Учащиеся Ушачской СШ завоевали призовые места на областном этапе республиканской олимпиады по химии

Образование и молодежь

Калі, рыхтуючыся да гэтага інтэрв’ю, знайшла заданні абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, мякка кажучы, здзівілася. Ні аднаго – са школьнай праграмы, большасць – з акцэнтам на біялогію, фізіку, інфарматыку, прычым, таксама павышанага ўзроўню. З такімі, упэўнена, не кожны студэнт-хімік справіцца, а іх прапанавалі школьнікам… Між тым, вучням Ушацкай СШ многія аказаліся пад сілу – Анастасія Ларчанка, Кірыл Шук і Ганна Качко “нахімічылі” на “золата”, “срэбра” і вельмі добры, хаця пакуль “неметалічны”, вынік.

“Для маіх дзяўчат, хоць і вучацца яшчэ ў дзявятым класе, удзел у алімпіядзе – ужо прывычная справа, – з гонарам зазначае педагог Л.А.Струй. – У складзе каманды “Алхімікі” два гады таму яны заваявалі дыплом І ступені на дыстанцыйных рэспубліканскіх спаборніцтвах. На інтэрнэт-алімпіядзе Насця стала ўладальніцай “золата”, Аня – прызёрам. Праз год абедзве першынствавалі на абласным хімічным конкурсе “Заданне на тыдзень”. Карацей кажучы, рыхтаваліся даўно і адказна, таму сёлетняя перамога дзяўчат на раёне, іх запрашэнне на вобласць былі чаканымі”.

“Саперніцтва паміж намі ніколі не існавала, поспехі адна адной толькі стымулююць, – прызнаецца Аня. – Вельмі рада, што Насця ўзяла “золата”. Мяне ж падвяла залішняя грунтоўнасць: кожную задачу, тэст перачытвала, унікала, ды і адразу па некалькі варыянтаў рашэння запісвала. У выніку да апошніх нават дайсці не паспела – паставіла варыянты наўздагад”. Зрэшты, гэта моцна не адкінула ўшачанку ў турнірнай табліцы – адпрацаванае аказалася практычна беспамылковым.

Не пашанцавала ёй у практыцы: жаданага цітравання, на якім ужо набіла руку, у заданнях не было. “Крыху падвяло і здароўе, – уздыхае Ларыса Аркадзьеўна. – Перад выездам каманды ў Віцебск Аня прастудзілася, але адмаўляцца ад удзелу ў алімпіядзе не стала”. “Нічога, зараз я ўжо ў страі! – пераводзіць тэму на пазітыўны лад А.Качко. – Трэба ж далей рыхтавацца, ды і па спорце ўжо засумавала – займаюся валейболам, тэнісам”.

Сапраўды феерычны вынік прадэманстравала на вобласці Насця Ларчанка: “срэбра”, што было на раёне, яна не ўтрымала, а палепшыла! І гэта пры тым, што пераважная большасць удзельнікаў – гімназісты ды ліцэісты з гарадоў.

“Больш цікавай мне паказалася практычная частка заданняў, – кажа дзяўчына. – Справілася ўсяго за дзве гадзіны з прапанаваных чатырох. Магла б і хутчэй, аднак канцэнтрацыя некаторых рэактываў была мінімальнай, што ўскладняла працэс іспытаў. Падчас змешвання кіслаты з карбанатам, напрыклад, заўважыла толькі дзве бурбалкі – майму зоркаму воку гэтага хапіла, каб правільна вызначыць рэакцыю. Многім жа пашчасціла менш”. Дарэчы, з магчымых 20 балаў на гэтым этапе Насця набрала высокія 18,5 – не таму, што дзесьці памылілася, проста для падстрахоўкі, як і Аня, напісала лішняга.

Ушачанку, якая сябруе з дакладнымі навукамі, не збіла з толку і абсалютна новае для алімпіяды такога ўзроўню заданне па інфахіміі – прыгадала інфарматыку, прымяніла веды па арганічнай хіміі (гэты раздзел, дарэчы, вывучаецца толькі ў 10 класе) ды і логіку падключыла. Спатрэбілася і не менш любімая ёю фізіка з газавымі законамі, тэрмадынамікай…
“На ўроках алімпіяднікі, вядома, працуюць па асобнай праграме, па суботах наведваюць факультатыў, – расказвае настаўнік А.В.Марозава. – Не спыняецца падрыхтоўчы працэс нават летам. Без шчырай любові да прадмета такое, канечне, хутка б надакучыла. Але гэта не пра нашых “зорачак”.

У поспеху свайго выхаванца – дзесяцікласніка К.Шука – Алена Васільеўна таксама не сумнявалася. Летась юнак годна прайшоў раённы этап алімпіяды, на вобласці атрымаў “бронзу”. Вынік, безумоўна, выдатны, аднак яго – максімаліста па натуры – не задаволіў. Праштудзіраваўшы дзясяткі падручнікаў, дапаможнікаў, энцыклапедый, правёўшы з педагогам нямала хімічных даследаванняў, зноў засвяціўся на другім этапе спаборніцтваў (дарэчы, быў блізкі да “золата”: не выканаў усяго адну задачу). Здолеў утрымаць “срэбраную” пазіцыю і на вобласці – ад абсалютнага лідара аддзяліла ўсяго 6 балаў.

“Больш па душы мне таксама была практычная частка заданняў, хаця без казусаў у лабараторыі не абышлося, – расказвае юнак. – Так, чамусьці не спрацавалі выдадзеныя рэактывы – добра, што арганізатары гэта заўважылі, усё замянілі і дадалі часу на вопыты. Здзівілі і самі задачы: адну пазней паказаў брату Дзянісу, колішняму пераможцу хімічных алімпіяд, а цяпер студэнту, дык ён таксама быў у ступары”.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ушацкія хімікі прадэманстравалі ў Віцебску бліскучы вынік. Хутка Насця прыме ўдзел у заключным этапе алімпіяды сярод дзевяцікласнікаў, Кірыл уключаны ў рэзерв удзельнікаў сярод вучняў 10 класаў, Аня ж разам з імі актыўна працягвае падрыхтоўку. Пажадаем нашым юным землякам далейшых поспехаў! Дарэчы, не выключана, што ў іх “штаце” хутка прыбудзе: па словах Л.А.Струй, сёлета з-за хваробы не змагла паўдзельнічаць у раённым этапе вельмі здольная вучаніца Насця Дукмасава. А праз год, глядзіш, і яшчэ зацікаўленыя прадметам знойдуцца…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *