Количество преступлений уменьшилось: в Ушачском РОВД подвели итоги оперативно-служебной деятельности за 2023 год

Общество

Ва Ушацкім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2023 год.

Злачынстваў у раёне стала менш. Паспакайнела на сяле і ў грамадскіх месцах. Радзей у міліцэйскіх зводках фігуравалі нецвярозыя, часцей – непаўналетнія. Пра дасягненні, слабыя месцы, планы на перспектыву мы папрасілі расказаць начальніка райаддзела Віталя Станіслававіча КАРЭНСКАГА.

Палепшылася раскрывальнасць

Прафілактычная работа праваахоўнікаў дазволіла захаваць тэндэнцыю па скарачэнні колькасці злачынстваў. Так, летась на Ушаччыне іх зарэгістравана 76, што на 26 менш, чым у 2022-м. Увогуле не было забойстваў (годам раней – 1), хуліганстваў, разбояў, вымагальніцтваў. Істотна зменшылася колькасць зарэгістраваных кіберзлачынстваў (10 супраць 17), крадзяжоў (23 супраць 43) і іншых незаконных дзеянняў па лініі крымінальнага вышуку (43 супраць 58). Практычна палова злодзеяў “выходзілі на справу” ў стане алкагольнага ап’янення, адна трэць – ужо маючы ў біяграфіі судзімасць.

Значна паспакайнела на тэрыторыі Сарочынскага, Кубліцкага і Вялікадолецкага сельсаветаў, дзе колькасць злачынстваў склала 4, 0 і 1 адпаведна (у 2022-м – 18, 3 і 4). Супрацьлеглая сітуацыя назіралася ў г.п.Ушачы і Жарскім сельсавеце: 14 (10) і 6 (3). Па лініі крымінальнага вышуку раскрывальнасць вырасла і склала 74,4 працэнта пры сярэднеабласным паказчыку 63,7.

Без гібелі і жорсткага насілля

У ліку станоўчага варта назваць таксама недапушчэнне гібелі грамадзян ад знешніх прычын (годам раней – 3), а таксама змяншэнне колькасці пацярпелых у выніку розных крымінальных дзеянняў (58 супраць 86), злачынстваў у сферы дамашняга насілля (5 супраць 7).

У сельскай мясцовасці адбылося 40 злачынстваў (у 2022-м – 64), у грамадскіх месцах – 4 (7). Усе з ліку апошніх – маёмаснага характару (3 крадзяжы, 1 грабеж) і зарэгістраваны на тэрыторыі г.п.Ушачы.

Што непакоіць…

Па-ранейшаму рэгіструюцца ў нас эканамічныя правапарушэнні, якія падлягаюць крымінальнаму пакаранню – летась іх было 2 (годам раней – 3), прычым адно адносілася да цяжкіх карупцыйных. Адразу 5 злачынстваў здзейснілі 6 непаўналетніх (у 2022-м такіх фактаў увогуле не было). Пераступіў мяжу закону ў нашым раёне і 1 іншаземец.

Па лініі дзейнасці наркакантролю да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 2 чалавекі: за незаконны абарот наркотыкаў, а таксама за пасеў і вырошчванне раслін і грыбоў, што ўтрымліваюць наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы. Па адным – па факце палавых зносін з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, вырабу і распаўсюджання парнаграфічных матэрыялаў.

На барацьбу з “зялёным змеем”

З асобамі, якія 3 і больш разоў “засвяціліся” перад праваахоўнікамі ў стане ап’янення, праведзена 90 камісій. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 18 жыхароў раёна. 30 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства, у іх канфіскавана амаль 725 літраў самагону, брагі, іншай спіртаўтрымліваючай прадукцыі, 5 самагонных апаратаў. Такія ж праблемы з законам, толькі па іншым артыкуле, зарабілі 22 чалавекі (годам раней – 19), якія вырошчвалі на ўчастках мак.

Электрасамакат – таксама небяспека

Летась на Ушаччыне адбылося 5 уліковых дарожна-транспартных здарэнняў (на 2 менш, чым годам раней), у выніку якіх, на шчасце, ніхто не загінуў (3), а вось раненні атрымалі 5. Віноўнікам 1 аварыі стаў нецвярозы вадзіцель, яшчэ 1 не меў права кіравання. У непрыемную сітуацыю такога кшталту ўпершыню трапіў чалавек на сродку персанальнай мабільнасці. Многія дазвалялі сабе парушыць хуткасны рэжым, выехаць на сустрэчную паласу. Як вынік – яшчэ 101 ДТЗ з матэрыяльным уронам. Ажно 998 разоў праштрафіліся пешаходы. Усяго ж за 2023 год супрацоўнікі ДАІ выявілі 3490 парушэнняў Правілаў дарожнага руху.

На перспектыву

Галоўную ўвагу ўшацкія праваахоўнікі традыцыйна будуць звяртаць на прафілактыку любых супрацьпраўных дзеянняў, асабліва цяжкіх злачынстваў, эканамічнага профілю, а таксама ў сферы высокіх тэхналогій. Працягнецца работа па зніжэнні ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва, з усімі катэгорыямі ўдзельнікаў дарожнага руху, адпрацоўка населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай, узаемадзеянне з насельніцтвам.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *