В Ушачах прошёл спортивный праздник «День снега». Фоторепортаж

Cпорт

Некалькі тыдняў “палявалі” арганізатары “Дня снегу” на класічны зімовы выхадны, але каварная нябесная канцылярыя ўсё сыпала шэрай імжой ды здзекліва хлюпала слотай. І нарэшце ў мінулую суботу дзянёк выдаўся што трэба: бадзёры марозік і яшчэ спрытныя снежныя гурбы забяспечылі патрэбны для святочнага дзейства рэквізіт.

Ну а людзі прынеслі тое, чаго не ставала. Раніцай да пляцовак ля спарткомплексу ўшачане крочылі з канькамі і лыжамі, вёдрамі і нават сякерамі. А спартыўны старажыл з каманды аддзела па адукацыі Віктар Акулёнак нёс іх аж дзве: маўляў, хто ведае, якія калодкі ў турніры па колцы дроў пападуцца. І менавіта з гэтага конкурсу, які дэбютаваў у праграме летась і ўсім спадабаўся, мы пачнём аповед пра свята. Задача ў дрывасекаў была няпростая: у хуткім тэмпе раскалоць шэсць даволі тоўстых сасновых калодак на столькі ж частак. “Давай, Віктар Іванавіч, пакажы моладзі клас!”, – падбадзёрваў прыгаданага вышэй настаўніка Пётр Варатынскі. І той няблага справіўся з задачай. Як, зрэшты, і камунгасавец Павел Пашкоў, які мае практыку на вясковай сядзібе ў Сарочыне. Іх вынікі пэўны час трымаліся ў прызавой тройцы – пакуль на памост не выйшаў фаварыт: леташні чэмпіён Сяргей Собаль. Волат-выратавальнік вельмі шпарка расправіўся з паленамі і, шчыра кажучы, большасць прысутных ужо не сумнявалася ў яго перамозе. Вось толькі астатнія два канкурсанты здавацца не збіраліся. Жаданне не ўдарыць тварам у снег у лясгасаўца Андрэя Лодзіса было такім гарачым, што ён выйшаў на пляцоўку ў адной футболцы – і паказаў “бронзавы” вынік. Ну а апошнім узяў сякеру Андрэй Клопаў з райгаза – і пацясніў С.Собаля на другую прыступку п’едэстала! “Я ж вясковы – жыву ў Двор Пліне”, – сціпла патлумачыў пераможца вытокі свайго поспеху. Варта сказаць, што прызёры конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі, а ўсе яго ўдзельнікі – памятныя прызы ад арганізатараў – Ушацкага лясгаса.

Вітаючы ўдзельнікаў, намеснік старшыні райвыканкама А.Міранкова падкрэсліла, якая вялікая ўвага надаецца ў Беларусі фізкультуры і спорту, пажадала ўшачанам атрымаць зарад бадзёрасці ад цудоўнага зімовага дня.

Але пяройдзем да больш традыцыйных снежна-лядовых баталій. У лыжнай эстафеце сёлета барацьбы не атрымалася: дуэт прадстаўніка РАНС Міхаіла Ярмоша і Анастасіі Кузняцовай з філіяла аблспажыўтаварыства (у гэты раз арганізацыі аб’ядналіся ў адну каманду) імкліва праляцеў па трасе. “Срэбра” ў Сяргея Ціханёнка і Ірыны Шчукінай з райвыканкама, “бронза” – у Мікіты Хвашча і Ганны Бабянок са зборнай сектара культуры і Дэпартамента аховы. Шпарка памяняўшы лыжы на канькі, а М.Ярмоша – на Аляксандра Сакалова, Насця Кузняцова і яе каманда абзавяліся яшчэ адным золатам – у лядовай эстафеце, дзе трэба было паказаць і хакейныя навыкі. “У нас жа ў Вялікіх Дольцах не толькі лыжня, а і каток на саджалцы быў, так што на каньках усю зіму ганялі”, – прыгадала дзяўчына школьныя гады. “Срэбра” ў гэтым відзе ў культработнікаў і аховы (медаль здабылі Вольга Чумакова і Андрэй Бутоўскі), зусім няшмат саступілі ім бронзавыя прызёры з УП ЖКГ.

На катку праходзіў і вясёлы конкурс, які традыцыйна ладзіць райкам БРСМ. Сёлета гэта быў сімбіёз кёрлінгу і боўлінгу, дзе кеглі-бутэлькі збівалі “ватрушкамі”. Такія спаборніцтвы мы любім за тое, што для ўдзелу ў іх не трэба быць падрыхтаваным спартсменам – дастаткова спрыту ды ўдачы! Прызы ад маладзёжнай суполкі за І і ІІ месцы дасталіся зборным РАНС і кааператараў, культработнікаў і Дэпартамента аховы, ну а “бронзе” парадавалася сімпатычная каманда цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.

У Кнізе рэкордаў Гінеса зафіксаваны самі даўгі – 600-метровы канат, які перацягвалі 300 жыхароў Магнітагорска. Ну а калі б афіцыйны прадстаўнік выдання аказаўся ў суботу ва Ушачах, то яно б магло папоўніцца дасягненнем па працягласці аднаго паядынку. І хоць ніхто не дадумаўся зафіксаваць, колькі доўжылася барацьба зборнай культработнікаў і дэпартамента аховы з камандай райвыканкама, арганізатары прызналіся, што не бачылі падобнага за ўвесь час правядзення “канатных баталій”. Ну а вынік у гэтым відзе аказаўся сенсацыйным. Некалькі год запар тут правілі баль атлетычныя і згуртаваныя выратавальнікі. Без паражэнняў яны дайшлі да фіналу і зараз, але ў галоўных паядынках першынствавалі лясгасаўцы. На наша ж пытанне, па якім прынцыпе адбіралі людзей у каманду, Ігар Ардынскі з гумарам адказаў: “Па памеры адзення!”. Ганаровую “бронзу” ў гэтым відзе атрымалі камунгасаўцы.

Конкурс “Снежныя фантазіі” – традыцыйна самы працаёмкі. Вось тут і пайшлі ў справу прыгаданыя ў пачатку вёдры – ляпіўся снег дрэнна і вады спатрэбілася шмат. Каралямі вернісажу прадказальна сталі драконы: каб у свой Новы год да нас завіталі кітайскія сябры, дык, напэўна, адчулі б сябе, як дома. А асабіста мне вельмі спадабаўся сародзіч казачных істот – кракадзіл, дакладныя прапорцыі якога падказвалі, што яго стварэннем кіраваў прафесіянал. Зрэшты, так і аказалася: лясгасавец Дзмітрый Пашкевіч перакваліфікаваўся з разьбяра ў снежнага скульптара. Прывабны пінгвін атрымаўся ў райвыканкамаўскіх майстроў – яны сёлета з “бронзай”. Сімпатычнага Дракошу стварыла каманда РАНС і кааператараў, дзе дойлідамі былі Максім Дукмасаў і Крысціна Шастакова – узнагародай за працу стала “срэбра”. А вось “золата” прысудзілі арыгінальнаму міньёну. Цікава, што ідэя вырабіць гэтага мультперсанажа належала начальніку раёна газазабеспячэння Андрэю Залеўскаму, чаравала ж над ім суполка ў складзе Канстанціна Лёлі, Івана Гірсёнка, Ігара Пятніцы, Алены Карабань, а Канстанцін Паршонак прыцягнуў у брыгаду сына Цімура і яго сябра Дзяніса Лаюшку. “Сёлета, перш чым вынесці вердыкт, мы вырашылі правесці экспрэс-апытанне гледачоў, якое, прынамсі, цалкам супала і з нашым меркаваннем”, – падзялілася з намі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Шаўчэнка – менавіта гэта арганізацыя падрыхтавала прызы для лепшых снежных скульптараў.

 

Не абышлося і без дадатковых узнагарод. Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама зацвердзіў прыз самай маладой камандзе – яго атрымлі лясгасаўцы. А раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” адзначыла найбольш сталага ўдзельніка: ім стаў Сяргей Іўліеў са зборнай райвыканкама. І сапраўды, такія масавыя мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей рознага ўзросту, прафесій і захапленняў, у якіх, аднак, і шмат агульнага – аптымізм, калектывізм і любоў да актыўнага ладу жыцця.

“Золата” ў агульным заліку заваявала каманда РАНС і філіяла аблспажыўтаварыства. А пра тое, якой упартай была барацьба за іншыя прызавыя месцы, сведчыць факт, што лясгас і зборная сектара культуры і Дэпартамента аховы набралі аднолькавую колькасць балаў, і “срэбра” дасталося лесаводам па дадатковым паказчыку. Усяго на палову бала адсталі ад прызёраў газавікі і райвыканкамаўцы, у якіх, адпаведна, 4 і 5 пазіцыі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *