Рассказываем, как формируется перспективный план капремонта домов Ушачского района

Общество

Пасля публікацыі перспектыўнага плана капрамонту ў рэдакцыю пачалі паступаць звароты, асноўны сэнс якіх: чаму ў ім няма нашага дома і калі дойдзе чарга? Таму сёння мы паспрабуем адказаць, як фарміруецца перспектыўны план і чаму ў ім адбываюцца збоі.

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе

Менавіта так называецца праграма, зацверджаная на 2021-2025 гады, згодна з якой рамантаваць сталі больш жылля. Гэты дакумент – сем кітоў, на якіх ажыццяўляецца паляпшэнне ўзроўню жыцця беларусаў. Сем, паколькі ў ёй менавіта столькі падпраграм, адна з іх – “Капітальны рамонт”, у якой і закладзены адказы на большасць пытанняў нашых чытачоў. У прыватнасці, зацверджаны планы, згодна якім штогод павінна рамантавацца не менш 3 працэнтаў жыллёвага фонду. Прычым, гэта не канкрэтныя метры, па якіх пройдзе шпатэль і валік, а метраж кватэр дамоў, якія рамантуюцца. Калі шматпавярхоўка вялікая, як па Віцебскай, 2 – то ў планы трапляе толькі адзін дом, прычым на два гады – у 2022-м

рамантаваўся першы корпус, у 2023-ім – другі.
Які канкрэтна дом унясуць у бліжэйшы спіс, вызначаецца спецыялістамі загадзя і залежыць ад многіх паказчыкаў. Асноўны – тэхнічны стан дома і яго канструкцый. “Вясной і восенню камісійна абследуецца ўвесь жыллёвы фонд, правяраецца стан, улічваюцца выклікі нашых спецыялістаў на цякучыя рамонты і ўхіленне непаладак на працягу года. Мае значэнне, канечне, і год пабудовы. У сярэднім пад капітальны рамонт у нашым раёне дом трапляе праз 25-30 гадоў”, – адказвае намеснік галоўнага інжынера УП ЖКГ Аляксандр Бехаў.

Ва Ушацкім раёне за год павінна рамантавацца не менш 3 тысяч квадратных метраў жылля.


Чаму збіваюцца планы

Калі б улічваўся толькі год пабудовы, то ўсё было б проста – па чарзе апраналіся б у “шубы” і мяняліся сеткі на самых старых дамах. Аднак нават блізкія планы і існаванне праекта часта рушыцца з-за непрадбачаных сітуацый. Напрыклад, працякалі казыркі балконаў па Савецкай,2 – і менавіта гэты будынак без чаргі пачалі рамантаваць пазалетась. Так жа было і з Ленінскай, 2, і з дамамі ў аграгарадках Ільюшына і Арэхаўна. Якасць будаўнічых работ, форма дахаў, стыхія… фактараў многа. І паколькі па доме №2 па Савецкай, адкуль у рэдакцыю паступала пытанне, у 2022 годзе мянялася сістэма электразабеспячэння, лічыльнікі, адмостка, балконы, а раней праводзіўся рамонт даху – усё гэта лічыцца капітальным рамонтам, таму ў бліжэйшых планах дома і няма, хаця некаторыя элементы, тыя ж інжынерныя сеткі, засталіся некранутыя.


Маленькія дамы – больш дарагія

Калі складаюцца планы, абавязкова ўлічваецца метраж кватэр дома. Напрыклад, па Савецкай №№25 і 19, што значацца ў спісе 2024 года, усяго 658 метраў, а па адной Садовай, 15 – 1430. І пад капітальнае будаўніцтва на адзін год не трапіць адразу шмат двухпавярховак, хаця менавіта яны – самае старое жыллё ў раёне. Тлумачыцца гэта маленькай плошчай і адпаведна большай затратнасцю такіх будынкаў. Калі межавы нарматыў на квадратны метр складае 348 рублёў, то па Савецкай, 25 ён дасягае 792-х. Па такіх пабудовах немагчыма выканаць план у 3 тысячы квадратных метраў і ўкласціся ў каштарыс.


Мы плацім за капрамонт

Самыя частыя нараканні ўшачан, маўляў, мы плацім за капітальны рамонт, а дачакацца яго не можам. Аднак, давайце прааналізуем лічбы. У разліковым цэнтры рэдакцыі паведамілі, што за мінулы год жыхарам раёна ўсяго за капрамонт трэба было заплаціць 313,4 тысячы (як правіла, сродкі паступаюць не ў поўным аб’ёме), а на Віцебскую, 2, корпус 2, што рамантаваўся летась, затрачана 1 мільён 200 тысяч рублёў. Нескладана падлічыць, што кошт работ у 4 разы перавышае гадавыя адлічэнні жыхароў. Рамонт жа робіцца штогод – і асноўнымі сродкамі на яго правядзенне былі і застаюцца паступленні з мясцовага бюджэту.

Капрамонт складаецца з такіх работ, як рамонт даху, балконаў, казыркоў, уваходаў у пад’езды і ганкаў, замена сетак газа- і водазабеспячэння, каналізацыі, акон у месцах агульнага карыстання, электрашчыткоў.


Не ігнаруйце сходы

Хочацца нагадаць жыхарам, што не варта ігнараваць агульныя сходы, якія праходзяць перад складаннем праектнай дакументацыі. Там агаворваецца, якія работы будуць весціся па доме, а таксама можна заказаць дадатковыя, напрыклад, цеплавую мадэрнізацыю, аднак за свой кошт. У колькі ён абыдзецца, залежыць ад дома. Жыхарам Савецкай, 25, напрыклад, за ўцяпленне сцен і даху давялося б штомесяц плаціць дадатковых 80 рублёў на працягу 10 год. Пачуўшы суму, яны ад паслугі адмовіліся.

Было пытанне ў рэдакцыю з Віцебскай, 5 наконт таго, ці могуць жыхары адмаўляцца ад паслуг ЖКГ па цякучым рамонце пад’ездаў. Так, паколькі такія рамонты праводзяцца за сродкі жыхароў усяго пад’езда, яны могуць выканаць яго самастойна, або наняць іншых работнікаў. Жыхарам першага пад’езда гэтага дома, уключанага ў сёлетні план цякучага рамонту, дадзены тэрмін да 31 сакавіка (і ўжо вядзецца). Калі б рабіў камунгас, то сума была б дададзена ў жыроўкі за камунальныя паслугі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *