Слова не верабей… У праўдзівасці гэтага народнага выслоўя ўпэўніўся нядаўна жыхар аграгарадка Глыбачка 1983 года нараджэння. Падчас чарговага скандала са сваёй сужыцельніцай мужчына агучыў у яе адрас пагрозу забойствам.
Гэтым, праўда, не столькі яе напужаў, колькі сабе нашкодзіў – зарабіў крымінальную справу.
Напярэдадні Новага года яшчэ адзін 40-гадовы жыхар Глыбачкі вырашыў перакваліфікавацца ў турысты. Сарваўшы дзвярны прабой у адной з кватэр аграгарадка, беспрацоўны пранік у памяшканне, дзе пажывіўся турыстычнымі рэчамі: рыдлёўкай, сякерай, касцюмам, курткай, рукзаком, брэзентавым плашчом, радыёпрыёмнікам, налобным ліхтарыкам і іншай маёмасцю на агульную суму 670 рублёў.
Вось толькі апрабаваць такі скарб не паспеў: незаконны “промысел” мужчыны раскрылі.
Ад махлярскіх дзеянняў пацярпелі ў студзені двое жыхароў Ушаччыны. Інтэрнэт-прапанова незнаёмца паўдзельнічаць у таргах на біржы зацікавіла мужчыну 1957 года нараджэння. Калі яго грашовы ўзнос прынёс першы даход (праўда, віртуальны), захацелася больш – такім чынам наш зямляк у некалькі этапаў перавёў на ўказаны рахунак 3630 рублёў.
Вось толькі лёгкага абагачэння не дачакаўся – усе грошы зніклі, а “куратар” па біржавых здзелках перастаў выходзіць на сувязь.
У такую ж пастку праз “Інстаграм” трапіла ўшачанка 1955 года нараджэння. На рахунак махляра (дарэчы, таго самага) яна паклала 340 рублёў.
Надзвычайнае здарэнне адбылося 17 студзеня на тэрыторыі машынна-трактарнага парка ААТ “Дземенец”. Пры развароце заднім ходам на трактары “Беларус” механізатар 1969 года нараджэння не заўважыў свайго калегу, які ішоў з ангара.
У выніку 60-гадовы мужчына аказаўся пад коламі транспартнага сродку і з цяжкімі траўмамі дастаўлены ў бальніцу. Узбуджана крымінальная справа.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.