За 15 год работы ў аддзеле статыстыкі Ушацкага раёна эканаміст першай катэгорыі Наталля Кудраўцава асвоіла калі не ўсе, то многія тонкасці гэтай сферы. Тым, хто лічыць статыстыку навукай сумнай і сухой, яна знойдзе што адказаць у абарону любімай справы.
– Ці патрэбна сучаснаму грамадству статыстыка? Не толькі грошы, як сцвярджае прымаўка, любяць падлік. Руплівы гаспадар павінен дакладна ведаць, колькі, чаго і дзе ў яго маецца – каб не вырабляць лішняга і не застацца без патрэбнага. Якаснае планаванне эканомікі немагчыма без нашых лічбаў. І ўвогуле, разгарніце любую газету – ледзь не ў кожным артыкуле вы знойдзеце фразу “па дадзеных статыстыкі…”
Зрэшты, Наталля Уладзіміраўна трапіла ў гэтую сферу дзейнасці выпадкова. Калі ў сярэдзіне 90-х яна скончыла Беларускую сельгасакадэмію ў Горках і атрымала спецыяльнасць “селекцыя, генэтыка”, перад маладым спецыялістам адкрываліся неблагія перспектывы: ёй прапанавалі цікавую работу на Гомельскай вопытнай станцыі. Наталля павінна была займацца вывядзеннем новых сартоў грачыхі, аднак “смутныя дзевяностыя” ўнеслі ў яе планы свае карэктывы. Зарплату затрымлівалі на некалькі месяцаў, не было чым разлічвацца за арэнду кватэры, таму Наталля вырашыла вярнуцца на радзіму – ва Ушачы. Тут уладкавалася ў аддзел статыстыкі, дзе была вакансія.
Прызнаецца, што было вельмі няпроста асвойваць новую прафесію. Дапамаглі ўласныя якасці – адказнасць, дысцыплінаванасць, працаздольнасць. А яшчэ падтрымка калектыву, аб якім Наталля Уладзіміраўна расказвае з захапленнем: не было такога выпадку, каб нехта з калег адмовіў ёй у дапамозе, не растлумачыў незразумелага. З асаблівай удзячнасцю Наталля Уладзіміраўна прыгадвае Вольгу Данілаўну Апёнак, якая зрабіла вельмі многае для фарміравання маладога спецыяліста. А яшчэ яна лічыць, што іх аддзелу вельмі пашанцавала з начальнікам – Святлана Пятроўна Ядрэўская не толькі добры спецыяліст, яна валодае такімі неабходнымі для кіраўніка якасцямі, як тактычнасць, цярплівасць, эмацыянальная ўстойлівасць. Шмат прафесійных сакрэтаў Наталля пазнала ад старэйшых работнікаў аддзела Сяргея Пятровіча Долгага і Людмілы Васільеўны Усцінавай.
Дарэчы, набытыя ў акадэміі веды Наталлі Уладзіміраўне спатрэбіліся: яна прымае, апрацоўвае і аналізуе статыстычныя справаздачы сельгаспрадпрыемстваў раёна. Акрамя гэтага займаецца сферай фінансаў, гандлю і платных паслуг. Апошнія, напрыклад, у раёне аказваюць 58 арганізацый. Справаздачы кожнай трэба прыняць і апрацаваць, а яшчэ пракантраляваць, каб усе яны былі здадзены ў вызначаны тэрмін.
Абавязкаў хапае, але работа ідзе ладна, калі ведаеш, што дома цябе чакаюць надзейны муж і любімыя дзеці – іх у сям’і Наталлі і Андрэя двое. Па тым, з якой цеплынёй і ахвотай расказвае жанчына пра сваіх Івана ды Мар’ю, адразу разумееш, што яна выдатная маці.
– Неяк, калі была яшчэ студэнткай, пачула па радыё перадачу: вядучы размаўляў з дзяўчынай, якая патэлефанавала ў эфір і паскардзілася: “Па размеркаванні трапіла ў аддзел статыстыкі. Тут так сумна…”, – прыгадвае Наталля Уладзіміраўна. – Тады я не ведала, што буду таксама працаваць у гэтай сферы, але эпізод чамусьці захаваўся ў памяці. Шчыра скажу, што не згодная з той незнаёмкай. Чалавек сам стварае ўмовы і настрой, з якім працуе. Штодзень мець справу з лічбамі можа і не вельмі рамантычна, аднак мне гэта падабаецца. Ад імя нашага калектыву хачу павіншаваць усіх, хто мае дачыненне да статыстыкі, з прафесійным святам і пажадаць працоўных поспехаў і жыццёвага дабрабыту.
Н.БАГДАНОВІЧ.