У прафсаюзных арганізацыях Ушаччыны працягваецца справаздачна-выбарчая кампанія. Адметна, што ў 51 з 56 наяўных у раёне пярвічак адзначаецца стапрацэнтнае членства работнікаў. У ліку такіх – санаторый “Лясныя азёры”.
– Іншага ў нашай установе проста быць не можа! – задаволена падкрэсліў на выніковым сходзе дырэктар здраўніцы Віктар Мікалаевіч Грынкевіч. – Увесь калектыў, а гэта на сённяшні дзень 110 чалавек, ахоплены карыснай, патрэбнай дзейнасцю.
Пра годныя справы пярвічкі расказаў у сваім дакладзе яе былы старшыня, інструктар па лячэбнай фізкультуры У.І.Сільванёнак. Ён высока ацаніў дзейнасць грамадскіх інспектараў, забеспячэнне работнікаў спецадзеннем, удзел у спартыўных раённых мерапрыемствах. Не забыўся пра аздараўленне членаў калектыву і іх дзяцей, матэрыяльнае заахвочванне – да юбілейных дат і выхаду на заслужаны адпачынак, да Дня ведаў, 23 лютага, 8 Сакавіка. Усе гэтыя пытанні Уладзімір Іванавіч курыраваў на працягу ажно 25 гадоў, за што шчыра дзякавалі яму на сходзе намеснік старшыні райвыканкама Д.П.Цімафееў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка і ўсе прысутныя.
Эстафету прафсаюзнага лідарства ў гэты дзень У.І.Сільванёнак перадаў бухгалтару санаторыя Галіне Міхайлаўне Малаток (на здымку) – за яе кандыдатуру прысутныя прагаласавалі аднагалосна. Былі абраны на сходзе і члены прафсаюзнага камітэта, рэвізійнай камісіі, іншых органаў пярвічкі.
– Упэўнены: шмат дасягненняў у нас наперадзе! – зазначыў напрыканцы сустрэчы В.М.Грынкевіч. – У Год якасці, якім аб’яўлены 2024-ы, працягнем паляпшаць узровень паслуг, які аказвае санаторый, умовы працы і адпачынку калектыву. Для пашырэння магчымасцяў хутка купім новы аўтобус на 50 пасадачных месцаў – на экскурсіі, канцэрты на такім будзе зручна дабірацца. Дынаміка ж росту заработнай платы, адлічэнняў у прафсаюз павінна “натхніць” усіх на плённую дзейнасць, у тым ліку грамадскую.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.