Прайшоўшыя дажджы прыпынілі тэмпы ўборачнай кампаніі, але ўжо многія гаспадаркі набліжаюцца і да завяршэння жніва. Менш 30 працэнтаў плошчаў засталося ўбраць у “Глыбачанах”, кожную спрыяльную хвіліну тут выкарыстоўваюць, каб хутчэй сабраць вырашчанае. Кожнае жніво становіцца для аграрыяў сапраўдным экзаменам. У мінулым годзе прыходзілася вытрымліваць яго ва ўмовах небывалай спёкі, сёлета ўборка ўскладнілася з-за моцнай палегліцы на палях. Тым не менш, у чарговы раз працаўнікі “Глыбачан” паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Ужо намалочана больш трох з паловай тысяч тон, належную ўвагу ўдзяляюць і якасці ўборкі. На няроўных палях, як напрыклад каля Усвеі, нават уручную збіралі непадабраныя камбайнамі каласкі. Спецыялістамі гаспадаркі правяраецца якасць уборкі кожнага экіпажа камбайна і ўлічваецца пры налічэнні заработнай платы. Дарэчы, штодня механізатары атрымліваюць лісткі, дзе адлюстраваны аб’ём выкананай работы і адпаведна заробленае за папярэдні дзень.
Як і падчас іншых палявых работ тут наладжана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў. Сярод апошніх вылучаецца Л.Сапега, які не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне першым перавёз тысячу тон зерня, а вось розніца ў тонах паміж камбайнерамі не вельмі вялікая і пакуль у лідарах А.Камовіч, які намалаціў 713 тон зерня. Як гавораць самі механізатары, у любым лідарстве ёсць пэўная доля вязення, так і тут – трапіў камень, і як вынік – прастой, ды і ў тэхніцы, нават у новай, не выключаны паломкі.
У гэтым годзе “Глыбачаны” паспяхова выконваюць і дзяржзаказ. З запланаваных 740 тон зерня на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў паступіла 486. Магчыма, больш бы зерня здавалася харчовым, часта яно і падыходзіць па ўсіх параметрах, аднак не заўсёды атрымліваецца дасушыць, дапрацаваць з-за слабай магутнасці зернесушыльнага комплексу гаспадаркі. Таму часта, як і многія, здаюць непасрэдна з-пад камбайнаў.
Аднак як і ў мінулым годзе выконваюць і дзяржзаказ па здачы піваварнага ячменю. На сённяшні дзень здадзена каля 200 тон. Як вядома, патрабаванні да яго вельмі высокія, адно з якіх – утрыманне не больш 12 працэнтаў бялку і жыццяздольнасць зерня.
Хоць яшчэ не ўсе палеткі ўбраны, але ўжо бачна, што сёлетні каравай гаспадаркі больш важкі, чым мінулагодні.
В.ПОЛАЗАВА.