Пытанне харчовай бяспекі актуальна заўсёды, а ў гарачую пару жніва тым больш. Аб тым, як на сённяшні дзень выконваюць дзяржзаказ па здачы зерня нашы гаспадаркі, расказвае галоўны спецыяліст райсельгасхарча Людміла Міхайлаўна МІХАЛЬ.
– Віцебская вобласць ужо выканала дзяржзаказ па здачы зерня, а вось наш раён толькі на 63 працэнты. Сёлета ён выконваецца складаней, чым у мінулым годзе. У першую чаргу гэта абумоўлена тым, што большасць азімых культур дрэнна перазімавала або загінула. На сённяшні дзень на камбінат хлебапрадуктаў паступіла 8 тысяч тон зерня, з іх 3 тысячы – харчовым, 5 – фуражным.
Лепш за ўсіх спраўляецца з выкананнем дзяржзаказу ААТ “Ільюшынскі”, дзе ўжо перавыкананы план здачы на 11 працэнтаў – з 930 запланаваных здадзена 1028 тон. 80 працэнтаў з 1500 тон, здадзеных на КХП, пайшло харчовым. Складана атрымаць зерне на крупы ці муку, тым не менш менавіта “Ільюшынскаму” ўдалося здаць 230 тон харчовага ячменю. А розніца ў цэнах, дарэчы, вельмі адчувальная: калі гэтая ж колькасць зерня была б здадзена фуражным, гаспадарка б згубіла прыбытак у суме каля 60 мільёнаў рублёў. Канечне, “Ільюшынскі” мае перавагу перад астатнімі па наяўнасці новага зернесушыльнага комплексу і можа дапрацоўваць зерне, аднак немалаважным фактарам з’яўляецца і арганізацыя працы, якая тут на высокім узроўні. Больш таго, гаспадарка паставіла 252 тоны піваварнага ячменю на ААТ “Белсолад”, а складаней за ўсё атрымаць менавіта піваварны ячмень. Перавыканалі дзяржзаказ па піваварным ячмені і ў “Глыбачанах” – ужо здадзена 300 тон пры плане 280 (агульны план здачы тут выкананы больш чым на 70 працэнтаў). Пасля дапрацоўкі 140 тон піваварнага ячменю павінен здаць “Дземенец”. Спрабавалі здаць піваварным ячмень і ў “Арэхаўне”, аднак ён не прайшоў з-за перавышэння бялку. Розніца ў кошце на яго і фуражнае зерне адрозніваецца ў 2,2 раза. Па здачы піваварнага ячменю наш раён займае другое месца ў вобласці, план выкананы на 77 працэнтаў, у той час як па вобласці ў цэлым толькі крыху перавышае 30 працэнтаў.
Крытычная сітуацыя з выкананнем дзяржзаказу ў “Дубраўцы”, дзе пры плане 770 тон не здадзена ні адной. Пры тым, што запазычанасць перад КХП складае паўтары тысячы тон зерня, здадзена фуражным толькі каля 200 тон. А ўдзельная вага “Дубраўкі” ў раённым плане здачы складае 16 працэнтаў.
Разлічыліся з даўгамі перад камбінатам хлебапрадуктаў і ўжо працуюць на сябе чатыры гаспадаркі – “Ільюшынскі”, “Глыбачаны”, “Дземенец”, “Вялікадолецкае”.
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.