Калі ў двары Зінаіды Лявонаўны Сушанскай разбіваецца шацёр і дом пачынае гаманець рознымі мовамі і дыялектамі – ёй зайздросцяць усе суседзі. Ведаюць, у чарговы раз у бацькоўскім доме сабралася ўся вялікая сям’я.
Асноўны крытэрый пры выбары водпускаў – прыладкавацца пад графік братоў і сясцёр. Складана гэта зрабіць дзевяцярым, тым больш што ў кожнага свае дарослыя дзеці, якія кожнае лета былі на Ушаччыне і таксама не жадаюць парушаць традыцыю, таму і выбралі на гады адну дату – канец ліпеня – пачатак жніўня. На гэты час (4 жніўня) прыпадае гадавіна смерці бацькі, вось і сёлета адзначылі дзевятую. Гэта яму, не ў меншай ступені, чым маці, абавязаны яны на ўсё жыццё. Не было ў той час такой падтрымкі дзяржавы пры нараджэнні, не было дапамог і трохгадовых водпускаў па доглядзе, не было льгот мнагадзетным сем’ям. Двое бацькоў, рашаючыся на важны крок, спадзяваліся толькі на сябе.
Ці было складана? Можна і не адказваць. А наколькі, кожны можа прымеркаваць на сябе, прыгадаўшы выхаванне ўласных дзяцей. Таму, пэўна, ні адна з чатырох дачок не рашылася стаць мнагадзетнай маці. Зведалі, што такое насіць сестрыны, а не новыя сукенкі, не пагуляць у ахвоту, таму што пастаянна трэба было дапамагаць маці.
– Таццяна лічыць навучылася, дапамагаючы мне прыбіраць са стала, – прыгадвае Зінаіда Лявонаўна. – Носіць кружкі, каб памыць, і падлічвае. Калі не адзінаццаць, значыць трэба шукаць, мабыць дзе згубілася. І да школы шпарка лічыла.
Седзячы жнівеньскім адвячоркам за вялізным сталом за кавай, яны сёння са смехам прыгадваюць усе свае гісторыі, якія працягваюцца і з цёмным за шашлыком. Збіраючыся зараз ва Ушачы, яны едуць на Вечалле купацца, загараць, ці ў лес абавязкова разам. Бо закладзена падчас дзіцячых гадоў асноўнае – дапамога, узаемавыручка, сяброўства. У кожнага з іх зараз хапае ўласных клопатаў, праблем, жыццёвых нягод, лечацца ад якіх душой тут, дома, на Ушаччыне.
Складана зараз знайсці работу ў Рызе, і Марына ўжо не першы год працуе ў Германіі. Там жа, у Берліне, пастаянна жыве Таццяна, якая ўжо атрымала адукацыю, трывала стаіць на нагах, набыла нават уласную кватэру. Аксана і Леанід жывуць у Ленінградскай вобласці, у Расіі зарабляюць Аляксей і Іван. Так што ля Зінаіды Лявонаўны засталіся толькі Васіль, Алена і Сяргей. Хоць дапамагаюць маці па меры сіл усе. Кожным летам яе дом прырастае рознымі прыстасаваннямі. Пральная машына-аўтамат, мікрахвалевая печ, лічбавая прыстаўка да тэлевізара… усё, чым не магла аблегчыць сабе працу тады, ёсць зараз. І рэгулярна, бачачы адзін аднаго ў рэальным часе, размаўляе яна са сваімі далёкімі дзецьмі “па скайпе”, камп’ютар, праўда, стаіць у доме Алены, якая жыве побач з маці.
Менавіта яна, старэйшая з дачок, вядзе ўвесь летапіс сям’і – напамяць ведае дні нараджэння не толькі сясцёр і братоў, але пляменнікаў і іх дзяцей. Дзіма, два Сяргеі, Васіль, Аляксандр, дзве Таццяны, Валянціна, Максім, Юля, Вольга, Тоня, Улад, Антон, Паліна, Віка, Аляксандра, Косця, Мерджана, Вова, Раман і Ангеліна – у Зінаіды Лявонаўны адзінаццаць унучак і столькі ж унукаў! І ўжо пяцёра праўнукаў. Так што святы адзначаць ёсць падстава кожны месяц, самыя ўраджайныя з якіх летнія чэрвень і ліпень. Ёсць і супадзенні. У адзін дзень адзначаюць дзень нараджэння Алена і Улад, Максім і Уладзімір. Малодшае пакаленне Сушанскіх, дарэчы, таксама расце дружнымі, тым больш што межы краін на сёння не перашкода для зносін. Усе не проста любяць малую радзіму, а вельмі любяць, і гэтыя пачуцці раздзяляюць іх дзеці, дзеці дзяцей. Нават нямецкі зяць, які прыязджае ў Беларусь раз у два гады, хутка вывучыць мову. Ва ўсялякім разе ён без перакладчыка паведаміў мне: “У вас у Беларусі – сацыялізм”.
Шчасцем свецяцца сёння вочы Зінаіды Лявонаўны, якія не дасыпалі на працягу столькіх гадоў. Гордасць за вялікую сям’ю не дасталася дарма. Гэта вялізнае самаахвяраванне і поўная адсутнасць якога б ні было эгаізму. Дылему, што рабіць, ведаючы пра чарговую цяжарнасць, яны заўсёды вырашалі на карысць жыцця будучага чалавека.
І гэта прыклад сённяшнім сем’ям, якія жывуць у намнога лепшых умовах, чым пяцьдзесят-сорак год таму. Мець вялікую дружную сям’ю – гэта самае каштоўнае багацце.
В.КАРАЛЕНКА.
Ну я теперь ЗВЕЗДА ))))
Ну отдохнул спер )))
почаще бы так отдыхать!!!
inogda lisj s godami ponimajeschj, kaoje scastje ti dergisj w rukah. Spasibo ogromnoje moim roditeljam za podarennuju mne giznj, söstram i bratjam-sa ih poddergku i lübowj
tatjana
Да! Отдахнули круть! )))