Традыцыйны турнір па міні-футболе, прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, сабраў ва Ушачах каманды з трох абласцей і даказаў, што сапраўдныя мужчыны гуляюць не толькі ў хакей. І хоць на пляцоўцы спарткомплексу мерыліся сіламі юнакі 2009-2010 гадоў нараджэння, майстэрства і волю яны дэманстравалі дарослую.
Апроч пастаянных сяброў-суседзяў з Полацка і Глыбокага, прыбылі да нас моцныя каманды з Барысава і Оршы, дзе выхоўваюць рэзерв для клубаў вышэйшай лігі беларускага чэмпіянату. Пераадолеўшы 400 кіламетраў, упершыню прыехалі ва Ушачы бабруйчане. Пяць год таму былы футбаліст “Белшыны” Яўген Грачыха стварыў дзіцячую каманду “EV-Group”, а зараз яго хлопцы гуляюць у міні-футбольным чэмпіянаце Бабруйска супраць дарослых каманд. “Пра ўшацкі турнір даведаўся па “сарафанным радыё” – калегі расказвалі пра выдатную пляцоўку і высокі ўзровень удзельнікаў, – падзяліўся з намі Яўген. – Паколькі прыбыць змаглі толькі ў суботу, выехалі ў 4.30 раніцы і ўсе свае пяць паядынкаў праводзілі ў адзін дзень – канечне, лепшы футбол не паказалі, але атрымалі добры вопыт і задавальненне. Арганізацыя выдатная, абавязкова прыедзем да вас яшчэ!”.
Галоўнымі ж прэтэндэнтамі на перамогу былі аршанцы і ўшачане, паядынак між якімі стаў кульмінацыяй турніру. Праходзіў ён вельмі ўпарта і завяршыўся баявой нічыёй. Паколькі нашы хлопцы перамагалі астатніх сапернікаў больш упэўнена і мелі лепшую розніцу забітых і прапушчаных мячоў, лёс першага месца вызначаўся ў іх апошнім матчы з барысаўчанамі, дзе гаспадарам трэба было перамагчы. Справа ўскладнялася тым, што напярэдадні траўму нагі атрымаў капітан Мікіта Жалейка, аднак сесці на лаўку запасных не згадзіўся і павёў каманду наперад. “Пашкодзіў правую – забіў левай!” – каменціраваў пазней гульню лідара трэнер Раман Фядосенка. Чарговая буйная перамога прынесла чаканае “золата”, а Мікіта, дарэчы, атрымаў прыз лепшага іграка турніру, а самым дастойным галкіперам быў прызнаны наш Мацвей Жаваранак. Значны ўклад у агульны поспех унеслі Мацвей Краўчанка і Улад Варанько – у іх, адпаведна, прызы лепшага і самага карыснага ігракоў ушацкай каманды. Адважна змагаўся на пляцоўцы Глеб Седзін, які, дарэчы, таксама атрымаў пашкоджанне. Зрэшты, Раман Мікалаевіч зазначыў, што задаволены гульнёй і самаадданасцю абсалютна ўсіх сваіх падапечных.
Пасадзейнічала годнаму выніку і падтрымка гледачоў. За таго ж Мікіту, напрыклад, персанальна хварэлі на трыбунах бацькі, дзве сястры, брацік, а яшчэ і шматлікія сябры. “Не прапускаем ніводных дамашніх спаборніцтваў, а пры магчымасці едзем з камандай і ў іншыя гарады. А сёння адчувалі сапраўдны гонар за сына. Такія хвіліны – адны з самых шчаслівых у жыцці!” – не хавалі эмоцый Наталля і Сяргей Жалейкі, якія, дарэчы, падрыхтавалі для пераможцаў салодкі стол.
Далучаемся да віншаванняў і, канечне, будзем чакаць ад нашых юнакоў далейшых футбольных поспехаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.