Вайна ў Афганістане, у якой прымалі ўдзел савецкія войскі, працягвалася 9 гадоў 1 месяц 21 дзень. Інтэрнацыянальны абавязак выканалі амаль 30 тысяч беларусаў, з іх больш за 700 загінула, 870 салдат і афіцэраў вярнуліся з вайны інвалідамі. У баявых дзеяннях прымалі ўдзел каля сотні ўраджэнцаў і жыхароў Ушацкага раёна. Напярэдадні юбілейнай даты вываду савецкіх войск з Афганістана мы падрыхтавалі інфармацыйную падборку, якая датычыцца тых падзей.
Тэхнік-пілот верталёта Міхаіл Хрыпач першы раз служыў у Афганістане ў 1983-1984 гадах, вярнуўся з ордэнам “Чырвонай Зоркі” і званнем старшы лейтэнант. Капітана атрымаў за Чарнобыль – з 14 ліпеня па 25 верасня 1986-га года завісаў над палаючым рэактарам і тушыў яго, скідваючы мяшкі з пяском. Пра ордэны “За службу Радзіме ва Узброеных сілах” не даведаўся – быў збіты 1 кастрычніка 1988 года. Родных апошні раз бачыў у маі, калі забіраў з раддому ў Полацку жонку і дачку.
Аляксандр Клачок аб нараджэнні дачкі Юлі даведаўся з тэлеграмы 14 лютага 1983-га, 24-га заканчвалася камандзіроўка, і ён збіраўся прыехаць дамоў. А 21-га ў Дубінцы яго бацькі атрымалі чорную вестку – верталёт пацярпеў крушэнне. Аляксандр Васільевіч доўгі час не лічыўся воінам-інтэрнацыяналістам, паколькі служыў у пагранічных войсках, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Саюза ў Марах, разбіўся яго верталёт таксама на сваёй зямлі. Аднак у А.Клачка больш 40 баявых вылетаў у Афганістан і па адной з версій яны “цягнулі” палаючую машыну да мяжы, каб не трапіць у рукі душманаў.
З ліста Мікалая Ключонка бацькам: “Стаіць жудасная спёка. Рукі ў хлопцаў, ды і ў мяне патрэскаліся. Але нічога, загояцца. Хадзілі на баявое заданне. Выканалі яго. Я абяцаю, што вярнуся з медалём. Бацька, купі паляўнічага сабаку, каб ён вырас, пакуль я прыеду”. Кулямётчык Мікалай Ключонак ахоўваў вывад войскаў праз Саланг і сам ужо пакрыху збіраўся дадому. Купіў дыпламат, гадзіннік, дзве пачкі цукерак. Усё гэта, як і ордэн “Чырвонай Зоркі”, трапіць у Мажуйкі, толькі без яго.
Афіцэр Валерый Галаскокаў: “Можна забыцца на крыўду, зневажанне, але не забыць Афганістан, дзе кожны дзень знаходжання роўны подзвігу. Дзе дружба мяжуе з братэрствам мацней чым роднасць. Параненых баявыя сябры на руках неслі ў лагер, мёртвых – таксама. Там усё агульнае: апошняя цыгарэта, кавалак сухара і глыток вады. І ўсім аднолькава: і афіцэру, і сяржанту, і салдату”.
У маі 1988 года прэзідэнтам рэспублікі Афганістан быў зацверджаны медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. У нашым раёне ў кастрычніку гэтага года першымі ўзнагароду атрымалі Ігар Лёля, Анатоль Жаваранак і Мікалай Юркевіч.
У канцы васьмідзясятых пры Ушацкай школе працаваў клуб “Дэсантнік”, у якім Аляксандр Казьянін і Алег Рагавешка, якія прайшлі Афган, рыхтавалі юнакоў быць гатовымі да воінскай службы. А пры раённым аддзяленні ДТСААФ у васьмідзясятыя-дзевяностыя гады праводзіліся спаборніцтвы па мотаспорце, прысвечаныя памяці загінуўшых воінаў-землякоў.
Вадзіцель БТР Леанід Міхаль: “Пасля шпіталя ў Ашхабадзе мне прапаноўвалі застацца служыць на месцы. Адмовіўся, так прывык да сваіх рабят. Ды і службы ў Саюзе ўжо не ўяўляў. Пасля дэмбелю нязвыкла было ісці па горадзе без аўтамата, падспудна сяздела думка: раптам небяспека, а нечым абараняцца”.
Мікалай Джураеў: “Паўгода вучобы на вадзіцеля БМП і паўтара – у Афганістане. Наша машына – гэта перасоўны разведвальны пункт, экран, ЭВМ, трэба было перадаваць каардынаты для абстрэлу. Занятак небяспечны. Калі вярнуўся дадому, даведаўся, што камандзір нашай БМП загінуў. Мы ж аднойчы злавілі варожага разведчыка, за што і атрымаў медаль “За баявыя заслугі”.
Віктар Прахарэнка служыў у батальёне абслугоўвання трубаправодаў, па якіх вялося перапампоўванне рэактыўнага паліва: “Маджахеды наўмысна прабівалі трубу ў чаканні, калі мы пачнем яе рамантаваць, таму рабіць гэта звычайна даводзілася пад прыкрыццём агню БТРаў”.
Уважаемые воины-афганцы!
Поздравляю вас с 35-летием вывода войск из Афганистана.
Желаю вам крепкого здоровья, семейного благополучия, душевного спокойствия и мирного неба над головой!
С уважением, Пятница Е.М.