Традиционно в первые выходные февраля в Ушачской школе прошёл вечер встреч выпускников

Общество

Месца збору змяніць нельга. У фае Ушацкай школы групуюцца былыя выпускнікі, вылучаючы з натоўпу сваіх. З кветкамі, падарункамі, што традыцыйна падносяць школе. І фотаздымкамі… – у якіх залатыя юбіляры пазнавалі Ларысу Манух і Алену Крахотка, што даслалі свае віншаванні з ЗША і Масквы, а Віктар Ярмош рабіў свежыя кадры, што таксама ўжо сталі гісторыяй. Сёлета ў роднай школе сабралася 11 юбілейных выпускаў, а таксама леташнія адзінаццацікласнікі.

Самым старэйшым было 55, і пяцёрка ў складзе Вольгі Басак, Галіны Касяк, Міхаіла Крыскевіча, Таісы Дашкевіч і Валянціны Бяляк апраўдвала лічбу выдатнікаў, прыгадваючы сваіх настаўнікаў, нешматлікія двойкі і назаўсёды ў памяці карту Крыма, паколькі Андрэй Маісеевіч Спірыдзёнак, зламаўшы аб стол указку, абвёў контур паўвострава пальцам непадрыхтаванай вучаніцы. Такіх гісторый на свяце прагучыць шмат. Таццяна Пугачова з 1979-га года выпуску акрэсліла характар кожнай са сваіх аднакласніц, прыгадала Ніну Ісакаўну Гайко, Станіслава Карлавіча Лукашэвіча, Івана Кірылавіча Падворнага – настаўнікаў гісторыі, дзякуючы якім гэты прадмет стаў не проста яе прафесіяй, але і жыццём. Яе аднакласніца Людміла Худалеева ганарылася, што сёння ў школе сустрэліся тры пакаленні яе сям’і: юбілейным – 25-м аказаўся і выпуск у яе дачкі Юліі, а ўнучка весяліла залу са сцэны.

Міхаіл Іваноў успомніў, як на ўроку НВП раскалупалі вучэбную міну, яна запішчала, і калі вучні ў паніцы паўзком пакідалі аўдыторыю, настаўнік машынальна закрыў сабой прыладу.

Шкада, што нічога не расказаў Міхаіл Уладзіміравіч аб сабе, а між тым палкоўнік міліцыі, былы начальнік паліцыі паўмільённага Магнітагорска, што ў дзевяностыя раскрываў самыя складаныя злачынствы Свярдлоўскай вобласці, паўгода знаходзіўся ў гарачых кропках у Чачні, мае як урадавыя ўзнагароды, так і адзнакі куль на целе. Яго выпуск 1984 года назавуць самым патрыятычным, паколькі большасць вучняў застануцца на Ушаччыне: Ірына Корань – фармацэўтам, Роза Пугачова – медыцынскай сястрой, а Наталля Усцінава, Святлана Шчадрова, Марына Крывапушчанка, Надзея Герасімовіч і тры Людмілы – Прыстаўка, Жук і Пугач папоўняць рады ўшацкіх педагогаў.

Ну а дружныя 35-нікі сваё выступленне на сцэне пачнуць традыцыйнай школьнай фразай: “Зноў Фамін, чаму Фамін? Я ўчора адказваў”. І між тым менавіта Сяргей Васільевіч, вядомы ўшачанам як заснавальнік водна-аднаўленчага цэнтра, адрадзіўшы на Ушаччыне Кубкі Беларусі на водных дарожках Вечалля, зноў узяў на сябе ініцыятыву і прадстаўляў выпуск. Яго дапоўніла Святлана Галай, якая прыгадала, як перамаглі на абласным конкурсе строю і песні пад кіраўніцтвам С.Т.Белавусава.

Сяргея Трафімавіча ў гэты вечар успомняць не раз, аднак самым папулярным прозвішчам урачыстасці, дзякуючы сямейнай дынастыі педагогаў, аказалася Багдановіч. Выкладчыка роднай мовы, што ставіў не двойкі, а калы (лягчэй выправіць на 4) Фадзея Францавіча прыгадаюць 55-кі, Эдуарда Фадзеевіча – футбаліст Уладзімір Скрабатун, які прынёс на вечарыну здымкі з пераможнага матча ўшачан над Парламентам, Ніну Аляксандраўну – яго аднакласніца, таксама выпускніца 1974 года Галіна Марковіч, якая бегала да яе на факультатывы па матэматыцы, а потым усё жыццё выкладала гэты прадмет у Вялікадолецкай школе.

У фотазоне разам са сваёй класнай кіраўніцай фатаграфаваўся і маладзейшы на 20 11 “Г”. Выступленне гэтага выпуску вядучыя назавуць самым яскравым дзякуючы Юрыю Корабаву. Начальніка цэха, старшыню прафкама на “Шкловалакне” добра ведаюць як арганізатара розных мерапрыемстваў. А цяпер і землякі пераканаліся, што мужчына нездарма ў роднасных адносінах з Генадзем Гарбукам. У гэтай паралелі вучыўся таксама супрацоўнік “Масквагаза” Генадзь Мураўскі, і ў нядаўнім дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Віцебскага ўніверсітэта імя П.Машэрава Мікалай Чырвоны, які зараз укараняе праграмы ў розных краінах былога Саюза.

Самым прадстаўнічым аказаўся выпуск 20-гадовай даўніны. Як і папярэднія выступоўцы, яны мала расказвалі пра сябе, таму не ўтрымалася, узяла слова былы дырэктар школы Святлана Канстанцінаўна Турло: “Нашы зоркі, дзякуючы якім ушацкая каманда КВЗ заўсёды перамагала ў раёне, у школе працавала сваё тэлебачанне, першы выпуск фізіка-матэматычнага класа, які мы адкрылі, наладзіўшы супрацоўніцтва з БНТУ”. Профільныя спецыяльнасці гэтай ВНУ ў наступным атрымалі практычна ўсе з 22 вучняў класа. Марына Таран – інжынер-тэхнолаг віцебскай абутковай фабрыкі, Віктар Балабоўка – у праектным бюро “МАПІДа”, а Наталля Шах – флагмана машынабудаўніцтва – “БелАЗа”, Дзмітрый Шаўчэнка ў Санкт-Пецярбургу выпускае абсталяванне для ЖБІ, Сяргей Шалесцюковіч у Польшчы займаецца лагістыкай, а Зінаіда Пашкевіч – бухгалтар на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Дарэчы, гэта не адзіная прадстаўніца раёна на гіганце айчыннай энергетыкі – там жа працуюць аднагрупнікі і аднакласнікі Павел Азевіч і Антон Качан, якія скончылі школу 10 год таму.

Завіталі на вечарыну і самыя юныя, 5-гадовыя юбіляры. Некаторыя з іх, як Яўген Бародзіч ужо атрымалі дыпломы і прафесію, а ў будучага медыка Ангеліны Марачкінай яшчэ год вучобы.

Розныя гады і нават пакаленні, зусім розныя па колькасці выпускі, калі ў 1974-м Ушацкую школу скончыла 190 чалавек, 1979-м – 166, 2004-м – 125, то ў 1989-м – 90, а ў 2019-м – усяго 46. Аднак адзіным штогод застаецца вернасць школе, асаблівы дух зямляцтва і незвычайная цеплыня нашых вечароў сустрэчы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *