«Фирменные» корзины имеются у всех родных и друзей». Геннадий Куленок занимается плетением оригинальных корзин

Калейдоскоп

На візіт у схаваную між белых лагчын і палёў Лажаншчыну нас натхнілі гэтыя арыгінальныя кошыкі. Але ж, канечне, калясілі мы па дрогкіх зімовых дарогах не толькі дзеля творчых сакрэтаў майстра Генадзя Іванавіча Кулянка: хацелася праведаць даўняга сябра газеты і пацікавіцца, як бавяць зімовы час жыхары зусім малалюднай аддаленай вёсачкі.

Дарэчы, іх тут толькі два: апроч прыгаданага старажыла ў былым бацькоўскім доме з нядаўняга часу абжываецца Аляксей Пугачоў, які летась атрымаў статус пенсіянера. Калі б мы прыехалі на чвэрць гадзіны раней, дык засталі б абодвух ля аўтакрамы, але маладзейшы сусед ужо закупіўся і адбыў па сваіх справах, а прадстаўляць вёску даручыў Генадзю Іванавічу – для былога старэйшыны і начальніка саўгаснага ўчастка гэта звыкла.

Па серадах ды суботах на тутэйшых дарогах “ажыўлены рух”: акрамя кааператараў заязджаюць у вёску і паштавікі. Аўталаўшчыкі Аляксей Кляпец і Іван Крупеня, а таксама паштовы работнік Тамара Салавей выступаюць для сялян “сувязнымі з цывілізацыяй”. Дзякуючы ім вяскоўцы заўсёды з прадуктамі, а Генадзь Іванавіч чытае свежы “Патрыёт” і чатыры любімыя часопісы. Дарогі, канечне, у наваколлі няпростыя, але людзі з разуменнем ставяцца да таго, што першым чынам чысцяць больш запатрабаваныя. Ля абодвух жылых дамоў свецяць ліхтары – калі ж лямпу трэба памяняць, старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош аператыўна рашае пытанне. “Пра кіраўніка мясцовай улады я так скажу: яна на сваім месцы”, – кажа Г.Кулянок.

Не забываюцца пра Генадзя Іванавіча і дзеці (іх у яго чацвёра), пастаянна наведваюць, дапамагаюць. Любімую ж вёску ён пакідаць наадрэз адмаўляецца, хоць і прапаноўваюць родныя пераехаць да іх, бо немалады ўжо, здароўе падводзіць. Асабліва занядужыў, калі ў 2020-м страціў любімую жонку Надзею Маркаўну, з якой пражыў 61 год. І зараз у хаце ўсё аб ёй нагадвае: самаробныя дываны, вышытыя карціны, ручнікі, падушкі… Надзвычайнай рукадзельніцай была яго палавінка, ды і сам мужчына – выдатны майстар. Прыгадвае, як цесць Марк Восіпавіч Кандрацкі ў першы час пасля вяселля ставіўся да яго недаверліва, калі ж Генадзь змайстраваў сані, – зразумеў: хоць і малады ён зусім, але рукасты, талковы… Увогуле з дрэва мужчына мог зрабіць усё, што патрэбна ў гаспадарцы: дзяжу, маслабойку, любы посуд. А кош, які сплёў гадоў 40 таму з сасновай лучыны, і зараз з бульбай на кухні стаіць…

Ну вось, нарэшце, і да прыгаданых вышэй кошыкаў размова дайшла. Пляце іх вясковец з палімернай стужкі, якой абвязваюць розныя грузы. Сыравінай забяспечвае сын-камунгасавец. Сёлета, напрыклад, будавалі тратуар ў гарпасёлку, дык плітка якраз такой стужкай была змацавана. Яна потым проста ва ўтыль ідзе, сметнік папаўняе, а так – для добрай справы служыць. І рукі ёсць чым доўгімі зімовымі вечарамі заняць. “Фірменныя” кошыкі маюцца ўжо ва ўсіх родных і сяброў Генадзя Іванавіча – нават у паўтарагадовага праўнука Ромы, які летам спрабаваў збіраць у яго ягадкі. Стаіць цяпер такі і на маёй кухні – нагадвае пра дзіўную Лажаншчыну, зямлю таленавітых добрых людзей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *