё неабходнае да прыбыцця медыкаў.
– Затрыманых, а значыць і клопатаў звычайна прыбаўляецца ў святы і выхадныя, – зазначае наш суразмоўца. – Калі ж бывае, што камеры ізалятара пустуюць, справы абавязкова знаходзяцца – падмяняю калег з аператыўна-дзяжурнай службы, працую на тэрыторыі аддзела. У свабодны ж час рэгулярна падцягваю фізічную падрыхтоўку на базе “Юнацтва-Ушачы”, люблю паплаваць у басейне.
Службовы графік, які пасля дзённай і начной змен прадугледжвае некалькі выхадных, дазваляе герою нашага аповеду больш часу праводзіць з двума сынамі і маленькай дачушкай: разам ходзяць на прагулкі, ездзяць у заапарк ці на батуты… Дарэчы, старэйшы Павел па прыкладзе таты падумвае звязаць лёс з праваахоўнымі органамі, а пяцігадовы Лёша пры любым выпадку прымярае фуражку, прадстаўляецца блізкім “па ўставе”.
– Хоць і не лічу сябе рамантыкам, люблю пагуляць па лесе, атрымаць асалоду ад прыгажосці наваколля, – кажа Дзмітрый. – У службе такіх эмоцый, вядома, няма, але стаўлюся да гэтага спакойна.
Паказчыкі службовай дзейнасці ў яго заўсёды на вышыні – нядаўна прызнаны лепшым супрацоўнікам ізалятара часовага ўтрымання на Віцебшчыне, па выніках жа работы за 2022-гі прозвішча Дзмітрыя Анатольевіча занесена на раённую Дошку гонару.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.