Любовь, проверенная временем

Золотые юбиляры

50 гадоў сумеснага жыцця, залатое вяселле… Гэта каштоўная спадчына, якой валодаюць двое – муж і жонка. Кожны з іх нямала папрацаваў, каб стварыць, назапасіць яе і даць заззяць золатам самай высокай пробы. Днямі ў аддзеле загса Ушацкага райвыканкама залатое вяселле адзначылі Уладзімір Іванавіч і Лідзія Міхайлаўна Папко.
Пражыць 50 гадоў разам у каханні і згодзе выпадае не кожнаму. Уладзімір Іванавіч і Лідзія Міхайлаўна захавалі клятву вернасці, дадзеную паўстагоддзя назад. І сёння, азіраючыся на пражытае, могуць з упэўненасцю сказаць: яны не прагадалі. Нягледзячы на выпрабаванні і перашкоды, гэтыя ўжо немаладыя па ўзросце мужчына і жанчына, падтрымліваючы, дапамагаючы, падбадзёрваючы і моцна кахаючы адзін аднаго, пражылі цудоўнае жыццё, нарадзілі і выхавалі дзвюх дачок, дапамагалі расціць трох унукаў, ужо дачакаліся і праўнука. За вернасць, цярпенне, любоў жыццё ўзнагародзіла іх ладам, парадкам у доме.
Іх дзяцінства было апалена вайной. Бацька Лідзіі Міхайлаўны загінуў на вайне, і 11 (!) дзяцей падымала на ногі адна маці. Лідзія Міхайлаўна была самай малодшай. Закончыла толькі пяць класаў і была вымушана пайсці працаваць у калгас, каб зарабіць сена для сваёй каровы. 
Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў горадзе Пушкін Ленінградскай вобласці. Падчас вайны сям’я апынулася ў блакадным Ленінградзе. Ратуючыся ад голаду, зімой дабіраліся да Беларусі, на радзіму бацькі – у вёску Белае. Тут, на роднай зямлі, у сям’і з’явілася трэцяе дзіця. А навокал былі жахі вайны, не абышлі яны і сям’ю юбіляра. Усіх мужчын з бліжэйшых вёсак немцы сабралі разам і расстралялі. Сярод іх быў і бацька Уладзіміра Іванавіча. Няпроста прыходзілася маці з трыма маленькімі дзецьмі і, калі не стала чым іх карміць, каб яны не загінулі ад голаду, была вымушана аддаць іх у дзіцячы дом. Там Уладзімір Іванавіч закончыў сем класаў школы, а пасля быў накіраваны вучыцца на сталяра ў Рыгу. Пасля вучобы была трохгадовая служба ў арміі ў далёкай Германіі. А вярнуўшыся, адразу пайшоў на працу сталяром пятага разраду на Ушацкі прамкамбінат, дзе ўжо працавала яго будучая жонка Лідзія Міхайлаўна.
Са з’яўленнем на вытворчасці маладога і прыгожага хлопца ўсе дзяўчаты сталі звяртаць на яго ўвагу. Аднак яго вочы глядзелі толькі на Ліду. Уладзімір Іванавіч балаваў яе самымі смачнымі і дарагімі цукеркамі. З часам сяброўства перарасло ў каханне.
Не атрымалася ў маладых адсвяткаваць вяселле, яны проста прыйшлі ў Бюро загса Ушацкага раёна і зарэгістравалі свой шлюб. Спачатку жылі ў маці Уладзіміра Іванавіча, дзе ў 1962 годзе на свет з’явілася старэйшая дачка Наталля. Потым пераехалі ў хату маці Лідзіі Міхайлаўны, дзе ў 1967-м нарадзілася Святлана. У 1972-м маладыя адважыліся на будаўніцтва асабістага дома. Будаваць дапамагалі ўсе: і родныя, і прамкамбінат. Да сённяшніх дзён з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць юбіляры былога дырэктара гэтай арганізацыі Міхаіла Барысавіча Казлоўскага, які дапамагаў маладой сям’і і транспартам, і рабочай сілай.
Каля сарака гадоў адпрацавалі юбіляры на Ушацкім прамкамбінаце. Іх добрасумленная праца адзначана разнастайнымі ўзнагародамі і граматамі. Уладзімір Іванавіч мае ордэн Працоўнай Славы трэцяй ступені, абодва юбіляры ўзнагароджаны медалямі “Ветэран працы”.
Працэс урачыстай юбілейнай рэгістрацыі шлюбу, падрыхтаваны начальнікам аддзела загса А.М.Малашчанка, выклікаў у прысутных мноства станоўчых эмоцый, радасць за гэтых людзей, якія змаглі так дастойна пранесці па жыцці светлае пачуццё, якое стала фундаментам сям’і. Па традыцыі ў гэты дзень былі запалены свечкі на святочным торце, выпіта шампанскае, гучала дружнае “горка!”, мужу і жонцы быў уручаны юбілейны медаль. У дзень імпрэзы павіншаваць юбіляраў з выдатным святам прыйшлі старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Прамкамбінат” Н.Ф.Полазава, а таксама старшыня раённага грамадскага аб’яднання ветэранаў У.М.Малаткавец. Ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” залатыя маладажоны атрымалі памятны падарунак. З музычнымі віншаваннямі на свята завіталі спецыяліст РМЦ аддзела культуры Ушацкага райвыканкама І.С.Клімава, удзельнікі народнага клуба “Ветэран” Ф.Р.Пацэйка і У.І.Мамаеў.
Далей свята юбіляраў працягвалася дома, за святочным сталом разам з роднымі, блізкімі і сябрамі.
Шчасця вам, залатыя маладыя!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *