Молодая семья Тарасевич

Образование и молодежь

Сціплыя і прыемныя маладыя людзі не лічаць сябе прыкладам для іншых, жывуць спакойным размераным жыццём. Незвычайнай гісторыі знаёмства ў іх няма, нарадзіліся і жылі ў Сарочыне, хадзілі ў адну школу, толькі ў розныя класы, бо маюць невялікую розніцу ва ўзросце. Таму можна сказаць, што гэтыя людзі не проста знайшлі адзін аднаго, іх пачуцці і каханне правераны часам з самага дзяцінства.
Нямногія аддаюць перавагу сельскаму жыццю замест гарадскога. А Алеся і Сяргей нават і не задумваліся змяніць лад жыцця і будаваць сваё сямейнае гняздо ў вялікім горадзе. Ды і навошта далёка ехаць, калі камфортна адчуваеш сябе ў родных мясцінах? Так і засталіся жыць тут, роўна дзесяць год таму стварыўшы сям’ю. Спачатку жылі разам з бацькамі, а потым асобна ў доме, які будаваў яшчэ дзядуля Алесі. За час сумеснага жыцця яны многае перабудавалі, зрабілі па сваім гусце, і сёння як звонку, так і знутры дом выглядае прыгожым, утульным і дагледжаным. Хоць самі маладыя плануюць яшчэ многае зрабіць, давесці да ладу. Як кажуць, у сапраўдных гаспадароў работа заўсёды знойдзецца. На іх падворку кветкі, чысціня. Сядзіба знаходзіцца каля самай дарогі, прыемна, што праязджаючыя міма спыняюць позірк на гэтым парадку. 
Старанныя яны не толькі ў сямейных і асабістых справах. На працоўных месцах маладую сям’ю таксама характарызуюць толькі станоўча. Абое працуюць на ПУП “Сарочына”. Алеся – аператарам, а Сяргей – вадзіцелем. Зараз, у перыяд уборачнай кампаніі, радзей даводзіцца яму бываць дома, аднак з-за гэтага не ўзнікае ніякіх непаразуменняў. У выхадныя разам паспяваюць зрабіць усё запланаванае.
За працяглы перыяд работы на прадпрыемстве маладыя людзі змаглі праявіць і зарэкамендаваць сябе толькі станоўча. Сведчаннем гэтаму служыць і тое, што, напрыклад, сёлета да Дня моладзі, які адзначаўся ў чэрвені, Алеся ў ліку самых лепшых маладых спецыялістаў была адзначана за добрую працу і атрымала ўзнагароду.
У маладой сямі Тарасевічаў падрастае сынок Паша, які ў гэтым годзе пойдзе ў трэці клас Ушацкай школы. Хоць і маленькі, але прымае ўдзел ва ўсіх сямейных справах, імкнецца дапамагаць сваім бацькам.
Шчырыя і добразычлівыя, гасцінныя, энергічныя, добрыя. Пасля зносін з такімі людзьмі застаюцца толькі добрыя эмоцыі. І ў чарговы раз упэўніваешся, што ўсе поспехі чалавека, усё, чаго ён дабіваецца ў жыцці, пачынаецца з сям’і.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *