Выязны прыём грамадзян у аграгарадку Кублічы правёў на гэтым тыдні старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта С.С.Садоўскі.
А пачаўся ён з падзякі. Селішчанец Дзмітрый Канстанцінавіч Хамёнак ад імя жыхароў шматпавярхоўкі, у якой жыве, выказаў словы ўдзячнасці за адрамантаваны дах. Праўда, праблемы вяскоўцаў на гэтым не скончыліся. Адна з самых злабадзённых – частыя паломкі водаправоду і як вынік – адсутнасць вады. “Я сам працую у гэтай сістэме, патраціў не адзін дзень, але адшукаў парывы ля нашага дома. Дарэчы, і балаціна за ім адразу высахла. Разбіраўся і з каналізацыяй, аднак у мяне няма сіл і тэхнікі, каб рабіць гэта па ўсёй нашай немалой вёсцы. Ды і гаспадарка ў выніку меней бы траціла – не было б уцечак і не працавала б пастаянна помпа, калі б сеткі перадалі на абслугоўванне “Полацкводаканалу”, – прыводзіў слушныя довады мужчына і прасіў паспрыяць у вырашэнні пытання.
Сяргей Сяргеевіч быў у курсе праблемы, якая існуе з-за таго, што сеткі знаходзяцца на балансе ААТ “Дземенец”. Менавіта сельгаспрадпрыемства “XXI партз’езд” у свой час укладала грошы, будавала воданапорную вежу і сеткі, перадача ж адбываецца без якіх-небудзь выплат, больш таго, гаспадарцы, каб паіць жывёлу, давядзецца плаціць. А пры перадачы “Полацкводаканал” ставіць шэраг умоў па рамонце. Сяргей Сяргеевіч абсалютна згодны, што праблемы людзей стаяць на першым месцы, і паабяцаў, што будзе ініцыіравана перадача сетак, але паколькі такая практыка ў раёне ўжо існавала, папярэдзіў, што для гэтага спатрэбіцца час.
Таксама ён мае намер паспрыяць, каб аграгарадок Кублічы быў уключаны ў планы па будаўніцтве станцыі абезжалезвання. Дарэчы, гэтую калектыўную просьбу кублічане паднеслі з гумарам. Аляксандр Ягоравіч Кухта запрасіў на чай, папярэдзіўшы, праўда, што гэта можа быць небяспечна. Жарты жартамі, але Сяргей Сяргеевіч пагадзіўся, што гэта сапраўды праблема, характэрная для многіх населеных пунктаў раёна.
Калектыўным быў і зварот наконт расчысткі дарог ад снегу. Мужчыны прапанавалі шэраг варыянтаў і нават канкрэтных людзей, якія маглі б, на іх погляд, вырашыць праблему.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што яна існуе выключна з-за недахопу тэхнікі, аднак да наступнага сезона камунгас плануе набыць дадатковыя трактары, і прадпрыемства будзе паспяваць з расчысткай як па райцэнтры, так і на сяле.
Падчас гутаркі было абмеркавана нямала іншых, неместачковых пытанняў – ад геральдыкі да народнага апалчэння.
Вольга Караленка.