На паездку ў Матырына настроіла мяне Вера Васільеўна Шэндзель, якая ўзначальвае тут ветэранскую арганізацыю. Яна параіла наведацца да Аліны Іосіфаўны Кадашнікавай, у якой поўны парадак у доме і двары.
І сапраўды да гэтай жанчыны прыемна зайсці: у палісадніку рознакаляровая квецень, у агародзе ўсё да толку.
– Не-не, – адмахвалася ад майго журналісцкага інтарэсу жанчына, – не трэба пра мяне пісаць.
Аліна Іосіфаўна яўна камплексуе, а ўсё таму, што тры гады назад не стала яе мужа Івана Маісеевіча Прыстаўкі, з якім пражыла 18 гадоў і які пабудаваў хату, дзе яна цяпер са сваёй мамай. Але ж любы будынак, нават самы прыгожы, калі яго як след не даглядаць, згубіць свой выгляд. І Аліна Іосіфаўна даглядае не абы-як. Пафарбавана, паклеена, усюды кветкі. Нават на падаконніку трысцена – чатыры віды глаксініі.
– Я кветкі люблю з дзяцінства, – расказвае жанчына, разгаварыўшыся. – Бывала, папрашу ў мамы кавалачак зямлі ды капаю, саджу, даглядаю.
Гэта было ў Докшыцкім раёне. А значна пазней Аліна Іосіфаўна трапіла ў наш. Пакінула часова кватэру, прыехала на пяць гадоў у калгас “Прагрэс” па дагаворы працаваць даяркай, ды тут і засталася – так распарадзіўся лёс. А ён у жанчыны быў складаны, пераменлівы. Ёсць перажыванні і цяпер, гэта жыццё. Але падфарбоўваюцца дні прыемнымі клопатамі, упрыгожваннем дома і двара, тымі ж кветкамі, без якіх яна сябе не ўяўляе. Расказвае, што любіць вяргіні, хоць і клопатна іх даглядаць: трэба выкопваць, насіць у падвал, вясной высаджваць. Ды і цюльпаны, хрызантэмы патрабуюць догляду, кожную восень неабходна ўкрываць. Аліна Іосіфаўна выкарыстоўвае пры гэтым сухое лісце, торф. Вясной сее расаду астры, сухацвету. Некаторыя сарты кветак жанчына выпісвае з Мінска. У асноўным яны прыгожыя, радуюць вока, толькі вось матрыкарый не апраўдаў чакання: не такі, як на малюнку, расказвае яна з усмешкай.
За кветкавымі насаджэннямі – градкі. Тут таксама парадак. Падрыхтоўка да пасадак пачынаецца звычайна з ранняй вясны, перш за ўсё з парніка. Праўда, сёлета жанчына паспрабавала пасадзіць памідоры, і не дарэмна, у адкрыты грунт. Лета сонечнае, нават спякотнае, затое і ўраджай цудоўны. Асабліва радуюць жоўтыя плады сорту ромус. Вельмі сакавітыя, салодкія.
Пацвярджэннем умелых рук гаспадыні служаць вязаныя рэчы, нямала іх жанчына падарыла сваім тром дочкам. Нядаўна адна з іх, што жыве ў Мінску, выказала маці ўдзячнасць за прыгожую туніку – маўляў, усе азіраюцца, калі іду… На стале ў Аліны Іосіфаўны ляжаць арыгінальныя падстаўкі пад гарачае. Яшчэ ў дзяцінстве яна стала вучыцца вязанню на прутках. Рукадзельніцай была яе старэйшая сяброўка, вось і падзялілася майстэрствам.
Што і казаць, цяга да прыгожага робіць жыццё рознакаляровым.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: А.І.Кадашнікава ў сваім двары.