Юля Лаўрушына стаяла ля трох бярозак на пагорку вёскі Апанаскавічы і выцірала слёзы, што свавольна цяклі па шчаках. Яшчэ стрымлівала іх ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у Павуллі, не давала волі пачуццям у музеі народнай славы і цягніку, што вёз яе ў Беларусь з Санкт-Пецярбурга. А тут не стрымалася.
– Такое бывае толькі ў казках, – усё паўтарала яна і ніяк не магла пазбавіцца ад пачуцця нерэальнасці падзей, што адбываліся з ёй у апошні час.
Журналістку Юлію Лаўрушыну прывёў на Ушаччыну след з далёкага 1944-га. След, які яна адшукала, распачаўшы пошукі дзеда Яўгена Мікалаевіча Лаўрушына. Яна бачыла яго толькі на невялікім даваенным фотаздымку, ведала, што быў прызваны ў армію ў 1939-м. Заставалася некалькі месяцаў службы, калі пачалася вайна…
У сям’і не захавалася ніякіх звестак. Пахавальная, праўда, прыходзіла, было і паведамленне жонцы аб атрыманні ўзнагароды, якой яна, як і большасць у той пасляваенны час, не прыдала ніякага значэння і не атрымлівала. Яна стварыла другую сям’ю, гадаваўся з айчымам сын, у якога самога падрастае ўжо ўнук. І які так і не даведаўся, дзе пахаваны яго бацька. Юля ж, якая ўсё дакладна ведала пра баявы шлях матчынага бацькі, нічога не ведала пра дзеда, прозвішча якога носіць. І шукаць пачала з нуля, набраўшы скупыя даныя ў чыстай графе пошукавай сістэмы сайта “memorial.ru”.
Так даведалася, што прызываўся дзед з Чарапаўца, пазнаёмілася з мясцовай кнігай “Памяць”, потым яшчэ не з адной, у тым ліку і Мікалая Казакова пра гераічны шлях 16 Смаленскай брыгады, у якой некалькі разоў прыгадваецца імя дзеда. Але рэальную дапамогу аказала Юліі калега – журналіст беларускага радыё “Культура” Наталля Буландо. Яны былі сяброўкамі па інтэрнэце, заходзілі на адны сайты, перапісваліся, і калі Юля напісала ў “Жывым часопісе”, што шукае дзеда, пахаванага ў Беларусі ў вёсцы Крукоўшчына, Наталля распачала свой пошук.
Тут і пачаўся дэтэктыў. Справа ў тым, што хоць і прыгадвалася, што вёска гэта Ушацкага раёна, але такога населенага пункта ў раёне няма. Затое ёсць у Міёрскім і Дрыбінскім. І Наталля гартала карты, вывучала напрамкі руху дзеючай арміі ў 1944-м, тэлефанавала ў музеі. Мела і свой журналісцкі інтарэс. Яе праграма так і называецца “2 кіламетры”, па маштабе карт – дэталёваму, з усімі прасёлачнымі дарогамі. Атрымаўшы адмоўныя адказы ў Міёрах і Дрыбіне, ва Ушацкім музеі даведалася, што вёска Крукоўшчына зараз знаходзіцца ў складзе Апанаскавічаў.
Потым мы ўжо ўтрох гарталі кнігу “Памяць. Ушацкі раён” і ў чарговы раз мянялі маршрут. Паколькі Лаўрушын Яўген Мікалаевіч пахаваны ў брацкай магіле ў Павуллі, а дакладней, перапахаваны. Яго астанкі, таксама як і яшчэ аднаго партызана 16 Смаленскай брыгады, перанеслі з Крукоўшчыны ўжо пасля вайны.
На абеліску вялікі спіс з радавых, партызан, афіцэраў. Побач з чыста нашымі, ушацкімі прозвішчамі – чужыя, што назаўсёды сталі сваімі. Адны партызанілі на Ушаччыне, другія вызвалялі раён. І загінулі за Нашу Агульную Перамогу. Сімвалічныя сто грам за дзеда Юлі мы падымалі з гэтымі словамі. І кожны прыгадаў сваіх дзядоў, застаўшыхся на Львоўшчыне, пад Курскам, недзе ў Прыбалтыцы, ваяваўшых у Чырвонай Арміі, партызанах і Войску Польскім. Ваявалі ўсе, і толькі двум з шасці – дзядам Наташы пашчасціла выжыць.
Даводзяцца нам дзядамі, хоць загінулі маладзейшымі за нас цяперашніх. Яўгену Мікалаевічу Лаўрушыну, калі падчас нямецкага наступлення ў красавіку 1944 яго спаткала куля, было толькі 24.
Юлі пашчасціла адшукаць і пабываць на магіле дзеда. Наогул у гэты дзень ёй шанцавала. Першая жанчына ў Апанаскавічах, да якой мы падышлі, паказала, дзе той халоднай вясной пахавалі двух партызан. Расказала Надзея Кліменцьеўна Лутава і пра баі, якія ішлі, калі партызаны з боку Павулля рухаліся на Сарочына. Ёй было дванаццаць, і многае назаўсёды засталося ў памяці. Нават адзенне, фуфайка і кажушок, у якіх пахавалі партызан.
– Калі б бачыў зараз мяне бацька. Калі б мог бачыць дзед… – усё не верыла, што зрабіла гэта, Юля.
Яшчэ яна перагартала ўспаміны камандзіра 16 Смаленскай брыгады І.Р.Шлапакова, пабывала на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, і цяпер амаль дэталёва ведае баявы шлях камандзіра ўзвода Лаўрушына, на рахунку якога тры падарваныя эшалоны. Камандзір брыгад прыгадвае яго ў ліку дзесяці лепшых дыверсантаў-падрыўнікоў, які з 1943 абучаў маладое папаўненне. Можа ўявіць, расказаць сваім родным. І абавязкова вярнуцца з імі на Ушаччыну на магілу дзеда, які толькі аднойчы бачыў сына і, напэўна, не паспеў нават памарыць пра ўнукаў.
В.КАРАЛЕНКА.