С честью выполнившие долг. На Ушаччине прошли мероприятия, посвященные памяти воинов-интернационалистов

Общество

У календары 15 лютага пазначаны як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Аднак ці святочны ён? Вывад савецкіх войскаў з Афганістана 35 год таму спыніў гібель нашых хлопцаў, значыць падзея радасная. Аднак многія з віноўнікаў урачыстасці ў адказ на віншаванні папраўлялі: “Гэта не свята, а дзень смутку. І адзін з асноўных пунктаў праграмы для ўдзельнікаў той вайны – наведванне магіл сваіх таварышаў.

А спачатку вянкі і кветкі ляглі да манумента па вуліцы Савецкай. Менавіта там штогод адбываецца мітынг, адкрыла які прывітальным словам старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Аб чым думалі былыя афганцы, калі хвіліну маўчання адлічваў метраном. Упэўнена, што прыгадвалі сваіх баявых таварышаў, бо ў вачах кожнага стаялі слёзы. Амаль што плакаў Уладзімір Якубовіч і ля выставы, падрыхтаванай супрацоўнікамі музея ў школе мастацтваў, калі размова зайшла пра першыя дні той вайны ў снежні 1979-га, а ў пачатку студзеня 1980-га ён ужо быў там – першы з ушачан. Навуковы супрацоўнік С.К.Турло спынілася ля асабістых рэчаў Мікалая Ключонка – звычайных з ужытку салдата, і яго цёзкі Джураева, расказала пра генерала Барыса Громава – апошняга камандзіра, што выводзіў войскі з Афганістана. Былі на выставе і рэчы з музея былой Гарбаціцкай школы, у якой вучыўся Мікалай Тараканаў. Ён прызываўся на службу роўна ў 18 год – на дзень свайго нараджэння 12 мая 1987 года разам з земляком Ігарам Чаркесам. Адна вучэбка ў Туркменіі, усяго 3 месяцы. А потым іх дарогі разышліся і вярнуўся Мікалай на некалькі месяцаў раней – камісавалі. Ён быў вадзіцелем, у той сакавіцкі дзень перавозіў снарады. Калі трапілі на міну, іх з лейтэнантам ударнай хваляй выкінула за борт. Нават спужацца не паспеў, прыйшоў у сябе, калі кругом былі людзі ў белых халатах.

Дарэчы, Святлана Канстанцінаўна Турло яшчэ за год пачала рыхтавацца да гэтага дня, выбраўшы ўсе публікацыі ў прэсе пра ўшачан-удзельнікаў той вайны. Яна ж рыхтавала і памятныя альбомы, якія былі выпушчаны за сродкі раённага аддзялення Фонду міру і ўручаны ветэранам у дадатак да падарункаў ад райвыканкама. Са слязамі на вачах разглядалі здымкі Мікалай Саўчанка, Пётр Турчыновіч, ды літаральна ўсе віноўнікі ўрачыстасці, а таксама іх родныя. Няма ў жывых Віктара Пятніцы, але штогод прыходзіць на мерапрыемства і віншуе хлопцаў праз газету яго жонка Яўгенія, была ў зале і спадарожніца Генадзя Кулянка, сястра Васіля Полазава. Апошні атрымаў падарунак і ад прафсаюзнай пярвічкі лясгаса, а Аляксандр Пугач – з бальніцы. З прывітальным словам да ветэранаў звярнулася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Шаўчэнка, кіраўнік раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Уладзімір Андрыковіч, які падарыў уласную кнігу з аповесцю пра службу ў Афгане свайму папярэдніку Анатолю Рудкоўскаму. Юбілейныя медалі воінам-інтэрнацыяналістам уручыў начальнік адасобленай групы камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Заікін. Уся ўрачыстасць праходзіла пад шчымлівыя кадры ваеннай хронікі, душу ўкладалі ў песні Святлана Муша, Аляксандр Лісоўскі і іншыя выканаўцы. Многія плакалі ў зале. А афганцы стараліся трымацца. Яны, як і Віктар Прахарэнка наогул не любяць прыгадваць тых падзей, кажа, потым тыдзень не спіш. Але ўнукі часта дастаюць альбом і просяць расказаць.

Абавязковая кропка ў маршруце гэтага дня – Мажуйкі. Сюды, да маці загінуўшага Мікалая Ключонка, завіталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Алексяёнак – перадаў матэрыяльную дапамогу, назначаную ўрадам краіны, і Марыя Адамовіч з падарункам ад раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”.
Ганна Тарасаўна ўзрушана з ранку, спецыяльна прыехала і дачка Ганна, каб разам з маці сустрэць гасцей. Яны ведаюць, што абавязкова будуць і хлопцы, з якімі жанчына горача абдымаецца, быццам сціскае сына – да гэтага часу чакаюць дамоў Мікалая. У 1989-м, калі я ўпершыню сустрэлася з Ганнай Тарасаўнай, яна паказвала на сарваную кветачку купалку, што не завяла, а квітнела ў доме. І згодна павер’ю – спадзявалася, значыць жывы. Верыць і зараз. “У труне ж былі толькі костачкі. А чые яны, мабыць і не Колі. 12 чалавек прапалі без вестак, і ён мог трапіць у палон”, – гаворыць сястра, што была неразлучная са старэйшым на два гады братам. Разам бегалі да маці на ферму, пасвілі кароў, рабілі прапяканкі і плавалі у начоўках у саджалцы. З вады ў першы восеньскі дзень 1988-га даставалі ашаломленую ад гора маці… Вельмі многа людзей сабралася на пахаванне, ён быў адкрытым хлопцам. З маленства сябраваў з Мікалаем Саўчанкам з Матырына, разам прызываліся і нават ложкі ў вучэбцы стаялі побач. “У снезе бывае качаюцца, дурэюць і ніколі не хварэлі”, – успамінае Ганна Тарасаўна і зноў плача. Яна заўсёды будзе прыгадваць сына жывым і чакаць.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *