На Ушаччине активно идёт ямочный ремонт дорог

Общество

Актыўнасць нашых чытачоў падчас “прамой лініі” з начальнікам Ушацкага ДРБУ-105 Андрэем Міхайлавічам АГІЕВІЧАМ была прадказальна высокай – у першыя дваццаць хвілін тэлефон сапраўды не змаўкаў.

Першая скарга – ад старэйшыны вёскі Анікеўшчына. “Скажыце, ці не пайшла вада праз дарогу, як летась? – задае дадатковае пытанне А.Агіевіч, добра ведаючы нават гэтую нябойкую ў прамым і пераносным сэнсе дарогу. – Гравійка 5-6 катэгорыі – самай нізкай, будавалася нават не з пясчанай сумесі, а з чаго было, у тым ліку і ўрадлівага слоя. Таму раскісае ў такую пару поўнасцю, а ў мінулым годзе, калі было рэзкае раставанне вялікага снегу, вада пайшла не праз забітую трубу, а зверху. Зараз там нічога не зробіш, трэба пачакаць, пакуль падсохне, тады абавязкова падсыпем”.

На Кублішчына спачатку ідзе асфальт, а калі заканчваецца – таксама яма, прычым вялікая. “Проста пяском там не абысціся, трэба больш трывалая аснова, з каменнем. Тэхніка якраз будзе ў тым баку, таму пастараемся заўтра залатаць,” – атрымлівае адказ кублішчынец.
Наступная скарга са Шнітак: пры павароце з Р-46 на вёску дарожнікі пакідаюць будаўнічую тэхніку, паразбілі абочыны. Андрэй Міхайлавіч звязваецца з калегамі, занятымі на рэканструкцыі, каб прафілявалі абочыны, а таксама агучвае скаргу па Крыжах – з кар’ера возяць пясок і дарога па вёсцы, зразумела, таксама ў калдобінах. А потым кіраўнік дарожнай арганізацыі выслухоўвае, што немагчыма праехаць па самім райцэнтры. Як аўтамабіліст, пагаджаецца, бо людзям у большасці выпадкаў не патлумачыш, што гэта зона адказнасці ЖКГ, раз дарожнік, значыць тваё.

“Усе пытанні абгрунтаваныя, і да нас яны паступаюць. Імкнёмся як мага аператыўней закрываць. Зрабілі вялікую падсыпку па дарозе Ушачы-Глыбачка праз Павулле, 40 тон пяску прывезлі на разбітую гравійку на Ляхі, дапамагаем палачанам з ямачным рамонтам на трасе на Полацк. Хачу сказаць, што сёлета значна больш сродкаў выдзелена на бягучы рамонт і абслугоўванне дарог. Спадзяёмся яшчэ і на паступленне тэхнікі, каб справіцца з усім запланаваным. І просьба да людзей, якія законна просяць нармальнага праезду, з разуменнем ставіцца да сітуацыі. Гравіек шмат, вясной яны ўсе падразбіты, толькі ні грэйдэр пускаць, ні пясок сыпаць у такі час немэтазгодна – будзе толькі горш”, – рэзюміраваў Андрэй Міхайлавіч.

Ямкавы рамонт

Работнікі Ушацкага ўчастка ДЭУ-37 (на здымку) гэтымі днямі вялі ямкавы рамонт на дарозе Ушачы-Бешанковічы і 28 лютага ля вёскі Дубраўка паклалі рэкордныя 12 тон асфальту. Гэта вельмі многа, і нашы чытачы ў сацыяльных сетках нават пракаменціравалі, што такое немагчыма. Аднак ніякай памылкі тут няма, а асфальт быў пакладзены па сутнасці за палову рабочага дня. “У 8.30 прыступілі да нарэзкі карт, выдзімання, грунтоўкі, а ў 14 гадзін прыйшоў МАЗ з асфальтам – заставалася толькі ўкладаць і трамбаваць. І надвор’е спрыяла – было сонечна і плюс 9”, – патлумачыў начальнік участка Пётр Пятровіч Кляшчонак. Дададзім, што карты (так называюцца выразаныя ўчасткі асфальту) дасягалі ў даўжыню і 10 метраў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *