Пенсійнае заканадаўства цікавіць многіх. Сёння знаёмім нашых чытачоў з актуальнымі зваротамі ўшачан ў аддзел назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Тлумачэнні дае галоўны спецыяліст Кацярына Аляксандраўна КАРЧЭЎСКАЯ.
– Праходзіў альтэрнатыўную службу. Ці будзе залічаны гэты перыяд у стаж для назначэння пенсіі?
– У агульны – так, што прадугледжана артыкулам 51 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. № 1596-XII “Аб пенсійным забеспячэнні”. Пры гэтым служба будзе ўлічана для вызначэння памеру пенсіі: у разлік прымаецца 40 працэнтаў сярэдняй зарплаты беларусаў. А вось у страхавы стаж (ён патрэбны для ўстанаўлення права на пенсію) такі перыяд не ўвойдзе, паколькі “альтэрнатыўнікі” не падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацстрахаванню і за іх не ажыццяўляецца выплата ўзносаў у бюджэт ФСАН.
– Чула пра магчымасць добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі. Як працуе механізм і калі можна будзе скарыстацца такімі сродкамі?
– Дадатковыя ўзносы работнікі выплачваюць за ўласныя сродкі – да 10 працэнтаў заробку ў дадатак да ўжо існуючага абавязковага страхавога ўзносу ў бюджэт ФСАН. Адначасова падключаецца наймальнік: калі чалавек вырашыў плаціць 1-3 працэнты, ён дадае столькі ж, калі больш – толькі 3. Атрымліваецца, што максімальны працэнт ад заробку, які можна накіраваць на назапашванне дадатковай пенсіі, складае 13 працэнтаў (10 – ад работніка, 3 – ад наймальніка). Адпаведныя выплаты пачнуцца пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту: у мужчын – 63 гады, жанчын – 58. Яны будуць разбіты на 5 ці 10 гадоў у залежнасці ад тэрміну, указанага ў заяве аб страхаванні, і праводзіцца штомесяц роўнымі долямі шляхам пералічэння ва ўклад ці іншы банкаўскі рахунак. Ёсць яшчэ адзін немалаважны фінансавы стымул: сфарміраваныя назапашванні пераходзяць у спадчыну.
– На падставе чаго і ў якім памеры робяцца ўтрыманні з пенсіі?
– Часцей за ўсё – на падставе судовых рашэнняў, пастаноў і прыгавораў у частцы маёмасных спагнанняў, выканаўчых надпісаў натарыусаў, а таксама рашэнняў камісій па прызначэнні пенсій – для спагнання залішне выплачаных пенсіянеру сум (напрыклад, у выпадку падачы ім дакументаў з заведама няправільнымі звесткамі). Памер утрыманняў вылічаецца з сумы, якая належыць чалавеку да выплаты, аднак не больш 50 працэнтаў (нават калі выканаўчых дакументаў некалькі).
– Не працую, 13 сакавіка дасягну агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Чула, што падаваць дакументы для назначэння пенсіі можна за месяц. Ці так гэта?
– Не. Са жніўня 2019-га звярнуцца за назначэннем пенсіі па ўзросце можна непасрэдна з моманту ўзнікнення права на яе: у дзень, які адпавядае даце нараджэння, у Вашым выпадку 13.03.2024. Калі гэта выхадны ці свята, заяву можна падаць напярэдадні. Калі зробіце гэта пазней, пенсія будзе прызначана з дня звароту.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.