Ушаччына прыняла эстафету рэспубліканскага маладзёжнага інфармацыйна-асветніцкага праекта “Паштоўка.БЕЛ”. Такая ініцыятыва Саюза моладзі заклікана нагадаць беларусам пра іх канстытуцыйнае выбарчае права, грамадзянскую адказнасць і адзіны дзень галасавання, які пройдзе ў краіне 25 лютага.
У рамках Адкрытага дыялогу з работнікамі Ушацкага лясгаса намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова і першы сакратар райкама БРСМ Р.У.Хрыпель расказалі, што картку-флаер “Выбіраем будучыню разам!” усе жадаючыя могуць бясплатна адправіць любому адрасату на тэрыторыі нашай краіны да 20 лютага ўключна. Атрымаць яе можна ў актывістаў Саюза моладзі, у тым ліку падчас правядзення на Ушаччыне шэрагу тэматычных мерапрыемстваў. Падпісаны флаер прапануецца пакінуць у спецыяльнай паштовай скрыні з сімволікай праекта.
– Упэўнена, што такая ініцыятыва стане добрым дадаткам у плане інфармавання насельніцтва, – падпісваючы паштоўку для блізкага чалавека, зазначыла Анжаліка Анатольеўна. – Адна справа – паглядзець навіну ў інтэрнэце ці па тэлевізары, а ўжо зусім іншая – калі ў цябе ёсць папяровая “шпаргалка”.
Думаецца, асабліва ганарова будзе атрымаць паштоўку тым, для каго гэта першы дзень галасавання. Так што праект – яшчэ адзін спосаб крэатыўна ўцягнуць маладых людзей у жыццё дзяржавы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.